Колькасць загінулых у выніку крушэння грузавога самалёта MD-11 кампаніі UPS у амерыканскім штаце Кентукі павялічылася да сямі чалавек, у тым ліку тры члены экіпажа. Самалёт разбіўся адразу пасля ўзлёту.

Паводле інфармацыі Reuters, адно з ключавых пытанняў для следчых — чаму адзін з рухавікоў, імаверна, адарваўся ад самалёта непасрэдна перад падзеннем. Пра гэта сведчаць відэазапісы абломкаў на лётным полі.
Сам самалёт, выпушчаны 34 гады таму, загарэўся адразу пасля ўзлёту. Тэлеканал WLKY паказаў відэазапіс, на якім відаць, як самалёт узлятае з палаючым крылом, а пры ўдары аб зямлю ўтвараецца велізарны вогненны шар. Абломкі самалёта аказаліся раскіданыя па двух узлётна-пасадачных палосах. Паводле слоў губернатара, некалькі чалавек на зямлі атрымалі сур'ёзныя траўмы.
Згодна са звесткамі Федэральнага ўпраўлення грамадзянскай авіяцыі, борт, што разбіўся, быў выпушчаны 34 гады таму. Ён пацярпеў крушэнне каля 17:15 па мясцовым часе.
Самалёт павінен быў здзейсніць рэйс на Гаваі. Для 8,5‑гадзіннага палёту да Ганалулу ён быў запраўлены каля 150 тысяч літраў.
У аэрапорце Луісвіля месціцца UPS Worldport — глабальны хаб для грузавых авіяперавозак кампаніі і яе найбуйнейшы ў свеце цэнтр апрацоўкі пасылак.
Пілот і эксперт па бяспецы палётаў Джон Кокс лічыць, што следчым трэба высветліць, чаму самалёт з трыма рухавікамі не здолеў узляцець, нягледзячы на пажар аднаго з іх.
«Гэта занадта вялікі пажар для звычайнага, тыповага пажару рухавіка, — заявіў эксперт. — Ён занадта вялікі».
Крушэнне спрычынілася да серыі пажараў у прамысловай зоне каля аэрапорта, дзе было ахоплена агнём некалькі будынкаў за ўзлётна-пасадачнай паласой.
Цяпер чытаюць
Сумленне, каханне, колы пекла і галівудскі фінал. У сям’і будаўніка і бібліятэкаркі з Пружанскага раёна Ігара і Юліі Лаптановічаў арыштавалі спачатку яго, пасля — яе, а пасля і бабулю
Каментары