Грамадства6969

Віцэ-кіраўнік Акадэміі навук: Тадэвуша Касцюшку нельга называць нацыянальным героем Беларусі

Намеснік старшыні прэзідыума Нацыяльнай Акадэміі навук Сяргей Чыжык лічыць, што Тадэвуш Касцюшка не вёў барацьбу за інтарэсы беларускага народа, а адстойваў інтарэсы Польшчы і ЗША.

Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе за подпісам фізіка Чыжыка.

Перадгісторыя такая: вясной 2019 года амаль сто чалавек звярнуліся да кіраўніцтва Мінгарвыканкама з прапановай даць адной з вуліц імя Тадэвуша Касцюшкі. Чыноўнікі адмовілі, спаслаўшыся на тое, што параіліся з Акадэміяй навук.

Тады чытач «Нашай Нівы» Дзмітрый Плашчынскі напісаў запыт да навукоўцаў: абгрунтуйце сваю пазіцыю. І нарэшце атрымаў адказ.

«З асобай Тадэвуша Касцюшкі звязаны многія падзеі войнаў і ўзброеных канфліктаў, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі. Ён удзельнік барацьбы за незалежнасць паўночнаамерыканскіх калоній ад Вялікабрытаніі, а таксама за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года, якую Тадэвуш Касцюшка разглядаў як польскую дзяржаву. Актыўна адстойваў канстытуцыю Рэчы Паспалітай 3 мая 1791 года. Згодна з гэтай канстытуцыяй, назва дзяржавы «Рэч Паспалітая абодвух народаў» (то бок Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага) было зменена на «Рэч Паспалітую польскую». Больш за тое, Тадэвуш Касцюшка адкрыта выступаў за паланізацыю народнасцяў Рэчы Паспалітай, у тым ліку і беларусаў.

Сцверджанне аб тым, што ён вёў барацьбу за інтарэсы і незалежнасць беларускага народа, супярэчыць гістарычным фактам. У сваёй дзейнасці Тадэвуш Касцюшкі адстойваў інтарэсы Польшчы і ЗША, а не Беларусі. Таму называць яго нацыянальным героем Беларусі абсалютна неправамерна. Ён з'яўляецца нацыянальным героем Польшчы і ЗША».

Чыжык удакладніў, што ў Івацэвіцкім раёне існуе музей Тадэвуша Касцюшкі, побач з якім усталяваны помнік. Маўляў, гэтага дастаткова.

Чытайце: Касцюшка — герой двух кантынентаў, але не шчаслівы чалавек

***

Сяргей Чыжык

Нарадзіўся ў 1959 годзе ў вёсцы Асмолава Нясвіжскага раёна. Навуковец у галіне фізікі і механікі паверхняў на мікра- і нанаўзроўні, нанадыягностыкі. Акадэмік Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі (2014).

З 2014 — першы намеснік старшыні прэзідыума Нацыянальнай Акадэміі навук.

***

Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка

(1746, Мерачоўшчына, Беларусь — 1817, Залатурн, Швейцарыя) — ачольнік паўстання 1794 года, нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША. Удзельнік барацьбы Рэчы Паспалітай супраць Расіі і Прусіі, а таксама вайны за незалежнасць ЗША.

Скончыў кадэцкі корпус у Варшаве, вучыўся ў Францыі. Па вяртанні на радзіму быў хатнім настаўнікам у дачок сенатара Сасноўскага. Не атрымаўшы згоды на шлюб з Людвікай Сасноўскай, у 1776-м завербаваўся ў армію ЗША. У якасці вайсковага інжынера займаўся будаўніцтвам умацаванняў, у тым ліку форта Вест-Пойнт, стаўкі галоўнакамандуючага. У 1783-м атрымаў званне брыгаднага генерала.

У 1784—1789 жыў у сваім маёнтку Сяхновічы. У 1789-м паступае ў войска Рэчы Паспалітай у званні генерал-маёра. Удзельнік вайны з Расіяй. Аўтар перамогі пад Дубенкай: маючы 5300 салдат, спыніў 25-тысячны корпус генерала Міхаіла Кахоўскага. Пасля капітуляцыі падаў у адстаўку.

У Лейпцыгу і Парыжы шукаў падтрымкі для далейшага змагання супраць акупацыі Рэчы Паспалітай. 24 сакавіка 1794-га ў Кракаве абвясціў пра паўстанне і стаў «найвышэйшым начальнікам» паўстанцкіх сілаў. Выйграў бітву пад Рацлавіцамі (4 красавіка), выдаў Паланецкі ўніверсал, у якім даў грамадзянскія правы прыгонным. Абараняў Варшаву ад расійскіх і прускіх войскаў. У бітве пад Мацяёвіцамі (10 кастрычніка) паранены і ўзяты ў палон.

Вызвалены імператарам Паўлам І. У 1797—1798 наведаў ЗША. Пасля жыў у Францыі. З Напалеонам не паразумеўся, пасяліўся пад Парыжам і дыстанцыяваўся ад палітыкі. Пасля жыў у Вене (Аўстрыя), Залатурне (Швейцарыя), дзе працаваў хатнім настаўнікам. Памёр 15 кастрычніка 1817-га.

Каментары69

Цяпер чытаюць

На заснежанай трасе каля Чэрвеня разбіліся адразу 9 аўтамабіляў1

На заснежанай трасе каля Чэрвеня разбіліся адразу 9 аўтамабіляў

Усе навіны →
Усе навіны

Манцёр з Беларусі стаў «Леніным» і пабудаваў кар’еру ў кіберспорце ва Украіне

Што будзе з домам у Гомелі, дзе выбухнуў газ і загінула жанчына пад абломкамі?3

Вось як працуюць новыя мабільныя камеры на дарогах Міншчыны3

Ціханоўская пра Бабарыку і Калеснікаву: Не бачу праблемы, калі яны будуць развіваць сваю партыю22

Ва Украіне яшчэ адна гучная карупцыйная справа. Сярод падазраваных — дэпутаты «Слугі народа»6

280 парушэнняў! ДАІ злавіла вельмі недысцыплінаванага кіроўцу3

Пуціну паведамілі пра захоп Гуляйполя3

Міндзіча — фігуранта гучнай карупцыйнай справы ва Украіне і паплечніка Зяленскага — знайшлі ў Ізраілі. Што ён сказаў?4

Балет пра Марка Шагала паставяць у Вялікім тэатры

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На заснежанай трасе каля Чэрвеня разбіліся адразу 9 аўтамабіляў1

На заснежанай трасе каля Чэрвеня разбіліся адразу 9 аўтамабіляў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць