Расіянін, асуджаны за падпал машыны беларускага генерала, расказаў, як яго катаваў Кубракоў
26‑гадовы ўраджэнец Чэбаксар Антон Лысаў пяць гадоў таму ўзяў у даркнэце замову на падпал машыны ў Мінску. Аб'ектам аказаўся высокапастаўлены сілавік рэжыму Лукашэнкі. Лысава затрымалі. Сваю гісторыю ён расказаў «Медыязоне».

Заказ на машыну
26‑гадовы Антон Лысаў з Чэбаксар амаль не памятае бацьку — той сышоў з сям'і, калі хлопчыку было сем. Калі яму споўнілася 16, не стала маці. Са сваякоў засталіся малодшая сястра і састарэлая бабуля.
Лысаў жыў у бабулінай кватэры на ўскраіне горада. Грошай хранічна не хапала, сталай працы не было. Ён захапляўся матацыкламі, цяжкай атлетыкай і зброяй. Пакуль гэта было «адносна таннае задавальненне», купіў пісталет Макарава, «каб было спакайней спаць» — але, кажа, ніколі не пускаў яго ў ход і ствол «проста праляжаў некалькі гадоў і шкоды нікому не прычыніў».
У 2021 годзе малады чалавек шукаў падпрацоўку ў даркнэце і ўбачыў аб'яву: заказчык абяцаў дзве тысячы долараў за падпал машыны ў Мінску.
У гэты час Лысаў падарожнічаў і якраз дабраўся да Пецярбурга. Калі замову ўзгаднілі, ён адправіўся ў Беларусь на цягніку праз Маскву.
Лысаў ведаў пра масавыя пратэсты беларусаў у 2020-м, але нават не падумаў, што замова магла быць звязаная з палітыкай.
«Я быў занадта малады, вецер у галаве ў мяне быў. У той момант я проста хацеў грошай зарабіць, і мне сказалі, маўляў, ёсць такая тэма, трэба спаліць машыну ў Беларусі. Я кажу: ну добра, акей. Цяпер бы я ніколі на гэта не пайшоў. Проста ўзрост такі быў», — успамінае ён.
Па прыездзе ў Мінск высветлілася, што замоўлены яму Toytota Land Cruiser ахоўваюць нейкія людзі. Ад замовы Лысаў не адмовіўся, але дачакаўся, пакуль ахова сыдзе, і ў ноч на 1 кастрычніка абліў машыну бензінам і падпаліў. Яна выгарала амаль дашчэнту.
Пасля падпалу Лысаў вярнуўся на здымную кватэру. Яго затрымалі праз 11 гадзін.
У тую ж ноч беларускія сілавікі схапілі 18‑гадовага Захара Таразевіча, які мусіў сфатаграфаваць згарэлую машыну, але быў затрыманы яшчэ па дарозе на месца пажару.
Лысаў і Таразевіч не былі знаёмыя, але сталі фігурантамі адной крымінальнай справы.
Гаспадаром пазадарожніка аказаўся старшыня Камітэта судовых экспертыз Беларусі генерал-маёр Аляксей Волкаў, які раней займаў пасаду першага намесніка старшыні СК і ўдзельнічаў у справах супраць Сяргея Ціханоўскага і іншых апазіцыянераў.
Да таго часу пратэсты ў Беларусі былі жорстка задушаныя, іх удзельнікі масава з'язджалі ў эміграцыю, а астатнія атрымлівалі вялізныя тэрміны. Падпал машыны высокапастаўленага функцыянера стаў прыкметнай навіной.
Спачатку маладым людзям далі артыкул аб тэрарызме, па якім ім пагражала ад 15 да 25 гадоў калоніі.
У аддзел міліцыі, успамінае Лысаў, яго везлі з мяшком на галаве, а па дарозе збівалі, выкручвалі пальцы і адпрацоўвалі на затрыманым удушальныя прыёмы.
«Катавалі — хто ты, што ты. Я казаў, што нічога не ведаю, адмаўляў да апошняга, казаў, што я не падпальваў. Я думаў, гэта пракаціць — але ў Беларусі гэта не пракаціць. Там няма правасуддзя ўвогуле, а я яшчэ і ў палітычны замес трапіў.
Калі б я быў беларус, яны б мяне, напэўна, проста ў лесе павесілі — мне так і казалі, калі затрымлівалі, што проста вывезем у лес зараз і ўсё. Я адказваў — ну, мы ўсе памром калі-небудзь, маўляў. Гэта ўсё зараз гучыць смешна, а тады ўвогуле не смешна было», — распавядае ён.
Па словах Лысава, у аддзеле міліцыі яго наведаў сам кіраўнік МУС Беларусі Іван Кубракоў.
Для пачатку ён удакладніў, ці ведае затрыманы, чыю машыну падпаліў, і ці пазнае свайго суразмоўцу. На абодва пытанні расіянін адказаў адмоўна.
Тады Кубракоў падышоў да Лысава, які сядзеў на крэсле са звязанымі за спінкай рукамі, і, паводле яго слоў, «стаў ціснуць на болевыя зоны» на твары і за вушамі.
«Я пачаў выдаваць гукі, рыкаць. Ён кажа: рыкаеш, тыпу, сучонак? Правільна! Пасля гэтага ён галавой мяне аб сцяну ўдарыў і сказаў, што тыпу калі праз 20 хвілін я не прызнаю, то мяне па коле пусцяць. Я так нічога і не сказаў, і павезлі ў ІЧУ ў Акрэсціна», — кажа Лысаў.
З ІЧУ яго перавялі ў мінскі СІЗА-1. Там паставілі на спецулік як схільнага да экстрэмізму, таму першыя некалькі месяцаў яму не дазвалялі нават паведаміць пра затрыманне бабулі. У чаканні суда малады чалавек правёў паўтара года.
У Мінск да Лысава прыляталі аператыўнікі з Чувашыі. Пры ператрусе ў бабулінай кватэры яны знайшлі пісталет, а на кампутары — забароненыя «Азбуку «Хатняга тэрарызму» і «Кулінарную кнігу анархіста». Акрамя таго, сведкі сказалі, што Лысаў хадзіў страляць у цір з баявой зброі, таму расейскія сілавікі паспелі завесці справу па артыкуле аб навучанні з мэтай тэрарызму. Аднак ходу яму не далі — верагодна, міждзяржаўнае ўзаемадзеянне аказалася занадта складаным.
Паколькі палітычны матыў у справе Лысава і Таразевіча даказаць не ўдалося, абвінавачанне перакваліфікавалі на артыкул аб знішчэнні маёмасці.
2 лістапада 2022 года Лысава прыгаварылі да 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а Таразевіча — да 7,5 гадоў.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» прызнаў абодвух палітвязнямі, палічыўшы, што тэрміны і ўмовы ўтрымання «непрапарцыйныя» іх учынку.
Таразевіч да гэтага часу адбывае пакаранне, зараз яму 23 гады.
Пасля прысуду Лысаў напісаў заяву на экстрадыцыю ў Расію.
Перад перадачай з Беларусі ў Расію асуджаны павінен прайсці псіхіятрычнае абследаванне ў стацыянары. У псіхіятрычным шпіталі ён апынуўся ў адной палаце з мастаком Алесем Пушкіным. Знаёмства зрабіла на расіяніна моцнае ўражанне.
«Ён намаляваў мой партрэт і абяцаў, калі вызваліцца, перанесці на палатно. Ён да апошняга быў ідэйным, размаўляў толькі на беларускай, «Жыве Беларусь!» крычаў міліцыянтам, яго і білі за гэта, але ён усё роўна не зламаўся. Я гэтага чалавека вельмі паважаю, у яго стрыжань вельмі моцны», — кажа Лысаў. Праз некалькі месяцаў Пушкін памёр у турэмным шпіталі.
У снежні 2023 года Лысава экстрадавалі ў Расію. Там пад ціскам ужо расійскіх аператыўнікаў падпісаў кантракт з Мінабароны і апынуўся на ваўчанскім напрамку. Ён змог адтуль дэзерціраваць і збегчы за мяжу.
-
«Хацеў пайсці на службу, абараняць вас ад дронаў». Гамельчука, які марыў служыць у войску, затрымалі «за падпіску»
-
«У калонію заехала жанчына, якая адпраўляла мне мілыя пасылкі». Інтэрв’ю з галоўнай рэдактаркай Tut.by Марынай Золатавай
-
Мабільным аператарам забаранілі заганяць беларусаў у вялікі мінус
Каментары