Аднаго з пацярпелых падчас выбуху на «Беларуськаліі» перавялі з рэанімацыі ў аддзяленне
Аднаго з чатырох рабочых, якія пацярпелі падчас выбуху на «Беларуськаліі» 31 кастрычніка, перавялі з рэанімацыі ў апёкавае аддзяленне — яго стан палепшыўся. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя Беларусі.

Трое іншых пацярпелых застаюцца ў стабільна цяжкім стане. Двое з іх усё яшчэ падключаныя да апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх праз цяжкія інгаляцыйныя траўмы. Дваім рыхтуюць аперацыі — ім зробяць хірургічную апрацоўку ран і выдаленне пашкоджаных тканак.
Пацыенты атрымліваюць усю неабходную медыцынскую дапамогу ў Рэспубліканскім апёкавым цэнтры БХМП у Мінску. За іх лячэннем сочаць спецыялісты Мінздароўя, сталічнага камітэта аховы здароўя і выкладчыкі медуніверсітэта, якія разам вызначаюць далейшую тактыку лячэння.
31 кастрычніка на «Беларуськаліі» ў Салігорску адбыўся выбух — на адкрытай пляцоўцы ў цэху мембраннага электролізу выбухнула пустая ёмістасць з-пад салянай кіслаты, што пашкодзіла суседні рэзервуар. У выніку пацярпелі чатыры чалавекі. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу.
Каментары