Супрацоўнікамі Першамайскага РУУС Мінска адшукваецца малады чалавек, які ўчыніў серыю крадзяжоў з крамаў горада.
Малады чалавек, зайшоўшы ў адну з крамаў у Першамайскім раёне сталіцы, прадставіўся адміністрацыі як мерчандайзер.
Ён адказваў на ўсе пытанні так упэўнена і дакладна, што нават не ўзнікла сумненняў ў праўдападобнасці яго слоў.
Пасля гутаркі ён узяў каляску з чыпсамі і, каб адцягнуць ад сябе ўвагу, пачаў выкладку тавару на паліцы. Далей, як толькі ўзнікла магчымасць, ілжэмерчандайзер пракраўся ў службовае памяшканне, дзе пераапраналіся супрацоўнікі крамы, і пачаў шукаць у іх рэчах каштоўнасці. Праўда, адзінай здабычай зламысніка стала пара мужчынскага зімовага абутку (практычна новая) — больш нічога каштоўнага там не было.
Камеры відэаназірання зафіксавалі злодзея. Прычым, як высветлілася, гэта не першы яго крадзеж — такія выпадкі былі адзначаны і на іншых гандлёвых аб'ектах горада.
Каментары