Літаратура33

Кінуў універсітэт, жыў у бардэлі, сябраваў з Фідэлем — што вы не ведаеце пра Маркеса, чыя кніга выходзіць па-беларуску

На сайце ulej.by працягваецца краўдфандынгавая кампанія ў падтрымку выхаду беларускага перакладу рамана «Каханне падчас халеры» Габрыеля Гарсія Маркеса.

Хто ж гэты калумбійскі аўтар, чые кнігі чытаюць па ўсім свеце?

Кінуў універсітэт

Поўнае імя пісьменніка — Габрыель Хасэ дэ ла Канкордыя Гарсія Маркес (1927—2014), у Лацінскай Амерыцы ён вядомы таксама як Габо ці Габіта. Нарадзіўся ў Калумбіі. Першыя дзевяць гадоў гадаваўся ў бабулі і дзядулі па кудзелі. Бацька валодаў аптэкай у іншым горадзе, дзе і жыў з жонкай.

У 1956 годзе Габрыель паступіў у Нацыянальны ўніверсітэт у Багаце на юрыдычны факультэт. Але адвакацкая кар’ера яго не зацікавіла — кінуў вучобу. І пачаў пісаць для газет. Такая праца стала на шмат гадоў галоўнай.

Сябраваў і не толькі з прастытуткамі

У 13 гадоў бацька адправіў Габрыеля ў публічны дом занесці лекі для прастытутак. Усё скончылася тым, што адна з жанчын зацягнула хлопчыка ў ложак. «Мяне згвалцілі», — так успрымаў пісьменнік той выпадак. І ператварыўся ў сталага наведніка бардэляў. Праўда, не заўжды справы зводзіліся да любошчаў. У маладосці ён часта жыў у бардэлі, бо так было танней. І спісваў са сваіх суседак вобразы. Адна прастытутка нават перадрукоўвала яго апавяданні на машынцы.

Жонку знайшоў у школе

З будучай жонкай Мэрсэдэс пісьменнік пазнаёміўся, калі ёй было 13 (ён на пяць гадоў старэйшы). Маркес жартам прапанаваў з ёй ажаніцца. Тая пагадзілася, толькі з умовай, што мусіць спачатку скончыць школу. Яна вучылася і чакала абранніка. Нягледзячы на ўсе чуткі, часам зусім непрыстойныя, якія ёй пераказвалі пра каханага. Чакаць шлюбу давялося яшчэ 13 гадоў. У сакавіку 1958 Габрыель і Мэрсэдэс пабраліся. У сям’і нарадзіліся сыны Радрыга і Гансала.

500 тысяч асобнікаў

У пачатку 1965 года Гарсія Маркес пакінуў працу газетчыка і 18 месяцаў пісаў раман «Сто гадоў самоты». «Я заклаў машыну і аддаў грошы Мэрсэдэс. Кожны дзень яна так ці інакш здабывала мне паперу, цыгарэты, усё неабходнае для працы. Калі кніга была завершана, выявілася, што мы вінныя мясніку 5000 песа — вялізныя грошы. Па наваколлі хадзілі чуткі, што я пішу надта важную кнігу, і ўсе гандляры хацелі прыняць удзел. Каб паслаць тэкст выдаўцу, неабходна было 160 песа, а заставалася толькі 80. Тады я заклаў міксер і фен Мэрсэдэс. Калі яна даведалася пра гэта, то сказала: «Не хапала толькі, каб раман атрымаўся кепскім», — успамінаў Маркес. Раман выйшаў у 1967 годзе. Поспех быў неверагодны. За першыя тры гады наклад кнігі склаў паўмільёна асобнікаў. І працягваў расці.

Сам жа Маркес паўжартам казаў, што напісаў «Сто гадоў самоты» толькі дзеля таго, каб людзі прачыталі яго кнігу «Да палкоўніка ніхто не піша», якая выйшла раней і амаль не была заўважана чытачамі.

Наведваў СССР

Летам 1957 года Маркес першы раз наведаў СССР, дзе праходзіў Маскоўскі фестываль моладзі і студэнтаў. У той час ён працаваў карэспандэнтам у Парыжы. Запрашэння на фестываль ён не меў. Выпадкова прыладзіўся да землякоў з калумбійскага фальклорнага ансамбля. У выніку малады Маркес апісаў свае ўражанні ў эсэ «СССР: 22400000 кв. км. без аніводнай рэкламы кока-колы». Беларусі ў тэксце няма — ехаў ён на цягніку ў Маскву праз Украіну. У Савецкім Саюзе тэкст быў забаронены і да 1998 года захоўваўся ў так званым «спецхране».

Спачуваў левым

Маркес ніколі не хаваў сваіх левых поглядаў. За гэта яму была закрыта дарога ў ЗША на тры дзесяцігоддзі. І толькі Біл Клінтан, які назваў Маркесаву кнігу «Сто гадоў самоты» ўлюбёнай, зняў забарону. Падчас прэзідэнцтва Клінтана Гарсія Маркес неафіцыйна быў пасрэднікам пры перамовах паміж амерыканскім лідарам і сваім сябрам Фідэлем Кастра. А ў 2009 годзе ўрад Мексікі прызнаўся, што мексіканскія ўлады сачылі за пісьменнікам з 1967 па 1985. Падставай для гэтага сталі менавіта яго сувязі з камуністычнымі рэжымамі і іх лідарамі.

Падглядзеў сюжэт у газеце

Раман Маркеса «Каханне падчас халеры» грунтуецца на дзвюх гісторыях. Каханне маладых Фэрміны Даса і Фларэнтына Арысы спісана з бацькоў пісьменнікаў. Толькі з той розніцай, што бацькі ажаніліся. А каханне герояў у старасці Маркес паклаў на сюжэт газетнага артыкула. Амерыканцы, якім было амаль па 80, штогод таемна сустракаліся ў Акапулька (у кожнага была свая сям’я). І аднойчы, калі яны плавалі на лодцы падчас такога спаткання, іх забіў вясляр. Каханне раскрылася толькі праз гэтае забойства.

Амаль два дзесяцігоддзі аўтар не даваў дазвол на экранізацыю рамана. І толькі ў 2005 годзе пагадзіўся. У 2007 на экраны выйшла аднайменная стужка, у галоўных ролях ў якой зняліся Хаўер Бардэм, Бэнджамін Брат, Лора Харынг.

Хук ад нобелеўскага лаўрэата

Блізкім сябрам Маркеса ў 1960-1970-х быў іншы лацінаамерыканскі пісьменнік — ураджэнец Перу Марыа Варгас Льёса (атрымаў Нобелеўскую прэмію ў 2010). Але ў 1976 годзе падчас адной з публічных сустрэч Льёса на прывітанне Маркеса заехаў апошняму па твары (Льёса, між іншым, займаўся боксам у маладосці). Было шмат чутак. Найперш здарэнне звязвалі з нібыта заляцаннямі Маркеса да жонкі сябра. Але пра сапраўдную прычыну пісьменнікі маўчалі.

Пра самоту

«Часам мы з маёй жонкай Мэрсэдэс вечарамі застаёмся дома адны, і нам хацелася б, каб нас хто-небудзь запрасіў у госці альбо яшчэ куды. У нас шмат сяброў, але яны не рашаюцца без справы патэлефанаваць, бо думаюць, што ў гэты вечар у нас — дваццаць святочных сустрэч. І часам трапляеш у сапраўдную ізаляцыю, гэта і ёсць самота, якую прыносіць слава, і яна надта падобная да адзіноты, якую прыносіць улада».

***

Дабрачынны фонд «Вяртанне» і выдавецтва «Янушкевіч» пачалі выдаваць творы лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі па літаратуры ў беларускіх перакладах. Першым томам серыі «Noblesse oblige» стаў «Голад» Кнута Гамсуна.

Каментары3

Цяпер чытаюць

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі

Усе навіны →
Усе навіны

Крысціна Ціманоўская зноў нявеста — з пярсцёнкам ад Tiffany18

Мінчанін хацеў прадаць парагенератары, але 15‑гадовы пакупнік бясплатна забраў тавар і ўцёк

Пад Талачыном перакуліўся аўтобус Масква — Брэст, загінула пасажырка

Ад звычайных пенсіянераў да багацеяў: хто і як гуляе ў мінскіх казіно

Загінуў камандзір Рускага добраахвотніцкага корпуса Дзяніс Капусцін28

«Сітуацыя як на акупаваных тэрыторыях Украіны». Павел Баркоўскі — пра стан беларускай культуры20

У Расіі затрымалі 70 чалавек, якія маліліся за здароўе Зяленскага3

Мінус 40 і «Год без лета»: як кліматычная анамалія спарадзіла «Франкенштэйна», вампіраў і беларускую містыку3

Пазбавілі бацькоўскіх правоў цяжарную жанчыну з Мінска, чыя старэйшая дачка двойчы спрабавала скончыць жыццё самагубствам2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць