Прапановы аб даце Усебеларускага народнага сходу будуць пададзеныя Лукашэнку да 15 красавіка
Праект асноўных палажэнняў праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады павінен быць пададзены Аляксандру Лукашэнку да 15 красавіка, паведаміў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў 6 красавіка на пасяджэнні аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні 5-га Усебеларускага народнага сходу.
Кабякоў удакладніў, што да 15 красавіка на разгляд кіраўніка дзяржавы будуць унесеныя прапановы аб даце правядзення сходу.
Паведамляецца, што аргкамітэт мерапрыемства створаны распараджэннем Лукашэнкі ад 30 сакавіка. «Усебеларускі народны сход — гэта знакавае палітычнае мерапрыемства. Яно азначае не толькі завяршэнне пяцігадовага перыяду развіцця краіны, але і з улікам цяперашніх геапалітычных і эканамічных рэалій — пачатак новага этапу ў жыцці як нашага грамадства, так і дзяржавы ў цэлым», — упэўнены прэм'ер-міністр.
Паводле яго слоў, ствараюцца пяць рабочых груп па падрыхтоўцы і правядзенні сходу, якія «будуць весці арганізацыйную і ідэалагічную працу, рыхтаваць адпаведныя матэрыялы». Групу па аргпытаннях узначаліць першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Канстанцін Мартынецкі, групу па ідэалагічным забеспячэнні — намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Бузоўскі, групу па каардынацыі працы СМІ — віцэ-прэм'ер Наталля Качанава, групу па працы з дыпкорпусам, замежнымі гасцямі і прадстаўнікамі беларускіх дыяспар — першы намеснік кіраўніка МЗС Аляксандр Міхневіч, групу па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні мерапрыемства — першы намеснік кіраўніка спраў прэзідэнта Мікалай Селіванаў.
Нагадаем, менавіта на Усебеларускім народным сходзе традыцыйна прымаюць планы на новую «пяцігодку». Раней сход заўсёды праводзіўся незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў. Мінулы год стаў выключэннем: выбары адбыліся 11 кастрычніка, але сход так і не правялі. 15 кастрычніка 2015 года старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, выступаючы на сесіі верхняй палаты парламента, паведаміў, што дэлегатам народнага сходу будзе пададзеная праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады. Калі можа прайсці сход, Мясніковіч не ўдакладніў.
Міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі 2 сакавіка на сустрэчы з кіраўнікамі кампаніі «Гавары праўду» Таццянай Караткевіч і Андрэем Дзмітрыевым паведаміў, што народны сход плануецца правесці ў канцы мая — пачатку чэрвеня. Калі мерапрыемства будзе арганізаванае ў гэты перыяд, то яно пройдзе напярэдадні парламенцкіх выбараў, якія павінны адбыцца не пазней за 11 верасня.
У сваю чаргу Міхаіл Мясніковіч, які ўзначальвае працоўную групу па падрыхтоўцы праекта праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на найбліжэйшыя пяць гадоў, 4 красавіка раскрытыкаваў прапанаваны праект. Паводле яго слоў, «дакумент мае шмат агульных разваг, тады як неабходная канкрэтная пастаноўка задач і шляхоў іх вырашэння». Мясніковіч даручыў членам Савета Рэспублікі да 11 красавіка падаць свае заключэнні і прапановы па праекце.
Усебеларускі народны сход — агульны сход прадстаўнікоў урада і іншых галін улады, кіраўнікоў і працаўнікоў прадпрыемстваў, дзеячаў навукі і культуры. На сход вылучаюцца дэлегаты з усіх рэгіёнаў краіны. У яго межах ацэньваюцца дзеянні ўлады за мінулыя пяць гадоў і вызначаюцца асноўныя напрамкі і параметры развіцця дзяржавы, зацвярджаецца план эканамічнага і сацыяльнага развіцця краіны на будучы пяцігадовы тэрмін.
Каментары