У Мінздароўя пракаментавалі адключэнне падачы кіслароду ў Віцебскай БХМД
За апошнія два месяцы смяротнасць у Віцебскай БХМД не павялічылася. Пра гэта паведаміў намеснік міністра аховы здароўя Барыс Андрасюк журналісту Tut.by, які як фізасоба патэлефанаваў на прамую тэлефонную лінію Міністэрства аховы здароўя.
Таксама Барыс Андрасюк дадаў, што цяпер праводзіцца паўторная праверка па кожнай смерці за гэты перыяд. Нагадаем, раней загадчык аддзялення рэанімацыі Віцебскай БХМД Уладзімір Мартаў распавёў аб надзвычайным здарэнні ў яго бальніцы. У пачатку студзеня ў бальніцы ў хірургічным корпусе, паводле яго слоў, тры разы адключалася падача кіслароду — на 15, 20 і 23 хвіліны.
Барыс Андрасюк сказаў, што ў Віцебскай БХМД з-за перагрузкі сеткі былі кароткачасовыя збоі ў працы сістэмы падачы кіслароду. «Таму прыйшлося ў тэрміновым парадку ўзмацняць газавую станцыю» — удакладніў намеснік міністра. Аднак смяротнасць за гэты перыяд у бальніцы, па яго словах, не павялічылася.
— Цяпер ідзе разбор кожнага выпадку. Доктар сцвярджаў, што ў выніку гэтага (адключэння падачы кіслароду) памёр не адзін чалавек. Гэта значыць, атрымліваецца, што смяротнасць павінна была падвысіцца. Лагічна? — разважае Барыс Андрасюк. — Мы зрабілі за апошнія два месяцы аналіз, усё было роўна. Але цяпер даследуецца кожная смерць — ужо даследавалася, але цяпер паўторна, каб удакладніць, ці паўплывала гэта адключэнне.
Намеснік міністра ўдакладніў, што пры адключэнні сістэмы падачы кіслароду апарат ШВЛ працягвае працаваць, але пераходзіць на вентыляцыю атмасферным паветрам.
— Апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх працуе ад электрычнасці. Кісларод падаецца для таго, каб павялічыць яго канцэнтрацыю, — тлумачыць Барыс Андрасюк.
Гэта значыць збоі ў працы станцыі, як кажа намеснік міністра, «паўплывалі толькі на канцэнтрацыю кіслароду на 2-3 хвіліны, цяпер гэта ўдакладняецца па сведчаннях прыбораў, працуе камісія».
Загадчык аддзялення рэанімацыі Віцебскай БХМД Уладзімір Мартаў днямі распавёў TUT.BY аб надзвычайным здарэнні ў яго бальніцы. У пачатку студзеня ў хірургічным корпусе тры разы адключалася падача кіслароду — на 15, 20 і 23 хвіліны. «Хтосьці памёр у тыя ж дні, хтосьці — на наступны дзень, хтосьці — праз 3-5 дзён». Мартаў не назваў дакладную колькасць памерлых, але сказаў, што гэта быў «не адзін і не два чалавекі». Медык паведаміў пра гэта міністру Піневічу, той даслаў у бальніцу камісію, вынік усяго гэтага: па словах доктара, перабоі з кіслародам ёсць і дагэтуль, самому ж Мартаву з красавіка не працягваюць кантракт.
У пятніцу, 12 сакавіка, Аляксандр Лукашэнка пабываў у Маладзечанскай цэнтральнай раённай бальніцы і там спытаў у кіраўніка Міністэрства аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча пра гэта надзвычайнае здарэнне. «Былі невялікія перабоі», — так пракаментаваў сітуацыю Піневіч. Лукашэнка запатрабаваў: «Ну, калі там палітыка, то, значыць, трэба на месца ставіць чалавека». — «Паставім», — паабяцаў Піневіч.
«Падача кіслароду не залежыць ад таго, загадчык аддзялення рэанімацыі апазіцыянер ці не», — адказаў на гэта Уладзімір Мартаў.
Пазней кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Дзмітрый Піневіч казаў, што, паводле яго звестак, перабоі ў падачы кіслароду ў шпіталі не былі прычынай гібелі пацыентаў.
— Па сцвярджэнні іншых спецыялістаў, гэта было кароткачасовае падзенне ўзроўню плыні кіслароду, якое не паўплывала фатальна на тое, што распавядаў наш шаноўны Уладзімір Юр'евіч, — казаў Піневіч.
У Міністэрстве аховы здароўя паабяцалі, што больш падрабязна разгледзяць сітуацыю на ўзроўні лячэбна-кантрольнай рады ведамства.
Каментары