Канапацкая пра Севярынца: Як чалавек, у якога ёсць рукі, ногі і мазгі, можа жыць на ахвяраванні людзей?!
У размове з карэспандэнтам «Нашай Нівы» экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая абурылася ладам жыцця свайго магчымага канкурэнта па праймерыз Паўла Севярынца. У відэаінтэрв'ю «Радыё Свабода» той расказваў пра свой невялікі даход ад продажу кніг, а таксама пра тое, што вопратку амаль ніколі не купляе, бо яе дораць прыхільнікі.

«Я не магу зразумець, як чалавек, у якога ёсць мазгі, ёсць дзве рукі і дзве нагі, не можа зарабіць на жыццё, маючы жонку і малое дзіця. І як ён можа казаць, што жыве на ахвяраванні людзей?
Сёння ты жывеш на ахвяраванні людзей, якія складаюць $500, а заўтра ты будзеш жыць на ахвяраванні падаткаплацельшчыкаў, якія фарміруюць бюджэт Беларусі? Чалавек не змяняецца! Ці ты ўмееш працаваць і зарабляць грошы для сябе, для сваёй сям’і, для сваякоў, для грамадзян, ці ты не ўмееш. Калі ты не ўмееш працаваць — то што?
Я не ведаю даходаў Губарэвіча ці даходаў Кавальковай. Але гэтае пытанне тычыцца ўсіх, проста з Севярынцам я бачыла інтэрв’ю, дзе ён казаў, што на месяц мае даход каля $350 у эквіваленце, і амаль усе гэты грошы сыходзяць на аплату кватэры. А ўсё іншае яму нібыта людзі даюць: вопратку і гэтак далей», — заявіла Канапацкая.
Каментары