Нацыянальны банк Польшчы з 12 лютага ўвёў у абарот банкноты наміналам 200 злотых з ўдасканаленымі элементамі абароны. Раней НБП ўвёў новыя элементы абароны на банкнотах меншага наміналу.

Графічны дызайн банкноты наміналам 200 злотых не змяніўся, але дзякуючы ўжыванню новых, больш тэхналагічна прасунутых элементаў абароны розніца паміж новай і старой банкнотамі відавочная. Так, новым элементам з'яўляецца ахоўная нітка з аптычным кінетычным эфектам. Фрагменты ніткі плаўна змяняюць колер з залатога на зялёны, а размешчаны на ёй шахматны малюнак рухаецца ў двух плоскасцях, паведамляе прэс-служба Пасольства Польшчы ў Мінску.
На пярэднім баку банкноты размешчаны таксама дэкаратыўны графічны элемент, які плаўна змяняе колер з залатога на зялёны (т. зв. Каралеўскі сімвал), а на задняй — залаты пераліўны арнамент. Новым элементам з'яўляецца вадзяны знак: пры разглядзе на прасвет акрамя выявы караля відаць таксама абазначэнне наміналу. Змененыя таксама элементы, надрукаваныя з абодвух бакоў банкноты: выява кароны ў авале складваецца толькі пры разглядзе купюры на прасвет.

Левы бок банкноты, дзе знаходзіцца вадзяны знак, свабодны, дзякуючы чаму купюра здаецца больш светлай, а вадзяны знак лепш бачны.
З'явіліся таксама дадатковыя пазнакі для сляпых і са слабым зрокам. Гэта, перш за ўсё, 10 рэльефных рысак, размешчаных уздоўж кароткага краю банкноты. Такая ж тэхналогія выкарыстоўваецца ў новай серыі банкнот еўра. Яшчэ адзін спецыяльны элемент — геаметрычная фігура ў левым ніжнім куце (на банкноце наміналам 200 злотых гэта трохкутнік), якая складаецца з дробных выпуклых элементаў, добра ўспрымаецца навобмацак.
Новыя банкноты ўводзяцца замест пашкоджаных або старых. Старыя купюры застануцца сапраўднымі на неабмежаваны тэрмін.
Каментары