За надгляд сваёй карэспандэнцыі беларусы цяпер будуць вінныя паштарам 2130 рублёў зь ліста.
Я ўжо прызвычаілася да таго, што лісты, якія прыходзяць з‑за мяжы, рапакаваныя для дагляду, а пасьля заклееныя скотчам. Мусіць жа нехта даставаць з капэртаў лішнія літры алькагольнай прадукцыі і браць на сябе вірусы сыбірскай язвы, якія мне дасылаюць сябры. Але той факт, што за чужое задавальненьне дагледзець маю карэспандэнцыю я ж і вінная пошце 2130 рублёў, — гэта нешта навюткае.
Як патлумачылі «Беларускім навінам» у РУП «Белпошта», згодна з Мытным кодэксам паштары мусяць ад імя атрымальніка перадаць усе міжнародныя паштовыя адпраўленьні — лісты, якія маюць таварныя ўкладаньні, і бандэролі — для надгляду.
Надгляд беларуская мытня робіць з дапамогай тэхнічных сродкаў, то бо рэнтгенаўскага апарата, альбо рукамі: па просьбе мытнага інспэктара і ў ягонай прысутнасьці два працаўнікі пошты ўскрываюць адпраўленьні й заклейваюць іх назад. А з жніўня 2007 году выдаткі пошты па аказаньні такога кшталту паслуг сплачвае адрасат. За надгляд сваёй карэспандэнцыі беларусы вінныя паштарам 2130 рублёў зь ліста.
Спаганяючы плату, пошта спасылаецца на тое, што ў студзені 2007 году ў Беларусі ўступіла ў сілу Сусьветная паштовая канвэнцыя. Разьдзел 4 гэтай канвэнцыі сапраўды дазваляе паштовай адміністрацыі краіны адпраўкі й краіны прызначэньня перадаваць на мытны надгляд адпраўленьні пісьмовай карэспандэнцыі. Агаворваецца таксама магчымасьць спаганяць гэты тарыф з адпраўнікоў ці з адрасатаў паштовых адпраўленьняў.
Вынікае, што з спасылкай на міжнародныя дакумэнты нас можна забавязаць плаціць за чужыя задавальненьні. Яшчэ пару міжнародных канвэнцый і беларусы будуць плаціць за ўсё. Ваш ліст ускрывалі? Прайдзіце ў касу, калі ласка. Ваша валіза агледжаная? Будзьце ласкавыя аплаціць рахунак за электрычнасьць, выдаткаваную на рэнтген. Ахова правяла асабісты дагляд і вас папрасілі апрануцца-распрануцца? Гэта таксама зусім ня дорага, гэтая паслуга нашая любімая.
Бадай, у гэтым выпадку нават Сусьветная паштовая арганізацыя ня будзе разглядаць скаргі незадаволеных беларусаў. Застаецца спадзявацца на эканамічны цуд, які дапаможа дзяржаўным прадпрыемствам аказваць паслугі дзяржаўным камітэтам без матэрыяльнай падтрымкі з боку насельніцтва. А пакуль пішыце адно адному электронныя лісты.
-
«Народ памірае, і бальніц не трэба. Галоўнае прэзідэнцкая і дэпутацкая!!!». Што людзі пішуць пра закрыццё рэабілітацыйнага цэнтра на Гомельшчыне
-
«І зноў кульгавы дыябетык з пастаяннай задышкай выжыльваецца ды пнецца паказаць, што ён не толькі гігант думкі»
-
Тактыка «мір праз сілу» — прывілея вялікіх дзяржаў. Што паказвае гісторыя з шарамі на беларуска-літоўскай мяжы
Каментары