Нацыянальнае ўпраўленне ЗША па аэранаўтыцы і даследаванні касмічнай прасторы (НАСА) заявіла пра намер запусціць зонд, які пагрузіцца ў атмасферу Сонца. Пра гэта паведамляюць інфармагенцтвы са спасылкай на сайт упраўлення.

Мэтай місіі, названай Solar Probe Plus, будзе збор даных аб сонечнай актыўнасці. Гэта, імаверна, дапаможа людзям прадказваць успышкі і магнітныя буры, якія ўзнікаюць на Зямлі.
Апарат, які «памацае» Сонца, будзе запушчаны ў жніўні 2018 года. На працягу сямі гадоў зонд будзе карэктаваць сваю траекторыю, выкарыстоўваючы для гэтага гравітацыйнае поле Венеры, побач з якой ён пройдзе сем разоў. Пасля гэтага ён наблізіцца да Сонца на мінімальную адлегласць — шэсць мільёнаў кіламетраў.
Зонд павінен будзе вытрымаць тэмпературу 1400 градусаў Цэльсія. Для гэтага інжынеры прадугледзелі цеплаахоўны экран таўшчынёй 11,5 см, зроблены з кампазітнага матэрыялу з вугляродным валакном. Акрамя таго, апарат будзе абсталяваны сістэмай цыркуляцыі вады для памяншэння ўздзеяння сонечнага выпраменьвання на прыборы.
У 1976 годзе зонд «Геліяс-2» прайшоў над сонечнай фотасферай на адлегласці 43 мільёна кіламетраў. Ён быў запушчаны ў рамках місіі, мэтай якой было даследаванне сонечнага ветру і касмічных прамянёў.
Каментары