Грамадства

Наста Дашкевіч пра ўмовы ўтрымання мужа: Для палітычных стварылі гета

Пра нялюдскія ўмовы ў ізалятары Мінскага раёна для затрыманых па палітычных артыкулах піша ў сваім фэйсбуку Наста Дашкевіч: яе мужа Змітра Дашкевіча затрымалі ў пятніцу, 23 красавіка, ля Курапат. Учора прайшоў суд, вырак — 20 сутак арышту. 

У нашай краіне прасцей быць алкаголікам і дэбашырам, чалавекам, які б’е сваю жонку ці заводзіць бойкі ў грамадскіх месцах, чым чалавекам з перакананнямі.

У ІЧУ на Скарыны з’явіліся падвоеныя правілы для людзей, якіх арыштоўваюць па адміністрацыйных артыкулах аб пікетах. Страшныя людзі: тое сэрцайка ў акне павесяць, а можа, і горш — чысты белы аркуш паперы альбо ў Курапатах (!) расказваюць пра Курапаты. Злачынцы, карацей. Іх мала проста затрымаць. Мала проста арыштаваць і ізаляваць ад працы і дзяцей. Іх трэба трымаць у турмах, дзе для такіх, як яны (!), ёсць свае парадкі.

Калі каротка: людзей у камеры больш, чым спальных месцаў. Матрацаў няма. Бялізны няма. Ацяплення няма. Вокны свішчуць. Цёплых рэчаў няма, бо перадачы затрыманым не ўзялі. Зміцер за выходныя памяняў 3 камеры. У першай спалі на падлозе з іншымі затрыманымі — спінамі адзін да аднаго, каб хоць неяк было цяплей. Чалавек, які выйшаў з гэтай камеры ў панядзелак, сказаў мне, што сінімі прачыналіся ўночы ад холаду. Надвор’е бачылі? А цяпер усё тое ж ды яшчэ без ацяплення і цёплых рэчаў.

У суботу 4-х «палітычных» хлапцоў перавялі ў 2-мясцовую камеру, дзе сіфоніла з незачыненага акна. Нагадаю, што ні коўдраў, ні матрацаў такім людзям цяпер не дазволена. Цёплых рэчаў усё яшчэ няма. У ноч на нядзелю ад холаду чатыры разы падымаліся самі, каб, прысядаючы і адціскаючыся, можна было хоць троху разагрэць цела. А яшчэ двойчы прачыналіся ад па-за чарговых праверак у 23 гадзіны і ў 2 альбо 3 ночы. Трэба было пашыхтавацца і, мяркую, прадставіцца. І праўда, можа, дзенуцца куды гэтыя вязні праз прыадчыненыя вокны.

І самае ж што: ведаеце, як яны адрэагавалі, калі Зміцер распавёў пра гэтыя начныя праверкі ў судзе? Яны смяюцца. Смяюцца і здзекліва дадаюць, што праверак мала, а трэба было б дадаць яшчэ ў 4! Чалавек скардзіцца на кепскі фізічны стан з-за недасыпаў, выглядае стомленым, а з яго рагочуць, што мала, мала адыграліся яшчэ!

Раней апраўдваліся з-за загадаў зверху, а зараз, глядзіш, і спадабалася. Увечары нядзелі хлопцаў перавялі ў чатырохмясцовую камеру, таксама без матрацаў і коўдраў. Я думаю, не варта казаць, як баляць косткі ад сну на дошках на падлозе. Яшчэ відаць і дзякаваць трэба, што дошкі, а не бетон. Уноч на панядзелак да іх чацвярых дадалі яшчэ 4 чалавекі. Камера, нагадаю, усё тая ж, на 4 месцы. Але калі спальных месцаў няма, дык чаму б не запхнуць туды ўсіх васьмярых?

Бо ў іншых камерах жа нармальныя ўмовы, туды няможна. Там сядзяць нармальныя хуліганы, дэбашыры, людзі, што былі п’янымі ў грамадскіх месцах. У іх ёсць коўдра і матрацы, бялізна і падушкі. Да іх няможна. Яшчэ ў студзені такой дзічы на Скарыны не было.

І мне хацелася верыць, што можна застацца чалавекам у гэтай сістэме. Цяжка, але можна. Гэта вера да канца не забіта. Думаю, не забіта і ў Змітра. Бо сукамернікі расказвалі, як ён спрабуе дабрацца да іх сумлення. Бясспынна гаворыць, што яны ўдзельнічаюць катаванні людзей. Стварылі гета для палітычных. Ці пачуе іх нехта там? Я не ведаю.

Апавяданні пра здзекі ў Жодзіне, на «Акрэсціна», цяпер і ў ізалятары на Скарыны становяцца часткай нашага штодзённага жыцця. Ненармальнае і нечалавечае нам хочуць выдаць за новую рэчаіснасць, узаконіць незаконнае. Пішуцца новыя правілы і інструкцыі і вешаюць ім у камеры, каб бачылі, што ім дазволена, а што не. І быць чалавекам выходзіць ужо не дазволена? Мець да сябе чалавечае стаўленне ўжо не ў новых інструкцыях? Не па правілах?

У часы нашых бабуль і дзядуль таксама пісаліся свае інструкцыі: якога колеру мусяць быць валасы і скура, якога паходжання мусіць быць чалавек. Здавалася, як можна ўсё гэта паўтарыць? Як можна чалавеку зноў адмовіць у ягонай Боскай сутнасці? Аказалася, што можна. І досыць хутка мы забываемся на ўрокі гісторыі. Усё, што адбываецца цяпер у Беларусі, гэта не палітычны крызіс. Гэта гуманітарная катастрофа.

Каментары

Цяпер чытаюць

Ігар Тур патраціў мінімум 30 тысяч на прэміяльную кухню ФОТА29

Ігар Тур патраціў мінімум 30 тысяч на прэміяльную кухню ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

Асудзілі за «садзеянне экстрэмізму» былога дырэктара школы

Вучоныя знайшлі агромністае радовішча золата, якое змяшчае 99,999% усяго золата планеты8

У Польшчы адбылося ДТЗ з аўтобусам, поўным беларусаў2

Макрон заявіў пра гатоўнасць адправіць ва Украіну 50 тысяч вайскоўцаў5

У Навагрудку падпісалі дамову аб стварэнні Беларускага музея Халакосту4

Застрэлены ў Кіеве палкоўнік СБУ кіраваў групай, якая ліквідавала «Матаролу»1

Канапацкая едзе ў Літву на аўтобусе падаваць заяву ў Дэпартамент дзяржбяспекі ФОТАФАКТ66

Памерла Ірына Яскевіч

«А мяне менш за ўсё турбуе, ці загаворыць Сяргей Ціханоўскі па-беларуску»212

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ігар Тур патраціў мінімум 30 тысяч на прэміяльную кухню ФОТА29

Ігар Тур патраціў мінімум 30 тысяч на прэміяльную кухню ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць