Грамадства77

Марына Адамовіч: Начальнік турэмнай бальніцы сказаў, што калі я хачу, то магу забраць Міколу дадому

У інтэрв'ю LRT.lt Марына Адамовіч распавяла, як даведалася пра вызваленне мужа, у якім стане цяпер знаходзіцца палітык і як праходзіць яго рэабілітацыя.

Шукала яго паўсюль

11 верасня 2025 года Мікалая Статкевіча — аднаго з найбольш вядомых прадстаўнікоў беларускай апазіцыі і былога кандыдата ў прэзідэнты — вызвалілі разам з яшчэ 51 зняволеным пасля сустрэчы прадстаўніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам.

Аднак пры спробе прымусовай дэпартацыі Статкевіч адмовіўся пакідаць тэрыторыю краіны. На працягу некалькіх гадзін палітыка можна было бачыць праз камеры відэаназірання, усталяваныя на пагранпераходзе «Каменны Лог» з беларускага боку.

Праз некалькі гадзін яго павялі ў невядомым кірунку людзі ў цывільным. Пасля гэтага сувязь з Мікалаем зноў перарвалася, а яго дакладнае месцазнаходжанне заставалася невядомым аж да самага вечара 19 лютага.

«Я шукала Мікалая паўсюль і ўсімі даступнымі мне спосабамі — аж да суда. Суд пастанавіў, што мае патрабаванні паведаміць, дзе знаходзіцца Мікалай, неабгрунтаваныя. І тады ў мяне застаўся адзін спосаб — «эксперыментальны». Я адправіла ў Глыбокае бандэроль. Праз тыдзень яе забралі з пошты. Як цяпер стала зразумела, забралі яе тады, калі Мікалая там ужо амаль месяц не было.

То-бок мая надзея і асцярожная радасць пару дзён таму былі звязаныя толькі з тым, што Мікалай «на старым месцы». І маё жаданне было адно — знайсці яго і дапамагчы ўсім, чым толькі можна. А сусвет вярнуў мне яго самога — жывым і дадому», — напісала Марына Адамовіч у сацыяльнай сетцы Facebook.

Без дакументаў і без разумення статусу

Мікалай Статкевіч вярнуўся дадому 19 лютага, але, па словах жонкі, ён да гэтага часу застаецца без афіцыйных папер, што перашкаджае паўнавартаснаму лячэнню.

«Мікалай апынуўся дома ўвечары 19 лютага. Без пашпарта, без якіх-небудзь дакументаў, без эпікрызу або якой-небудзь выпіскі з медыцынскіх дакументаў, без разумення статусу. Гэта стварае вялікія праблемы для аператыўнага аказання медыцынскай дапамогі. Магу толькі сказаць, што сёння ён выглядае і адчувае сябе лепш, чым у той момант, калі я ўбачыла яго ў турэмнай бальніцы ўпершыню за 3 гады і амаль 8 месяцаў», — распавядае Марына Адамовіч.

Яна адзначае, што сур'ёзныя праблемы са здароўем у Мікалая пачаліся ў студзені — тады яго экстранна шпіталізавалі.

Інсульт, а дакладней інфаркт мозга, адбыўся 21 студзеня. Па словах Мікалая, у той жа вечар яго прывезлі ў Мінск, у бальніцу. Мікалай вельмі ўдзячны дактарам за прафесіяналізм. Сёння большасць функцый арганізма адноўленыя», — кажа жонка.

«Але ён расказаў, што з моманту, калі яго вярнулі ў калонію пасля спробы вывезці з Беларусі, яму перасталі выдаваць востра неабходныя яму лекі альбо замянялі іх на, мякка кажучы, малаэфектыўныя. Напрыклад, замест «Рывараксабана» (Ксарэлта) выдавалі звычайны аспірын. Рабіце высновы самі. Увесь гэты час я шукала яго, у тым ліку для таго, каб ён не заставаўся без неабходных лекаў, якія я адпраўляла ў калонію», — дадае яна.

Дом, спакой, прагулкі

Па словах Марыны, зараз працэс рэабілітацыі ўскладнены шэрагам праблем.

«Сёння ў нас няма нічога, на што можна абаперціся: ні разумення прававога статусу і магчымасці выехаць на рэабілітацыю, ні медыцынскіх дакументаў, ні нават пашпарта. Таму зараз гэта дом, спакой, прагулкі, якасная ежа і самыя неабходныя лекі, што параіў доктар, які яго лячыў», — распавядае жонка палітыка.

Яна прызнаецца, што з-за праблем з маўленнем аднаўленне праходзіць няпроста, і камунікацыя пакуль даецца з цяжкасцю.

«Гэта пакуль вельмі складана, асабліва з улікам таго, як шмат важнага нам трэба сказаць адно аднаму за тыя амаль шэсць гадоў і як важна Мікалаю выгаварыцца і быць пачутым, а мне — пачуць яго», — кажа Марына.

Гаворачы пра першыя дні пасля вяртання дадому, жонка палітыка адзначае, што, нягледзячы на перажытае, галоўнае адчуванне зараз — радасць і пачуццё адзінства.

«Гэта вельмі радаснае пачуццё, асабліва калі вы зноў і зноў пераконваецеся, што нічога не змянілася, што вы па-ранейшаму разам і глядзіце ў адзін бок і што гэтых амаль шасці гадоў як быццам і не было — здаецца, што ўвесь гэты час вы былі разам», — падкрэслівае яна.

Заява на імя галоўнага доктара

Пра тое, што муж выходзіць на волю, Марына даведалася раптоўна — усё вырашылася літаральна за лічаныя хвіліны.

«Роўна за пяць хвілін да таго, як гэта адбылося, калі начальнік турэмнай бальніцы сказаў, што калі я хачу, то магу забраць Мікалая дадому, каб ён працягваў аднаўляцца ў хатніх умовах. Я спытала: «Што для гэтага ад мяне трэба?» Аказалася, што — заява на імя начальніка бальніцы з просьбай «вызваліць для рэабілітацыі ў хатніх умовах», — падкрэслівае жанчына.

«Вось так усё проста. Забраць мужа з турэмнай бальніцы, рэжымнага аб'екта, можна па заяве на імя галоўнага доктара, дакладней — начальніка бальніцы. Зрэшты, я ўжо знаёмая з афіцыйнай версіяй яго вызвалення», — дадае яна.

Гаворачы пра падзеі на мяжы і адмову пакінуць Беларусь, Марына падкрэслівае, што разумела, якім будзе яго выбар, і прыняла яго.

«Я не сумнявалася ў тым, што пры спробе дэпартацыі ён прыме менавіта такое рашэнне, і мне было трывожна і страшна. Але я падтрымлівала і буду падтрымліваць яго заўсёды. «Чалавечыя каштоўнасці вартыя таго, каб чалавек быў гатовы за іх заплаціць», — гэта яго перакананне. Ён быў гатовы да любой цаны. Зараз мы разам, і мы дамо рады», — падсумоўвае жонка палітыка Марына Адамовіч.

Мікалай Статкевіч неаднойчы сутыкаўся з рэпрэсіямі. У 2004 годзе ён быў арыштаваны пасля ўдзелу ў акцыі пратэсту супраць правядзення рэферэндуму, які дазволіў Аляксандру Лукашэнку балатавацца на трэці тэрмін. Тады палітыка прысудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ўмоўна.

У 2010-м, пасля прэзідэнцкіх выбараў і разгону дэманстрацыі ў Мінску, Статкевіча зноў затрымалі. У 2011 годзе суд прыгаварыў яго да шасці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён выйшаў на волю толькі ў жніўні 2015-га, пасля таго як улады аб'явілі аб яго памілаванні, хоць сам палітык прашэння аб памілаванні не падпісваў.

Каментары7

  • Anatol Starkou
    23.02.2026
    Мова не верніцца. Не хачу казаць больш. Галоўнае Мікола дома.
  • Аляксандр
    23.02.2026
    Хутчэйшага аднаўлення наколькі гэта магчыма, герой Беларусі!
  • Здароўя!!!
    23.02.2026
    Здароўя моцнага, спадар Мiкола!

Цяпер чытаюць

Лукашэнка знайшоў незвычайныя словы для спачування Хаменеі: «вераломная атака»28

Лукашэнка знайшоў незвычайныя словы для спачування Хаменеі: «вераломная атака»

Усе навіны →
Усе навіны

Статкевіч заклікаў еўрапейцаў стварыць і ўзброіць Беларускі добраахвотніцкі корпус59

«Усю справу жыцця — усё разбурылі». Што вядома пра справу выдання «Інтэкс-Прэс», рэдактары якога атрымалі вялікія турэмныя тэрміны1

Лосік расказаў, як эпічна спаліўся падсадны арыштант у камеры СІЗА КДБ3

«Рамантыка скончылася, нават не пачаўшыся»: як мінчукі пераехалі ў глуш6

Супрацоўнікі службы эвакуацыі аддзяліліся ад «Байсола». Цяпер будзе ProEvac4

У Беластоку збілі двух беларусаў. Яны «абмяняліся ветлівасцямі» з незнаёмкай, а тая паскардзілася двум хлопцам7

Павел Севярынец анансаваў аб’яднанне Хрысціянскай дэмакратыі, якая раскалолася, пакуль ён быў зняволены6

«Вы прыйшлі сюды лохамі, а станеце драпежнікамі». Як працуюць мінскія кол-цэнтры скамераў17

Пад Рэчыцай «Рэно» сутыкнуўся з фурай: загінула маці з 10‑гадовым сынам

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка знайшоў незвычайныя словы для спачування Хаменеі: «вераломная атака»28

Лукашэнка знайшоў незвычайныя словы для спачування Хаменеі: «вераломная атака»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць