Літаратура99

Вінцэсь Мудроў. У святле бліскавіц. Апавяданне

Накупаўшыся дасхочу, Юрэк любіць ляжаць на беразе Вяллі і ўдыхаць саладжавы травяны водар. Пах апаноўвае свядомасць, кружыць голаў, блытае думкі. Застаецца толькі прыплюшчыць веі ды заснуць, але тут які-небудзь казытлівы мураш пачынае паўзці між лапатак…

Вось ён ізноў падняўся, пачухаў лагчынку на спіне. Вялля, як тое люстра, адбівае ў сабе кусты і высокае неба. Рака наогул выглядала б нерухомай, калі б не бутэлька з-пад кока-колы, што павольна плыла па люстраной роўнядзі.

Звычайна пустыя поліэтыленавыя бутэлькі плывуць бокам, а гэтая стоймя, вытыркнуўшы з вады чырвоны корак. Можа, яна поўная? Хтосьці ўзяў на рэчку, паклаў у ваду ля берага, каб не грэлася на сонцы, а плынь падхапіла… Някепска б было глынуць халоднай колы.

Юрэк крэхча, падхопліваецца на ногі, кідаецца з разгону ў ваду. Некалькі добрых грабкоў — і ён ужо на сярэдзіне ракі. Але ж дарма мітусіўся: колы ў бутэльцы няма. Але яна даволі цяжкая, і ў яе, падобна, штосьці паклалі.

Пакуль чабохтаўся ў вадзе, выглядаючы, што там ляжыць на донцы, пакуль плыў, заграбаючы адной рукой, цячэнне аднесла яго ад пясчанага берага, і давялося прадзірацца скрозь зарасці жыгучай крапівы.

Увесь апечаны — нават носу дасталася, — Юрэк падбег на цырлах да старога месца, дзе ляжала адзежа, і агледзеў бутэльчыну. На дне быў пластылін, ці яшчэ якая халера, а ў сярэдзіне, падобна, ляжала скручаная ў трубку паперчына. А можа, там грошы? Ці якія наркотыкі? Ходзяць чуткі, што з таго боку мяжы пускаюць па вадзе кантрабандныя цыгарэты ў поліэтыленавых торбах, а на гэтым баку пераймаюць. Праўда, дзед кажа, што гэта лухта, бо памежнікі асвятляюць раку пражэктарамі, а можа, і сетку ўпоперак ракі нацягнулі, каб лавіць кантрабанду. Бутэлька цёмная, вызначыць дакладна, што там ляжыць, немагчыма. Паспрабаваў адкаркаваць — спачатку рукамі, а потым зубамі, — корак не паддаўся. Быў заліты нейкім клеем: каб вада не трапіла. Тут патрэбны быў нож, і Юрэк, азірнуўшыся, спехам нацягнуў саколку і порткі.

 

Дзед Базыль сядзеў на лаўцы каля хаты і прывязваў гачкі да лёскі. Рыхтаваўся да вечаровай рыбалкі. Прывязаўшы чарговы гачок, дзед адкусіў канцы лёскі мініяцюрнымі абцужкамі, падняў галаву і са здзіўленнем убачыў унука, які шыбаваў да хаты, трымаючы ў руках пластыкавую пляшку. Звычайна Юрэк адразу ж пасля сняданку выпраўляўся на рэчку і вяртаўся блізу абеду. Сёння ж не паспеў выйсці з хаты — і ўжо бег назад.

— Што здарылася? — крыкнуў дзед Базыль, але ўнук не адказаў і, падляцеўшы, выхапіў з ягоных рук абцужкі.

Потым дзед з лёгкай трывогай назіраў, як унук, задыхана сапучы, прабівае абцужкамі бутэльку і рэжа цвёрды поліэтылен каля корка. Нарэшце аберуч трасе бутэльку, і з яе выпадае скручаная ў трубку паперчына. Юрэк са скрухаю пераводзіць дых. Чакаў, відаць, што з бутэлькі выпадзе штосьці больш цікавае і каштоўнае.

— Па рацэ плыла, — паведамляе Юрэк, разгортвае паперку і, мрукнуўшы: — Па-расейску напісана, — бязгучна мыліць вуснамі.

— Ну ты ж прачытай, што там, — азываецца дзед.

— Ды тут нейкі бульбаш ліст піша, немаведама каму, — крывіцца ўнук і, набраўшы паветра ў лёгкія, панылым голасам чытае: «Мяне завуць Максім. Я вучуся ў восьмым класе… — як і я, — заўважае Юрэк, і працягвае: — У мяне ёсць мара — убачыць марскую далячынь. Таму і кідаю гэтую бутэльку ў Вяллю, у спадзеўцы, што даплыве да Балтыйскага мора і маракі падымуць яе на борт свайго цеплахода…» — Ага, больш маракам няма чаго рабіць, — хмыкае Юрэк, з вясёлым дакорам хітнуўшы галавой. — «Я зірнуў на мапу. Ад нашай вёскі да мора дзесьці 730 кіламетраў. Так што, хутчэй за ўсё, да Балтыкі мой ліст не даплыве. І калі хто раптам выцягне бутэльку з ракі, просьба паведаміць — дзе гэта надарылася. Цікава ж даведацца, ці далёка яна заплыла».

— Ну гэта можна, — мармыча Юрэк, — вярнуся дахаты, напішу гэтаму Максіму: «Вылавіў бутэльку ў Вяллі насупраць хутара Ужупіс Няменчынскага староства. І як вылазіў з ракі ад пятак да носу абстрыкаўся крапівою».

— Ты глядзі, аж з Беларусі прыплыла, — дзед Базыль патузаў прывязаны да лёскі гачок. — Бутэлькі далёка не заплываюць. Іх звычайна на рачных выгінах да берага прыбівае. А якраз на мяжы Вялля ого-го якія лукавіны закладвае. А дзе бутэльку ўкінулі?

— Напісалі. Вёска Жодзішкі Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці.

— Жодзішкі? — знянацку пажвавеў дзед Базыль. — А ну дай зірнуць.

Перахапіўшы аркушык, ён наставіў на яго падслепаватыя вочы і, уздыхнуўшы, прамовіў:

— Акуляры трэба.

Юрэк яшчэ крыху пакруціўся ў двары, выпіў хатняга квасу са збана і зноў выправіўся на рэчку. І дзед Базыль крыкнуў яму ўслед:

— Ты ўсё ж напішы гэтаму хлопцу!

Стары падхапіў паперку, пайшоў у хату па акуляры. Некалькі разоў запар перачытаў тэкст і доўга паціраў грудзіну — тое месца, дзе парывіста тахкала сэрца.

Неба пад вечар зацягнула нізкімі хмарамі, стала душна, і за даляглядам, у тым баку, дзе Вільня, раскаціста грымнула. Перад навальніцай дзеду заўсёды нядужылася: шчымела сэрца і кружылася галава. Таму ён не пайшоў ставіць донкі, а адразу ж пасля тэлевізійных навін з вохканнем палез на вышкі. Там, на мяккай сяголетняй канюшыне, яны з унукам спалі.

Спачатку нібыта панурыўся ў сон. Нават не ў сон, а ў нейкую хваравітую замарач, калі нібыта спіш, але чуеш кожны зык, нават мышыны піск на другім канцы адрыны. І прымроілася спачатку высокая ліпа, што расла каля іхнай хаты, а потым змучаны бацькавы твар. Чырвоны, як пасля лазні, з прыліплай да лобу пасмай спалавелых валасоў. Ён ніколі дагэтуль не бачыў бацьку такім страшным, а таму ўжо збіраўся расплакацца, ды маці тыцнула ў рукі цяжкі ўслон: «Нясі, Васілёк, бо мусім да цямноцця сабрацца». Іхны конь Лазунок, дарэшты знясілены, валок звязаныя бярвёны, якія пакідалі на зямлі хвалістыя барозны. Схапіўшы ўслон за ножку, ён валок яго па тых барознах, сюд-туд падаючы і размазваючы па твары гарачыя слёзы. Нарэшце Лазунок, гучна пырхнуўшы, спыніўся, і бацька хвастануў каня пугай. Конь узняў пысу, зірнуў на яго, малога, перапужаным чырвоным вокам. Нібыта прасіў абароны. Ласкавы шэры конік, які вазіў яго на сваім карку, а потым з удзячнасцю браў трапяткімі губамі з далоні акраец чэрствага хлеба. «Не бі Лазунка!» — крычыць ён бацьку і чуе бразгат дзверцаў. У квадраце зырка асветленага вакна ўзнікае і зноў зліваецца з цемрай Юркава галава.

— Гэта ты, Юрэк? — дзед Базыль падымае голаў. — Ведаеш што… забяжы ў хату. Там на паліцы, у кухні, пляшачка стаіць. Накрапай мне дваццаць кропель. І вады падлі.

Унук вярнуўся надта хутка, са шклянкай у руках.

— Зараз дождж пачнецца, адразу лягчэй стане. Відаць, ціск падскочыў, — выдыхае дзед, прыклаўшыся да шклянкі, што бліснула фіялетавым святлом. Маланкі жахалі адна за адной.

Юрэк расправіў у сваім куце прасціну, лёг, але тут жа прыўзняўся на локці.

— Дзеду…

— Ну.

— А ты ж, здаецца, жыў у тых Жодзішках у дзяцінстве.

Дзед хвіліну, а можа і больш, маўчаў, нарэшце азваўся:

— Жыў… толькі не ў саміх Жодзішках, а непадалёк, на хутары. Прыгожая была мясціна. Хата на беразе Вяллі стаяла, а поруч старая ліпа з буслянкай. Бацька пасеку трымаў, дык улетку ліпа аж гула ад пчолаў…

— А чаму ж вы адтуль з’ехалі, калі там было так добра?

Дзед ізноў адказаў не адразу.

— Самохаць мы б адтуль ніколі не з’ехалі. Ды абставіны прымусілі, — дзед Базыль зморана ўздыхнуў. — Аднойчы, дасвеццем, да нас нейкі чалавек завітаў на ровары, штосьці сказаў бацьку і тут жа з’ехаў. Бацька вярнуўся спалатнелы, прыхапіў з-пад лаўкі сякеру і на хату палез — дах разбіраць.

— А што той чалавек паведаміў? — унук пачухаў апечаныя крапівой галёнкі, якія цяпер страшэнна свярбелі.

— Сказаў, што нас у спісы ўнеслі. На адсяленне. Вось бацька і ўзяўся раскідваць хату.

— А куды адсяляць збіраліся? — запытаўся ўнук пад гучны выбух грому.

— Як куды… у Сібір, ці ў Казахстан, ці яшчэ якое задуппе.

Гэтым разам грымнула, падобна, над самай адрынай. Юрэк нават прыхаваўся пад коўдру, але потым грымнула цішэй, і ён ізноў падаў голас:

— А навошта было хату раскідваць?

— Вырашылі на новае месца перабірацца. Вось твой прадзед за два дні яе і раскідаў.

— І што — адзін?

— Матчын брат дапамагаў, дзядзька Міхал. Удвух і раскідалі, ды бярвенне да берага падцягнулі. Мне тады толькі шэсць гадоў стукнула, але таксама дапамагаў дарослым. Конік у нас быў, нядошлы. Добрага каня Саветы забралі, а гэтага, дзякаваць богу, пакінулі. Цягне бярвенне да ракі і з капытоў валіцца. Потым бацька з ім на беразе развітаўся, папрасіў прабачэння, што хвастануў пугай, — дзед са здзіўленнем пачуў у сваім голасе па-старэчы слязлівыя ноткі.

— А што, каня з сабой не ўзялі?

— Куды ж яго возьмеш? Дзядзьку Міхалу пакінулі. А таго на наступным тыдні ў Краснаярскі край звезлі, разам з сям’ёй. Жонка ў 56-м годзе вярнулася, а дзядзька недзе там, на Енісеі, і сканаў.

— Ну дык… хату да вады падцягнулі, а далей што? На баржу пагрузілі?

— Ды якая там баржа. Плыт звязалі, на яго гнілыя дошкі з вокнамі паклалі, у мех колькі курэй запіхнулі — і па Вяллі паплылі. Плылі ўночы, а ўдзень бацька плыт да прырэчных кустоў прывязваў ды спаў, як сноп. А на чацверты дзень зусім змардаваўся, кінуў прыс, якім ад берага адпіхваўся, нас і прыбіла да пясчанай водмелі. Да той самай, дзе ты купаешся. Маці пайшла ў суседнюю вёску, вярнулася і кажа: «Тут ужо Літва». Мы і абселі на гэтым беразе.

— А чаму вас хацелі выселіць? Прадзед што, забіў кагосьці? — Вочы ўнукавы ўражана бліснулі ў святле фіялетавай маланкі.

— Куды там забіў. Проста не спадабаўся савецкай уладзе, каб яна спрахла. Можа, у калгас не хацеў ісці, а можа, што на Сталіна сказаў, а можа, таму зганялі з котлішча, што быў беларусам.

— Якім беларусам? Мы ж палякі!

— Запісаны палякамі, але ж гаманілі па-простаму. Бацька мой наогул лічыў сябе беларусам. Казаў, як быў зусім малы, у Жодзішкаўскім касцёле новы ксёндз аб’явіўся. Прамаўляў казані на тутэйшай мове, дык народу ў касцёл набівалася як завязаць. Палякам гэта, вядома, не спадабалася, і кінулі небараку на нары. Звалі Вінцэнтам, а прозвішча, на жаль, забыўся. Бацька з тых часін і замілаваў усё беларускае. У Вільню ездзіў, газеты прывозіў. Вось яму бальшавікі гэта і прыгадалі.

— А палякі што, таксама, як і савецкая ўлада, ганялі беларусаў? — запытаўся ўнук з інтанацыяй недаверу.

— Ну не так ужо… Скажам, калі ты поркаешся ў зямлі ды маўчыш, цябе не чапаюць. А калі заявіш, што ты беларус ды пачнеш школ, ці яшчэ чаго, дамагацца, адразу ж у Лукішкі накіруюць. Ну а Саветы, тыя зусім былі, як цяпер кажуць, адмарозкамі. Таму сёння Беларусь ёсць, а беларусаў у ёй ужо няма.

Дзед замоўк, а ўнук, закінуўшы рукі за патыліцу, з непаразуменнем залыпаў вачыма: як гэта Беларусь ёсць, а беларусаў няма? Вунь, маці казала, праз іх калісьці ў краму не было як убіцца — у Вільню за каўбасой прыязджалі. І куды ж цяпер падзеліся? У іхным 8-м «А» беларусаў таксама нямашака. Палова палякамі запісаныя, а палова расейцамі. Не… трэба не ліста пісаць, а самому ў Жодзішкі выпраўляцца. І месца тое наведаць, дзе продкі жылі.

— Я там быў аднойчы, яшчэ за Саветамі, — прамовіў, нібыта чытаючы Юркавы думкі, дзед Базыль. — Ліпа стаіць, толькі без буслянкі. Студня толькі захавалася. Гнілая ўся… Пастаяў я там, шапку зняўшы, глынуў вады са студні ды назад на аўтобус…

Па шыферным даху буйным шротам ударылі градзіны. Ударылі знянацку, і ў дзеда Базыля спалохана сцялася сэрца. Ён паспрабаваў уздыхнуць, але дыханне перахапіла. Стары сцепануўся, ратуючыся ад удушша, паспрабаваў клікнуць унука, натужліва застагнаў, але той не пачуў. Цела абмякла, стала бязважкім. І падалося дзеду Базылю, што ён ляжыць на плыце, апусціўшы руку ў раку. Струмені пяшчотна казычуць пальцы, плот паволі плыве па Вяллі, і нехта кліча яго, шасцігадовага, дзіўным словам «дзед».

— Ух ты! — захоплена выдыхае Юрэк і наструньвае вуха. Ніколі ў жыцці ён не чуў такога шалёнага грукату. Так, глядзіш, градзіны і шыфер праб’юць.

Але ў тую ж хвіліну грукат аціхае і ператвараецца ў замарачны пошум дажджу.

«А чаму я раней не чуў гэтай гісторыі з плытом?» — няўцямна думае Юрэк. Дакладней, ён чуў, але ўрыўкамі, ды і не вельмі цікавыя яму былі тыя дзедавы прыгоды.

«Вярнуся дадому — падаб’ю бацьку ў Жодзішкі з’ездзіць. Тут жа недалёка, адно што візу трэба аформіць. І дзеда з сабой прыхопім».

— Чуеш, дзеду? У жніўні ў Жодзішкі злётаем.

— Дзед! — ізноў гукае ўнук, але дзед маўчыць — заснуў пад шорхат дажджу.

Унук закідвае рукі за патыліцу і шчасна пасміхаецца. Ціхая радасць напятай струной дзынькае пад сэрцам. Наперадзе яшчэ два месяцы вакацый. Два месяцы сонечных ранкаў, цёплых дажджоў, начных маланак, пунсовых палымніц, што адбіваюцца ў неспакойнай вадзе, і салодкіх сноў на духмянай канюшыне.

Каментары9

Цяпер чытаюць

Начальнік крымінальнага вышуку МУС бачыў прагулачны дворык СІЗА КДБ з акна свайго кабінета, а потым сам стаў вязнем6

Начальнік крымінальнага вышуку МУС бачыў прагулачны дворык СІЗА КДБ з акна свайго кабінета, а потым сам стаў вязнем

Усе навіны →
Усе навіны

Дачка беларускай баскетбалісткі трапіла на кулінарнае шоу ў Італіі

У Маскве загінулі двое паліцэйскіх: невядомы кінуў выбухоўку ў іх машыну1

Яраслаў Раманчук дае прагноз, калі скончыцца вайна. І расказвае, чым цяпер займаецца і як яго шакавалі заявы Бабарыкі12

Наёмніка што быў ва ўкраінскім палоне, вярнулі ў Расію, а затым асудзілі ў Беларусі не менш чым на 10 гадоў8

Эканоміка ЗША дэманструе самы высокі рост за апошнія два гады9

Пад Ружанскім палацам адкрыліся невядомыя раней сутарэнні — яны вытрымалі пажары і цяжкую будаўнічую тэхніку

Аперацыя па змяншэнні грудзей стала самай папулярнай сярод мужчын ЗША1

Памёр папулярны блогер па нерухомасці, які меў больш за 100 тысяч падпісчыкаў3

На фронце загінуў журналіст Ленты.ру, які даслужыўся да лейтэнанта і камандаваў узводам4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Начальнік крымінальнага вышуку МУС бачыў прагулачны дворык СІЗА КДБ з акна свайго кабінета, а потым сам стаў вязнем6

Начальнік крымінальнага вышуку МУС бачыў прагулачны дворык СІЗА КДБ з акна свайго кабінета, а потым сам стаў вязнем

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць