Меркаванні66

План дзеянняў па нармалізацыі адносін паміж Беларуссю і ЕС

Падрыхтавана Беларускім Інстытутам Стратэгічных Даследаванняў і Офісам за дэмакратычную Беларусь (Брусэль).

Падрыхтавана Беларускім Інстытутам Стратэгічных Даследаванняў і Офісам за дэмакратычную Беларусь (Брусэль).

Уводзіны

13 кастрычніка 2008 г. Рада Еўрапейскага Саюза на шэсць месяцаў прыпыніла дзеянне візавых санкцый супраць амаль усіх вышэйшых афіцыйных асобаў Рэспублікі Беларусь, улучна з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. Спіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЕС, быў складзены ў 2004‑2006 як адказ на фальсіфікацыі выбараў і масавыя палітычныя рэпрэсіі ў краіне. Увосень 2008 г. ЕС выставіў беларускаму кіраўніцтву шэраг патрабаванняў, выкананне якіх з’яўляецца абавязковай умовай не ўзнаўлення дзеяння санкцый. Гэтыя патрабаванні былі агучаны кіраўніком Галоўнага палітычнага дэпартамента Рады ЕС Хельгай Шмідт і намеснікам кіраўніка дэпартамента Еўракамісіі па знешніх сувязях Х’юга Мінгарэлі падчас адпаведных візітаў у Мінск.

Рашэнне Рады наконт часовага прыпынення дзеяння санкцый было прынятае ў даволі спрэчных абставінах. З аднаго боку, беларускія ўлады выканалі некаторыя патрабаванні ЕС, найістотнейшым з якіх было вызваленне палітычных вязняў. З іншага – сваё рашэнне Рада прыняла адразу пасля парламенцкіх выбараў у Беларусі, што адбыліся 28 верасня 2008 года, і якія, нягледзячы на некаторыя нязначныя «пазітыўныя зрухі», не адпавядалі дэмакратычным стандартам АБСЕ.

Шматлікія аналітыкі падкрэсліваюць, што апошнія тэндэнцыі ў развіцці адносін паміж Беларуссю і ЕС адпавядаюць плану і стратэгіі беларускіх уладаў, якія будуць працівіцца ісці на сур’ёзныя саступкі. На думку экспертаў, такое развіццё сітуацыі было выкліканае адсутнасцю ў ЕС дакладных крытэрыяў ацэнкі палітычнага прагрэсу ў Беларусі. Аналіз нядаўніх падзей у Беларусі, аднак, паказвае, што частка беларускіх афіцыйных асобаў шчыра матываваная да дыялогу з Захадам. Гэта матываванасць можа тлумачыцца эканамічным крызісам і паслабленнем суседняй Расіі – традыцыйнага рынку збыту для беларускіх тавараў. Менавіта гэтай сітуацыяй і павінен скарыстацца ЕС дзеля дасягнення больш глыбокіх пераўтварэнняў, узмацніўшы сваю ўвагу да Беларусі.

У той жа час прапанаваная Еўракамісіяй ініцыятыва Усходняга Партнёрства (УП) ЕС спараджае прынцыпова новую сітуацыю ў дачыненнях паміж Беларуссю і ЕС. УП не толькі стварае платформу дзеля нармалізацыі працоўных кантактаў, але і прадугледжвае паступовае ўключэнне краіны ў еўрапейскую палітычную і эканамічную прастору. Аднак існуе відавочная неабходнасць распрацоўкі «пераходнага плану дзеянняў», які ЕС прапанаваў бы Беларусі і з дапамогай якога яна магла б выканаць крытэрыі для паўнавартаснага ўдзелу ва УП.

План дзеянняў: магчымыя рамкі

Існуюць розныя меркаванні, наконт таго, ці мусяць цяперашнія адносіны паміж ЕС і Беларуссю быць замацаваныя пісьмовым дакументам або дастаткова абмежавацца паслядоўнымі дзеяннямі, што залежаць ад канкрэтных крокаў кожнага з бакоў. Развязанне такой дылемы мае як практычныя, так і палітычныя складнікі.

План дзеянняў, прапанаваны Беларусі, можа выконваць ролю пагаднення паміж двума бакамі, дзе дакладна акрэсліваюцца дзеянні і абавязкі гэтых бакоў. Згодна з такім планам, ЕС патрабуе ад беларускага ўраду прагрэсу, што ацэньваецца на падставе змястоўных і вымяральных крытэрыяў. Са свайго боку, ЕС бярэ на сябе абавязак забяспечыць пэўныя інтарэсы Беларусі, яе насельніцтва і ўладных элітаў, а таксама адкрыць перад Беларуссю перспектыву далучэння да агульнаеўрапейскіх працэсаў.

Стратэгічная мэта такога пагаднення – уцягванне Беларусі ў агульнаеўрапейскія і рэгіянальныя працэсы і інстытуты, а таксама стварэнне ўмоў, пры якіх дэмакратычныя працэсы ў краіне сталі б незваротнымі. Такім чынам, план дзеянняў выконвае патройную функцыю. Па‑першае, гэта інструмент нармалізацыі двухбаковых адносін. Па‑другое, – інструмент спрыяння стабілізацыі сацыяльнай і эканамічнай сітуацыі ў краіне. Па‑трэцяе, гэта інструмент паскарэння вяртання Беларусі ў еўрапейскую сям’ю дэмакратычных краін.

Каб дасягнуць згаданых вышэй мэтаў, прапанаваны ЕС план дзеянняў мусіць:

мець дакладна акрэсленыя каротка‑ і доўгатэрміновыя складнікі;

вызначаць дакладныя крытэрыі, якія беларускі бок павінен выконваць у сваіх дзеяннях па лібералізацыі палітычнага і грамадскага жыцця ў краіне;

акрэсліць перавагі, якія б Беларусь атрымала за выкананне кожнага з патрабаванняў ЕС.

Кароткатэрміновы План дзеянняў

Для кароткатэрміновага плану былі распрацаваныя шэраг крытэрыяў, што дапамогуць канкрэтызаваць патрабаванні ЕС на шасцімесяцавы перыяд. На наш погляд, у святле гэтых крытэрыяў ЕС варта было б засяродзіцца на дасягненні беларускім ўрадам прагрэсу ў наступных сферах.

Рэформа беларускага выбарчага заканадаўства праз:

а) гарантаванне ўключэння прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчыя камісіі на ўсіх узроўнях;

б) забеспячэнне празрыстасці і падкантрольнасці падліку галасоў праз гарантаванне рэальнай магчымасці для незалежных назіральнікаў сачыць за працэсам падліку галасоў;

в) рэфармаванне працэдуры датэрміновага галасавання з мэтай атрымання дакладных вынікаў і пазбягання маніпуляцый з выбарчымі скрынямі.

2. Забеспячэнне роўных правоў для ўсіх СМІ шляхам:

а) скасавання забароны на распаўсюджванне недзяржаўнай грамадска‑палітычнай прэсы праз сістэму прадпрыемстваў «Саюздруку» і вяртанне недзяржаўных газет у падпісныя каталогі «Белпошты»;

б) спрашчэння працэдуры атрымання акрэдытацыі для ўсіх журналістаў, улучна з афіцыйнымі прадстаўнікамі замежных СМІ;

в) гарантавання роўных умоў працы для дзяржаўных і недзяржаўных друкаваных СМІ, у прыватнасці ў эканамічнай сферы (кошт друку, арэнда офісаў, распаўсюд і г.д.);

г) скасавання артыкулаў 367, 368, 369, 369‑1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, што часта выкарыстоўваюцца для пераследу журналістаў за іх прафесійную дзейнасць.

3. Гарантаванне свабоды асацыяцый і сходаў праз:

а) скасаванне артыкулу 193‑1 Крымінальнага кодэксу, што прадугледжвае крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраваных грамадскіх аб’яднанняў, палітычных партый, рэлігійных арганізацый і фондаў;

б) паляпшэнне ўмоў арэнды офісаў для грамадскіх аб’яднанняў і лібералізацыю працэдуры рэгістрацыі іх адрасоў (скасаванне забароны на выкарыстанне прыватнага жытла ў якасці адрасу для рэгістрацыі некамерцыйных арганізацый і перагляд Указу Прэзідэнта № 533 ад 23 кастрычніка 2007, які рэгулюе выкарыстанне памяшканняў некамерцыйнымі арганізацыямі і палітычнымі партыямі);

в) скасаванне прававых і адміністратыўных перашкод для гуманітарных і адукацыйных кантактаў беларускіх дзяцей і моладзі з вонкавым светам (спыненне пераследу за ўдзел у студэнцкіх абменах, працоўных і адукацыйных праграмах і г.д.).

4. Гарантаванне палітычных правоў і свабод праз:

а) спыненне практыкі палітычна матываваных звальненняў з працы і выключэнняў з універсітэтаў;

б) спыненне пераследу за ўхіленне ад вайсковай службы ў дачыненні да студэнтаў, выключаных з ВНУ за сваю грамадскую дзейнасць і вымушаных працягваць адукацыю па‑за межамі краіны.

5. Гарантаванне таго, што Беларусь надалей застанецца краінай без палітычных вязняў.

Акрамя таго, дзеля нармалізацыі адносін з ЕС, беларускае кіраўніцтва павінна выканаць яшчэ адно істотнае патрабаванне – адмяніць смяротнае пакаранне альбо ўвесці пастаянны мараторый на яго ўжыванне.

Да красавіка 2009 года застаецца няшмат часу, і нават пры наяўнасці палітычнай волі змены ў заканадаўстве могуць па чыста тэхнічных прычынах не быць праведзеныя. Акрамя таго, празмернасць патрабаванняў з боку ЕС можа быць трактаванай беларускімі ўладамі як наўмыснае выстаўленне ад пачатку невыканальных умоў. Таму мэтазгодным падаецца працяг кароткачасовага перыяду і прыпыненне візавых санкцый яшчэ на шэсць месяцаў, г.зн. да кастрычніка 2009 года. Гэты час беларускія ўлады мусяць выкарыстаць такім чынам, каб прадэманстраваць наяўнасць істотнага прагрэсу ў вышэй згаданых сферах, што б грунтаваўся на інстытуцыйных рэформах.

У той жа час ЕС можа выразна даць зразумець, што запрашэнне прадстаўнікоў беларускіх улад на форум Усходняга партнёрства ў траўні будзе залежыць ад неадкладнай адмовы ад гвалту супраць удзельнікаў апазіцыйных акцый і амніставання ўдзельнікаў пратэсту прадпрымальнікаў, якія былі пакараныя абмежаваннем волі і папраўчымі работамі ў рамках працэсу 14 ці.

У кастрычніку 2009 г. ЕС можа абвесціць серыю крокаў, што сталіся б адказам на выкананне Беларуссю патрабаванняў, абумоўленых кароткатэрміновым планам дзеянняў. Акрамя канчатковага зняцця візавых санкцый, ЕС мог бы прапанаваць наступныя перспектывы:

а) Распачынанне працэсу вяртання Беларусі ў Генеральную сістэму прэферэнцый ЕС;

б) гарантаванне падтрымкі з боку ЕС у далучэнні Беларусі да Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА);

в) змяншэнне коштаў Шэнгенскіх віз для грамадзянаў Беларусі да 35 еўра,

г) заахвочванне аказання Беларусі фінансавай дапамогі, наколькі гэта магчыма, з боку міжнародных фінансавых інстытутаў;

д) заахвочванне асобных краін‑сябраў ЕС у выдачы крэдытаў Беларусі з мэтай стабілізацыі яе эканомікі;

е) прапанова Беларусі доўгатэрміновага плану дзеянняў па нармалізацыі адносінаў паміж Беларуссю і ЕС.

Доўгатэрміновы План дзеянняў

У выпадку, калі Беларусь выканае толькі частку ўмоў, акрэсленых кароткатэрміновым Планам дзеянняў, ЕС таксама мусіць спраўджваць свае абяцанні па частках. Напрыклад, знізіць кошты на Шэнгенскія візы для беларускіх грамадзян і падтрымаць уступленне краіны ў СГА. Іншыя ж абяцанні ЕС павіны быць спраўджанымі толькі пасля выканання Беларуссю астатняй часткі ўмоў.

Пасля выканання кароткатэрміновых умоў Беларусі можа быць прапанаваны доўгатэрміновы план дзеянняў, які б акрэсліў праграму супрацоўніцтва на наступныя тры гады. Гэты, больш амбітны за папярэдні дакумент, мусіць не проста патрабаваць выканання Беларуссю паасобных умоў, але і змяшчаць сістэмныя крокі, што пацвярджаюць гатоўнасць і жаданне краіны да ўдзелу ў агульнаеўрапейскіх інтэграцыйных працэсах. Такім чынам, доўгатэрміновы План дзеянняў мусіць не проста паспрыяць нармалізацыі адносін паміж Беларуссю і ЕС, але і ў пэўнай ступені стаць інтэграцыйным інструментам. У доўгатэрміновым плане варта засяродзіцца на наступных пытаннях:

забеспячэнне правядзення наступных выбараў у адпаведнасці з крытэрыямі АБСЕ;

прывядзенне беларускага заканадаўства ў адпаведнасць са стандартамі Рады Еўропы, улучна са скасаваннем смяротнага пакарання ці ўвядзеннем мараторыю на яго выкананне, што мае пераканаць гэтую арганізацыю ў неабходнасці аднаўлення каналаў супрацоўніцтва з Беларуссю;

пачатак перамоваў аб ратыфікацыі Дамовы аб партнёрстве і супрацоўніцтве;

ратыфікацыя Беларуссю Еўрапейскай Канвенцыі правоў чалавека і прыняцце

юрысдыкцыі Еўрапейскага Суда па правах чалавека ў Страсбургу.

Імплементацыя прапанаванай ЕС доўгатэрміновай стратэгіі збліжэння акрэслівае для Беларусі наступныя перспектывы:

Падпісанне Беларуссю плана дзеянняў у межах Еўрапейскай палітыкі добрасуседства (ЕПД);

Атрыманне дадатковай дапамогі праз карыстанне Беларуссю ў будучыні Інструментам Еўрапейскай палітыкі добрасуседства і партнёрства (ІЕПД);

Магчымасць доступу беларускіх тавараў на ўнутраны рынак ЕС, як гэта прадугледжана ЕПД;

Далучэнне Беларусі да ініцыятывы Усходняга Партнёрства;

Пашыранае супрацоўніцтва ў энергетычнай сферы;

Удзел беларускіх ВНУ ў еўрапейскай сістэме студэнцкіх абменаў (Erasmus і іншыя);

Спрашчэнне працэдуры атрымання Шэнгенскіх віз для беларускіх грамадзян, змяншэнне консульскага збору, пачатак перамоваў аб бязвізавым рэжыме;

Інтэнсіфікацыя рэгіянальнага супрацоўніцтва.

Што неабходна зрабіць ужо зараз?

Каб План дзеянняў стаў рэальна выканальным праектам, ЕС неабходна зрабіць наступныя захады:

Зацвердзіць (фармальна ці нефармальна) план дзеянняў па нармалізацыі адносін паміж Беларуссю і ЕС з канкрэтнымі крокамі і індыкатарамі яго выканання.

Узмацніць дэлегацыю Еўрапейскай Камісіі ў Беларусі, павялічыўшы склад місіі і надаўшы ёй большую аўтаномію ў пытаннях рэалізацыі плану дзеянняў.

Узмацніць персанал апарату Еўрапейскай Камісіі ў Бруселі, што займаецца беларускімі пытаннямі.

Праз СМІ, абмены, канферэнцыі і семінары браць актыўны ўдзел у грамадскім дыялогу і інфармацыйных кампаніях для шырокай грамадскасці і ключавых мэтавых груп дзеля тлумачэння асаблівасцей і пераваг прапаноў ЕС для Беларусі.

Спрыяць адкрытасці і празрыстасці перамоўнага працэсу з афіцыйным Мінскам і ўдзелу ў ім прадстаўнікоў грамадскага сектару.

* * *

Пры падрыхтоўцы гэтага дакумента былі скарыстаныя распрацоўкі і заўвагі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, Руху за Свабоду, Беларускай асацыяцыі журналістаў, Фонду развіцця прававых тэхналогій, Беларускага Хельсінскага Камітэту. Aднак, дадзены дакумент не выражае думкі гэтых арганізацый і прадстаўляе асабістае меркаванне аналітыкаў BISS і ОДБ.

Каментары6

Цяпер чытаюць

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі68

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі

Усе навіны →
Усе навіны

Оперная спявачка, якая стала адвакаткай. Вялікая размова з Ганнай Маціеўскай6

Качанава: Мінск — адзін з самых камфортных гарадоў у свеце, тут усё гарманічна16

Крысціна Ціманоўская зноў нявеста — з пярсцёнкам ад Tiffany18

Мінчанін хацеў прадаць парагенератары, але 15‑гадовы пакупнік бясплатна забраў тавар і ўцёк

Пад Талачыном перакуліўся аўтобус Масква — Брэст, загінула пасажырка

Ад звычайных пенсіянераў да багацеяў: хто і як гуляе ў мінскіх казіно

Загінуў камандзір Рускага добраахвотніцкага корпуса Дзяніс Капусцін28

«Сітуацыя як на акупаваных тэрыторыях Украіны». Павел Баркоўскі — пра стан беларускай культуры20

У Расіі затрымалі 70 чалавек, якія маліліся за здароўе Зяленскага3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі68

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць