Сустракаючыся сёння з удзельнікамі IV Еўрапейскага праваслаўна-каталіцкага форуму «Рэлігія і культурная разнастайнасць: выклікі хрысціянскім цэрквам у Еўропе», які напярэдадні адкрыўся ў Мінску, Аляксандр Лукашэнка выказаў занепакоенасць маральнай дэфармацыяй грамадства.
Глабалізацыя свету, паводле яго слоў, мае як станоўчыя, так і негатыўныя наступствы. «У многіх краінах Захаду адзначаецца маральная дэградацыя грамадства, адмова ад хрысціянскіх прынцыпаў маралі, разбурэнне сямейных устояў. Культ спажывальніцтва і пагоня за задавальненнямі становяцца рэальнымі пагрозамі духоўнага выраджэння людзей і ўшчэрбнай трансфармацыі дзяржаў».
«Пабудова новага светапарадку на такіх прынцыпах бязлітасна адсякае гісторыка-культурныя адрозненні народаў, іх бясцэнны, стагоддзямі напрацаваны вопыт у пабудове сям'і і дзяржавы, у асновах рацыянальнага жыццёвага ўкладу і ўзаемадзеяння з прыродай і грамадствам», — заявіў Лукашэнка.
«На жаль, маральныя дэфармацыі, якія прагрэсіруюць небывалымі тэмпамі, не маглі не закрануць і нашых людзей, — дадаў ён.
— Перад беларускім грамадствам стаяць такія ж сур'ёзныя задачы, як і перад любой еўрапейскай краінай: нам неабходна ўмацаванне маралі і высокай духоўнасці. Нас непакоіць распаўсюджванне п'янства і наркаманіі, праблема сацыяльнага сіроцтва і іншыя непрыглядныя з'явы сучаснасці».
Прыйшоў час успомніць, што менавіта хрысціянскі светапогляд з'яўляецца галоўным культураўтваральным фактарам, які фарміраваў саму еўрапейскую цывілізацыю, лічыць Лукашэнка.
Паводле яго слоў, сёння ніводзін народ, ніводная канфесія не могуць жыць, замкнуўшыся ў сабе, вырашэнне многіх жыццёва важных пытанняў немагчыма без актыўнага ўдзелу праваслаўных і католікаў. «І тое, што праваслаўная і каталіцкая цэрквы Еўропы імкнуцца сумеснымі намаганнямі арганізаваць пошук новых форм міжхрысціянскай салідарнасці, — гэта вельмі важна і абнадзейвае», — сказаў беларускі кіраўнік.
Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь застанецца прыхільнай да міжрэлігійнага міру і нацыянальнага спакою, а таксама запэўніў удзельнікаў форуму ў тым, што ў іх ніколі ў гэтым плане не будзе прэтэнзій да беларускага народа і беларускай дзяржавы.
«Мы заўсёды будзем надзейнымі суседзямі, партнёрам і сябрамі для ўсіх людзей, якую б рэлігію яны не спавядалі, які б шлях да храма яны ні выбіралі», — заявіў ён.
У форуме «Рэлігія і культурная разнастайнасць: выклікі хрысціянскім цэрквам у Еўропе» ўдзельнічаюць прадстаўнікі больш чым 20 краін. Такая маштабная сустрэча вядомых багасловаў, рэлігіязнаўцаў і філосафаў праводзіцца ў Беларусі ўпершыню.
Каментары