Манцёр з Беларусі стаў «Леніным» і пабудаваў кар’еру ў кіберспорце ва Украіне
Хлопец з Каменца рыхтаваўся выйсці на працу ў брэсцкае дэпо, калі лёс павярнуўся інакш.

Нечаканы паварот: беларус, які адвучыўся на манцёра і планаваў стаць машыністам, у выніку апынуўся ў топе кіберспартыўных каментатараў ва Украіне, прычым на ўкраінскай мове. Пры гэтым у краіне, дзе даўно праводзяць дэкамунізацыю, хлопец стаў вядомым пад мянушкай «Ленін», расказвае «Трыбуна».
Канстанцін Сіўко нарадзіўся 17 жніўня 1994 года. Вырас у Камянцы — невялікім горадзе пад Брэстам. Асабліва не цікавіўся ні спортам, ні камп’ютарнымі гульнямі, але і вучоба не моцна захапляла — сярэдні бал быў каля пяці. З 13 гадоў хлопец вырашыў, што стане машыністам цягніка. Для гэтага з роднага горада, дзе падзарабляў прадаўцом, пераехаў у Брэст, дзе паступіў у мясцовы ліцэй чыгуначнага транспарту. Праўда, з дрэннымі ацэнкамі ўзялі толькі на электраманцёра, але Сіўко не сумаваў — планаваў, што потым перавучыцца.
У ліцэі хлопец захапіўся «стралялкай» Warface — і з-за таго, што «пагаварыць заўсёды любіў», вырашыў каментаваць матчы сваіх сяброў, выкладваючы запісы на YouTube. А ў 2013‑м у Мінску запланавалі адкрыць кіберспартыўны тэлеканал і аб’явілі набор каментатараў. Сіўко адразу ж даслаў рэзюмэ са спасылкамі на відэа. Праўда, доўга не меў адказу, а тым часам паспеў скончыць ліцэй і рыхтаваўся выйсці на працу па спецыяльнасці ў брэсцкае дэпо з заробкам прыкладна 220 даляраў. Але гэтага не здарылася.
«Аднойчы мне тэлефануюць з Мінска і кажуць, што гатовыя прапанаваць вакансію каментатара, стабільны заробак і здымнае жыллё. Я проста крычаў ад шчасця. Ведаў, што гэта шанец, у які варта ўчапіцца зубамі», — успамінаў Сіўко, які потым прызнаўся, што плацілі ад пачатку 400 даляраў на месяц.

Сіўко далі працу на шутэрах Counter-Strike і Point Blank, пра якія ён толкам нічога не ведаў і спачатку настолькі моцна блытаўся, што «адразу б сябе звольніў». Праз тры месяцы на першым буйным турніры масавая негатыўная рэакцыя гледачоў дала Сіўко зразумець, што трэба выпраўляцца. Ён стаў шмат гуляць сам, слухаць іншых каментатараў і чытаць для папаўнення слоўнікавага запасу, «адужаўшы больш кніг, чым за ўсё жыццё да гэтага».
Паступова якасць працы моцна палепшылася — настолькі, што хлопца заўважыў украінскі кіберспартыўны медыяканал StarLadder з вялікай аўдыторыяй. У студзені 2016‑га Сіўко пераехаў у Кіеў.
Да таго моманту, як прынята ў кіберспорце, называлі яго ўжо ў асноўным па нікнейме, які для Украіны з яе дэкамунізацыяй быў небанальным. Калі хлопец выбіраў, ён падумаў пра маму па імені Алена — і ад гэтага прыдумаў варыянт Leniniw. Але, канешне, рускамоўныя гледачы хутка сталі называць проста «Ленін».
Гэта ніяк не перашкодзіла кар’еры. У 2020‑м Сіўко перайшоў у іншую ўкраінскую студыю Maincast, якую лічыў найлепшай. «Мы тады каментавалі па-расійску і працавалі на расійскі рынак — і расіяне не маглі вытрымаць канкурэнцыю», — казаў беларус, якога ў 2020‑м і 2021‑м прызнавалі найлепшым каментатарам CS:GO «у рускамоўным асяроддзі» паводле версіі расійскага партала sports.ru. Сіўко таксама расказваў, што за адным з яго эфіраў сачылі ў анлайне адразу 380 тысяч чалавек.
24 лютага 2022‑га Расія пачала вайну ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Першыя пару тыдняў хлопец правёў у Кіеве, а потым «трэба было ехаць у Польшчу, каб каментаваць турніры». Каментатар потым казаў, што ўнутраны голас падказваў яму застацца ва Украіне, але ён не паслухаў і пазней пашкадаваў — назад праз мяжу яго ўжо не пусцілі.
У выніку застаўся жыць у Польшчы, бо ў гэтай краіне зразумелы шлях да пастаяннага ДНЖ — ва Украіне давалі толькі часовыя на год. У 2025‑м Сіўко ўсё ж пабываў у Кіеве, але толькі як госць. Вярнуцца на пастаяннай аснове хацеў бы, але гэта «вельмі складана з пункту гледжання легалізацыі».
Неўзабаве пасля пачатку вайны «Ленін» звярнуўся да вікіпедыйнага партала па Counter-Strike з просьбай прыбраць указанне краіны. «Відавочна, што Беларусь на сёння, на жаль, ёсць краінаю-суагрэсаркай. З пачатку поўнамаштабнага ўварвання я падтрымліваю Украіну і раблю ўсё ад сябе залежнае, каб Украіна перамагла. Для мяне гэта вельмі важна. І рашэнне наконт сцяга было прынятае менавіта такое, бо я лічыў, што гэта правільна», — тлумачыў Сіўко.

Для працы ён вывучыў украінскую мову. Вясною 2023‑га Maincast адмовіўся ад рускамоўных правоў, і перад Сіўко паўстаў выбар: або ісці працаваць на расійскія кампаніі, каб каментаваць і далей па-руску, або застацца і неяк каментаваць па-ўкраінску. І тут хлопец «зрабіў свой выбар на карысць Украіны» — пачаў займацца мовай. У ліпені 2023‑га пракаментаваў свой першы турнір на ўкраінскай мове, і хоць якасць «была сумнеўнай», але аўдыторыя падтрымлівала і ўказвала на памылкі. У выніку цяпер, па сведчаннях, на слых практычна немагчыма зразумець, што ўкраінская для каментатара не родная.
Апроч гэтага, Сіўко вядзе стрымы на платформе Twitch, дзе таксама вядомы як «Leniniw». Калі хлопец і там перайшоў на ўкраінскую, «узнікла пытанне наконт змены нікнейма». Але ў працэсе апытання аўдыторыі «людзі адказалі, што нічога не трэба мяняць», і ўсё засталося як ёсць. На стрымах каментатар часам збірае грошы — кажа, што данацяць мала, але ўсё, што прыходзіць, ён пераводзіць на патрэбы ўкраінскага войска.
Сіўко працягвае каментаваць самыя буйныя турніры — напрыклад, нядаўна працаваў у Венгрыі на турніры StarLadder Budapest 2025 па Counter-Strike 2 з прызавым фондам 1,25 млн даляраў. Даходы «Леніна» яго таксама задавальняюць.
«Быў шакаваны ад таго, наколькі невялікія грошы зарабляюць [украінскія] спартыўныя каментатары. Каментатар найвышэйшага ўзроўню, які працуе на ўмоўным фінале Лігі чэмпіёнаў, мае пасрэдны заробак. На свой я не магу скардзіцца», — кажа Сіўко, які хоча займацца гэтай працай да канца жыцця.
Вяртацца на Радзіму «Ленін» не спяшаецца, «нават калі яна ператворыцца ў незалежную дэмакратычную еўрапейскую дзяржаву». «Трэба будзе падумаць, якія бенефіты дасць мне гэта, акрамя таго, што я там нарадзіўся і вырас. Калі там будзе прастора для развіцця і буду бачыць перспектывы, то, магчыма, і вярнуся», — кажа Сіўко.
Каментары