«Упершыню чую, у чым мяне абвінавачваюць»: у Мінску пачаўся суд над журналісткай Tut.by Каспяровіч
У судзе Маскоўскага раёна праходзіць суд над журналісткай Tut.by Любоўю Каспяровіч. Яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве — ч. 1 арт. 24.23. Любоў была затрыманая ў пятніцу каля Дома правасуддзя ў Мінску, дзе праходзіць працэс над студэнтамі, піша Tut.by.

Справу разглядае суддзя Сяргей Кацар. Любоў удзельнічае ў пасяджэнні па скайпе. Кацар зачытвае, што Любоў абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве — ч.1 арт. 24.23
Журналістка адразу заявіла, што побач з ёй праходзіць іншы працэс — судзяць Анатоля Лябедзьку, таму яна вельмі дрэнна чуе тое, што кажа суддзя. Суддзя некалькі разоў паўтарае свае пытанні аб яе біяграфіі, зачытвае яе правы — Любоў чуе ўсё гэта толькі часткова.
Каспяровіч спачатку заявіла першае хадайніцтва: праз 10 хвілін, у 11.15, заканчвалася 72 гадзіны пасля яе затрымання, і яна дагэтуль не ведае, за што яе затрымалі і за што яна знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна — просіць азнаёміць яе з пратаколам затрымання і правапарушэння.
— Я ўпершыню ад вас чую, у чым мяне абвінавачваюць, — заявіла журналістка суддзі.
— У пратаколе маецца адзнака, што вы адмовіліся ад атрымання копіі пратакола, рабіць адзнаку, што вам тлумачыліся вашы правы і абавязкі, адмовіліся падпісваць пратакол, — сказаў суддзя.
— Гэта хлусня. Калі рабілі вопіс маёй маёмасці, праз 5 гадзін пасля затрымання, я рабіла ў пратаколе вопісу адзнаку, што мне не патлумачылі, за што я затрыманая, — заявіла Каспяровіч.
Суддзя Кацар адмовіў журналістцы ў хадайніцтве — яна не зможа азнаёміцца з пратаколам.
Каспяровіч заявіла яшчэ адно хадайніцтва — паразмаўляць з адвакатам Андрэем Мачалавым.
Абаронца таксама заявіў хадайніцтва — пагутарыць з падабароннай, суд яго задаволіў, але даў толькі 7 хвілін. З залы папрасілі выйсці ўсіх, акрамя адваката і сакратара суддзі — яна прысутнічала пры канфідэнцыйных зносінах падабароннага з адвакатам.
Пасля размовы з журналістам адвакат Мачалаў папрасіў суддзю даць яму час, каб азнаёміцца са справай. Суддзя задаволіў хадайніцтва, у судзе быў перапынак да 11.40.
Пасля перапынку адвакат заявіў, што ў справе маецца пратакол, у якім пазначана, што Любоў была затрыманая 14 мая ў 11.15. Гэта значыць 72 гадзіны адміністрацыйнага затрымання скончыліся, і журналіста павінны адпусціць, выключэнняў у законе няма. Адвакат хадайнічаў, каб Каспяровіч вызвалілі з-пад варты і выклікалі ў суд позвай.
Суддзя хадайніцтва адхіліў.
— У сувязі з тым, што разгляд справы суд ужо пачаў, Любоў Віктараўна праз скайп удзельнічае, адвакат удзельнічае — перашкод для разгляду справы няма, — заявіў Сяргей Кацар.
Адвакат Мачалаў у адказ на гэта заявіў адвод суддзі.
Суддзя сышоў у дарадчы пакой, каб прыняць рашэнне.
У перапынку адвакат распавёў, што Любоў адчувае сябе добра, у яе ўсё нармальна.
Каментары