Меркаванні66

На ўсходнім фронце безь перамен

Імпэрскія памкненьні Масквы нікуды не падзеліся.

Гэтымі днямі Беларусь наведвае Ўладзімер Пуцін. Падзеі напярэдадні візыту засьведчылі, наколькі вострым для нашай краіны застаецца пытаньне незалежнасьці.

Усе дзевяностыя гады мінулага стагодзьдзя мы пражылі ў трывожным чаканьні. Ледзь ня зь першага дня атрыманьня незалежнасьці ўлады РБ імкнуліся вярнуцца пад крысо «старэйшага брата». Спачатку ўрад на чале зь Вячаславам Кебічам зьбіраўся зноў «з братняю Русьсю разам шукаць да шчасьця дарог». Потым Аляксандар Лукашэнка заняўся стварэньнем так званай «саюзнай дзяржавы». У яго ўжо былі іншыя матывы: малады кіраўнік Беларусі зьбіраўся атабарыцца ў Крамлі, перахапіўшы ўладу з рук Барыса Ельцына.

Аднак пасьля таго, як прэзыдэнтам Расеі стаў Уладзімер Пуцін, інтэграцыйныя памкненьні Аляксандра Лукашэнкі відавочна суцішыліся. Больш за тое, баронячы сваю ўладу, ён міжволі спрыяў умацаваньню сувэрэнітэту краіны.

Паступова прыхільнікі беларускай незалежнасьці супакоіліся, бо вырашылі, што ёй ужо нічога не пагражае. Маўляў, Лукашэнка цяпер сам ніколі ня пойдзе на аб’яднаньне з Расеяй. Некаторыя прадстаўнікі БНФ дагаварыліся да таго, што цяперашні беларускі кіраўнік фактычна выконвае праграму Фронту…

Чаго вартыя гэтыя развагі, чарговы раз засьведчылі падзеі мінулага тыдня. У пятніцу раптам зьявіліся весткі, што дзеля захаваньня ўлады Ўладзімера Пуціна рэанімаваны праект «саюзнай дзяржавы». Паведамлялася, што падчас візыту прэзыдэнта Расеі ў Менск, які заплянаваны на 13‑14 сьнежня, будзе тэрмінова падпісаны Канстытуцыйны акт. А потым Пуцін робіцца прэзыдэнтам «саюзнай дзяржавы» і, такім чынам, вырашае праблему «трэцяга тэрміну».

Гэтыя паведамленьні неўзабаве былі абвергнутыя і Крамлём, і афіцыйным Менскам. Аднак сама сытуацыя яскрава засьведчыла, наколькі хісткай застаецца наша незалежнасьць.

Ці маглі б вы ўявіць сабе, што сур’ёзныя СМІ кшталту агенцтва Асашыэйтэд Прэс распаўсюдзяць навіну, быццам Расея зьбіраецца аб’яднацца, прыкладам, з Украінай? Ці з Армэніяй? Ці з Туркмэніяй? Ня кажучы пра Грузію.

З намі па‑ранейшаму можна рабіць тое, што немагчыма ў ніводнай іншай краіне сьвету.

З таго, хто даслаў бы такое паведамленьне са спасылкай на неафіцыйныя крыніцы ва ўрадзе любой з гэтых краінаў, проста пасьмяяліся б. А ў выпадку з РБ гэта ўспрынялі ўсур’ёз. Прынамсі, адназначным вар’яцтвам такі сцэнар прэсе не падаўся. Крыніцы ў беларускай уладзе ці то паверылі, ці то не, але вырашылі: можа быць.

З намі па‑ранейшаму можна рабіць тое, што немагчыма ў ніводнай іншай краіне сьвету. Бо падмуркі дзяржаўнага сувэрэнітэту застаюцца даволі хісткімі.

Фактычна, мы па‑ранейшаму ў вялікай ступені залежым ад пазыцыі аднаго чалавека. Добра, што сёньня ён ня схільны да аб’яднаньня. Але хто гарантуе, што заўтра Крэмль ня схіліць яго — пернікам ці пугай — да стварэньня адзінай дзяржавы насамрэч?

Сьцьвярджаючы, быццам у беларускім грамадзтве дасягнуты кансэнсус у пытаньні незалежнасьці, некаторыя нашы айчынныя аналітыкі ня маняць. Аднак наша грамадзкая думка — рэч вельмі зьменлівая. І калі заўтра будзе абвешчана, што, нарэшце, «сбылись многовековые чаяния народа», і Беларусь у тым ці іншым фармаце аб’ядноўваецца з Расеяй, згаданы вышэй кансэнсус будзе ўмомант разбураны. Бо значная частка нашага насельніцтва прыме і гэта — так, як сёньня прымае незалежнасьць.

Наогул, маючы такога суседа, як Расея, варта не расслабляцца. Бо імпэрскія памкненьні Масквы нікуды не падзеліся. Як толькі цэны на энэрганосьбіты скокнулі ўгору, і Расея трохі ачуняла ад накдаўну дзевяностых (пачала ўставаць з каленяў), паводзіны Крамля на міжнароднай арэне зноў зрабіліся агрэсіўнымі. Расійская эліта зноў прэтэндуе на тое, каб адыгрываць вядучую ролю ў сусьветнай палітыцы. Першы крок на гэтым шляху — гэта аднаўленьне свайго дамінаваньня ў краінах былога СССР.

Шчупальцы Крамля цягнуцца і да Ўкраіны, і да Грузіі, і нават да краінаў Балтыі, якія ўжо ўвайшлі ў склад Эўразьвязу. Цяпер у Літве распачынаецца скандал, зьвязаны зь фінансаваньнем, якое атрымлівалі з Масквы Партыя працы і яе лідэр Віктар Успаскіх.

Тым больш было б наіўным лічыць, што Расея пагадзілася зь незалежнасьцю Беларусі. Крэмль па‑ранейшаму ўспрымае наш сувэрэнітэт як справу часовую і недарэчную. Таму галоўныя пагрозы для нас яшчэ доўга будуць сыходзіць з усходняга фронту.

Валеры Філін, «Свабода». Беларуская газэта

Каментары6

Цяпер чытаюць

У рэстаране «Мак.бай» на загад Лукашэнкі перайменавалі амерыкана. Як назвалі?27

У рэстаране «Мак.бай» на загад Лукашэнкі перайменавалі амерыкана. Як назвалі?

Усе навіны →
Усе навіны

У бязлюднай зоне адчужэння на Гомельшчыне пачалі будаваць некалькі вышак сувязі4

Слуцкія даішнікі ўпершыню выехалі на патруляванне на матацыклах3

ААЭ гатовыя дапамагаць ЗША сілай адкрыць Армузскі праліў3

На Гомельшчыне ўжо пачалі адключаць ацяпленне — першымі ў краіне

У Мінску пасля рэканструкцыі адкрыўся спарткомплекс «Дынама». Кніжнага кірмаша там больш не будзе ФОТЫ1

Інфармацыя пра справаздачы Крамлю яшчэ больш зменшыла перадвыбарчыя рэйтынгі партыі Орбана5

«Я заўсёды ведаў, што яны папяровы тыгр». Трамп заявіў, што разглядае магчымасць выхаду з НАТА12

«Усе гундзелі, бурчэлі». Лукашэнка расказаў, што ў войску былі незадаволеныя, што навучаць іх запрасілі вагнераўцаў8

МЗС Беларусі «пакуль не бачыць гатоўнасці літоўскага боку да сур'ёзнай размовы»

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У рэстаране «Мак.бай» на загад Лукашэнкі перайменавалі амерыкана. Як назвалі?27

У рэстаране «Мак.бай» на загад Лукашэнкі перайменавалі амерыкана. Як назвалі?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць