Грамадства

Бацька асуджанага па справе студэнтаў: Сын не падпісваў ніякіх папер ці прашэнняў аб памілаванні

У апошнім слове асуджаны на 2,5 года па «справе студэнтаў» Ілля Трахтэнберг сказаў: «Незалежна ад таго, што мяне чакае, я застануся вольным чалавекам, таму што я магу самастойна думаць і прымаць рашэнні». «Новы час» сустрэўся з бацькам Іллі Віталём і спытаў у яго пра лёс сына пасля абвяшчэння прысуду і пра тое, як жыве сям’я апошнія 10 месяцаў.

Спадзяваліся, што пасля размовы са следчым сын вернецца

Для тады яшчэ 18-гадовага Іллі Трахтэнберга выбары 2020 года былі першымі ў жыцці. Да гэтага ён не вельмі актыўна ўдзельнічаў у перадвыбарчых падзеях, але 9 жніўня стала для хлопца «спускавым кручком». З пачаткам навучальнага года Ілля, тады другакурснік мехмата БДУ, далучыўся да мірных пратэстаў студэнтаў. — Ён хлопец шчыры, і проста так уцерціся і зрабіць выгляд, што нічога не адбылося — гэта не пра яго, — распавядае Віталь Трахтэнберг. — Калі была сустрэча з рэктарам, рабяты прапанавалі, каб ад мехмата на яе пайшоў Ілля. Ён быў актыўны з першых дзён верасня, але нічога супрацьзаконнага не рабіў.Ніхто ў сям’і і падумаць не мог, што за сваю актыўнасць хлопец будзе расплачвацца свабодай. Але 12 лістапада ў кватэру, дзе жыў Ілля, прыйшлі трое супрацоўнікаў КДБ. Віталь, які тады быў разам з сынам, гаворыць, што вобшук праходзіў карэктна: ніякіх «маскі-шоу» з выломваннем дзвярэй. — Мне далі пасведчанні ў рукі, каб я мог прачытаць, пастанову, адзінае, не далі яе сфатаграфаваць. Дазволілі паклікаць сваіх панятых і не заходзілі ў кватэру, пакуль я не вывучу дакументы. Іллю дазволілі даслаць SMS маме. Пра тое, што маладога чалавека будуць затрымліваць, ніхто не казаў — гаварылі, што трэба нешта «ўдакладніць». Таму родныя Іллі спадзяваліся, што пасля размовы са следчым ён вернецца. — Яму яшчэ так клапатліва сказалі: «Ты ж вазьмі заплечнік для ноўтбука, каб было ў чым несці, калі пойдзеш назад». Таму пэўныя ілюзіі былі, — згадвае Віталь.

Тады яшчэ ён не ведаў, што сыну надзелі мех на галаву і павезлі ў КДБ. Увечары бацькам патэлефанавалі і паведамілі, што Ілля затрыманы на трое сутак, а потым — да 10. Ілюзіі зніклі.Бацькі зарыентаваліся хутка. З першага дня ў Іллі быў адвакат. Тым не менш на наступны дзень пасля затрымання хлопца дапытвалі ў прысутнасці іншага камерцыйнага адваката. Сям’я не звярталася па яе паслугі, але, па словах бацькі палітвязня, яна ўсё роўна спрабуе атрымаць з Віталя грошы за працу.

Марыць стаць архітэктарам і працягнуць дынастыю

Мужчына неахвотна дзеліцца эмацыйнымі момантамі з жыцця сына і расповедамі пра яго дзяцінства. У сям’і стараюцца кантраляваць эмоцыі — гэта дапамагае не ўпадаць у роспач, трымацца самім і падбадзёрваць Іллю. — Ілля — хлопец, які захапляецца і глыбока вывучае тэму. Вельмі актыўна ўдзельнічаў у клубе інтэлектуальных гульняў «Што? Дзе? Калі?», яму падабаецца графіка, чарчэнне, ён займаўся гэтым у гімназіі. Ленаваўся — выкладчыкі казалі, што, калі б ён рабіў як мае быць, вынікі былі б цудоўныя. Ілля грае на гітары і піша песні, у школе захапляўся геалогіяй, металамі, цікавіўся маркамі — у майго дзядулі калекцыя, трохі — астраноміяй. Ён — адкрыты, шчыры і трывалы хлопец, — распавядае Віталь Трахтэнберг.

Ілля марыць атрымаць адукацыю архітэктара і працягнуць дынастыю. Яго прадзед, вядомы архітэктар Навум Трахтэнберг, фактычна адбудоўваў пасляваенны Мінск — распрацоўваў генплан сталіцы, а таксама іншых гарадоў. Дзед — архітэктар-афарміцель. Пасля школы Ілля паступаў на архітэктуру ў Пецярбург, але не прайшоў, таму вярнуўся ў Мінск і пайшоў на мехмат у БДУ. Але на другім курсе вырашыў, што зімой пасля сесіі будзе забіраць дакументы і зноў паспрабуе паступіць на архітэктара. Праўда, Іллю адлічылі ў кастрычніку, незадоўга да затрымання. Фармальна — за пропускі, насамрэч — за актыўнасць.Бацькі Іллі ў разводзе, але цяпер яны аб’яднаныя справай падтрымкі сына і называюць гэта «каманднай працай». Яны абодва — з моцнымі характарамі, і гэта перадалося сыну. Апроч мамы і таты хлопца чакаюць 80-гадовая бабуля і дзве малодшыя сястры, адной з іх 18, другой — 3.

Пачаў займацца спортам, змяніў прычоску, перахварэў

«Справа студэнтаў», нягледзячы на шматлікія перашкоды, атрымала шырокі розгалас у СМІ. У ліпені 12 яе фігурантаў прызналі вінаватымі ў «актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». За кратамі яны ўжо амаль 10 месяцаў.Яшчэ напачатку года Віталь змог атрымаць некалькі спатканняў з Іллём. Ён зазначае, што логіка, паводле якой дазваляюць ці не дазваляюць спатканні з вязнямі, незразумелая. Наколькі вядома Віталю, сын не падпісваў ніякіх папер ці прашэнняў аб памілаванні — гэта яго прынцыповая пазіцыя, паколькі хлопец не лічыць сябе вінаватым.У зняволенні не вялікі выбар заняткаў, у асноўным Ілля займаў час настольнымі гульнямі і шахматамі. — Адразу ён прыйшоў і заявіў, што ўмее гуляць у шахматы, але яму хутка паказалі, што ён пагарачыўся — там хапае і лепшых гульцоў. Пачаў займацца спортам — смяюся, што хоць нехта яго прымусіў да гэтага. А то звычайна я адціскаюся, а ён ляжыць на канапе з гітарай ці смартфонам, — распавядае Віталь Трахтэнберг.

Каля месяца таму Іллю Трахтэнберга этапавалі з СІЗА на Валадарскага ў магілёўскую турму — гэта прамежкавы этап перад адпраўкай у калонію. Літаральна перад гэтым родныя яшчэ змаглі пабачыцца з ім. — Этап быў вельмі цяжкім, ехаў у кайданках. Але «пашчасціла», што рукі былі счэпленыя спераду. Канвой — з пустымі вачыма. Першае, што яны зрабілі — для чагосьці павытрасалі ўсе лісты з канвертаў. Таму Іллю, калі прыехаў, давялося складваць іх назад, — перадае бацька палітвязня.Ён даведаўся, што Ілля змяніў сваю фірмовую пышную фрызуру — пастрыгся вельмі каротка. Хлопец сцвярджае, што ніхто яго да гэтага не прымушаў, ён вырашыў сам змяніць імідж. Праўда, родныя іншых палітвязняў гавораць, што нягледзячы на ўсе шампуні, у зняволеных заводзяцца вошы. Магчыма, сыходзячы з гэтага Ілля і пастрыгся.

Да апошняга часу хлопец не скардзіўся на здароўе. Адразу па затрыманні, калі яго толькі змясцілі ў СІЗА КДБ, бацька сабраў для яго перадачу з вітамінамі і заспакаяльнымі сродкамі. Але сын казаў, што не выкарыстоўваў іх, а разлічваў на сілы свайго арганізма. — А тут ён папрасіў вітаміны і сродак ад прастуды. У лісце Надзі (маці Іллі. — НЧ) ён напісаў, што ўжо амаль ачуняў, і я так зразумеў, што хваробу схапіць паспеў. Але, мяркуючы па лістах, сын трымаецца нармальна.— Мы пішам яму бадзёра, не распавядаючы пра тое, што робіцца тут, і ён такім жа чынам нас беражэ, — прызнаецца Віталь Трахтэнберг.

«Галоўнае — усім быць разам»

У адказ на тое, як удаецца пераадольваць выпрабаванні, што так нечакана абрынуліся на сям’ю, Віталь Трахтэнберг хіба іранічна ўсміхаецца і паўтарае: «Нармальна, прарвёмся». І сапраўды: рэчы, ад якіх родныя Іллі былі далёкія, цяпер выконваюцца на раз-два. За час зняволення сына бацькам давялося засвоіць шмат новых уменняў: праштудзіраваць юрыдычную тэрміналогію, на памяць вывучыць правілы ўпакоўкі перадач у розных СІЗА. А яшчэ — пісаць у турму лісты падтрымкі незнаёмым людзям і не чакаць на іх адказаў. — Я разумею, там працуе такая ж схема, як і з Іллём: лісты прыходзяць, у асноўным, ад родных. На «Валадарцы» ліст ішоў у сярэднім 12 дзён. Тут, у Магілёве, тэрмін, здаецца, крыху зменшыўся — дзён сем, хоць я заўсёды выкарыстоўваю канверты першага класа.

Віталь штораз піша сыну доўгія лісты па 4 — 6 старонак. Пра што можна пісаць, калі, здаецца, словаў падтрымкі ўжо не хапае? — Словаў падтрымкі я яму, фактычна, не пішу — толькі напачатку і напрыканцы, калі развітваюся. З улікам таго, што ў мяне «квэст» з будаўніцтвам і рамонтам, гэтага хапае, каб распавесці ў лісце. Пішу пра рэчы, не звязаныя з месцам, дзе ён знаходзіцца, бо разумею, што цэнзар усё чытае. У сына навінаў нашмат менш. Ён піша, у асноўным, пра тое, што трэба перадаць у перадачах, і нейкія нейтральныя навіны. Бацька палітвязня перакананы: тым, хто за кратамі, важна ведаць, што пра іх памятаюць, таму трэба працягваць пісаць, нават калі адказы не даходзяць. А вось з перадачамі трэба быць асцярожнымі. — З нашага досведу: перадача ў СІЗА абмежаваная 30 кілаграмамі. І ў нас разлічана па 7,5 кілаграма раз на тыдзень. Але бывалі выпадкі, калі нехта хацеў зрабіць прыемнае і нешта перадаваў, не папярэдзіўшы, і ў нас заканчваўся ліміт. Мы з Іллём камунікуем і ведаем, што трэба перадаваць і ў якой колькасці. Таму, калі нехта хоча падтрымаць зняволенага, лепш адпраўляць пасылку, бо яе вага не ўваходзіць у вагу перадачы, альбо класці грошы на рахунак — аднак гэта можна рабіць у СІЗА, але не ў калонію — там толькі ад сваякоў. Гэта можа быць самая мінімальная сума, але там будзе напісана, ад каго. І калі ліст можа не дайсці, то перавод дойдзе гарантавана. Ну і вязень зможа купіць сабе карамельку.

Важна падтрымліваць і родных палітзняволеных, праўда, тут ва ўсіх сітуацыі розныя. Камусьці патрэбная матэрыяльная дапамога — рахункі за паслугі адвакатаў унушальныя. Камусьці — фізічная: не ўсе родныя жывуць у Мінску, часам яны могуць адправіць на маршрутцы сумку з перадачай, і трэба, каб хтосьці забраў і аднёс ды перадаў у СІЗА.— Аднаго рэцэпту няма, але галоўнае — усім быць разам. Бо рэжым спрабуе ўсіх раздрабіць, каб усе баяліся камусьці дапамагчы. І захоўваць узаемападтрымку — адзін з варыянтаў супрацьстаяння.

«Моцна пацісну яму руку і адпраўлю як можна хутчэй з краіны»

Дата апеляцыі прысуду па «справе студэнтаў» пакуль невядомая, але, меркавана, разгляд адбудзецца напачатку кастрычніка. Да гэтага часу падыдзе палова тэрміну зняволення, і бацька разлічвае, што Ілля зможа падацца на ўмоўна-датэрміновае вызваленне, нягледзячы на тое, што ў СІЗА, як і іншых, яго паставілі на ўлік як «схільнага да экстрэмізму». — Тут шмат нюансаў: артыкул за здзяйсненне злачынства ў групе асоб на судзе ім знялі, да таго ж, паколькі гэта першае зняволенне, яны не могуць быць экстрэмістамі. І ў Працэсуальна-выканаўчым кодэксе нідзе не сказана, што пры пастаноўцы на ўлік нельга падавацца на УДВ. Таму мы робім тое, што можам, у існуючым прававым полі і выкарыстоўваем усе законныя механізмы, якія ёсць. Я абсалютна не лічу яго вінаватым, яго сябры, нашыя суседзі лічаць яго героем і перадаюць словы падтрымкі. Я хацеў бы яму сказаць, каб ён трымаўся і кіраваўся «правілам трох «Н»»: не вер, не бойся, не прасі.Калі мне ўдасца яго выцягнуць раней, чым скончыцца гэты рэжым, я найперш моцна пацісну яму руку, а па-другое — адпраўлю як можна хутчэй з краіны. Пры ўмове, калі ён сам пагодзіцца гэта зрабіць.

Калі вы хочаце падтрымаць Іллю, напішыце яму ліст ці паштоўку: Турма №4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Ілля Вітальевіч Трахтэнберг.

Каментары

Цяпер чытаюць

Дзмітрый Лукашэнка хоча паставіць пад кантроль усе мабільныя тэлефоны16

Дзмітрый Лукашэнка хоча паставіць пад кантроль усе мабільныя тэлефоны

Усе навіны →
Усе навіны

17-гадовага на Audi спынілі стральбой з табельнай зброі1

«Паўстання такіх памераў у Беларусі ніколі не было». Гісторык расказаў, чым унікальны 2020-ты і што мы возьмем з яго на будучыню79

Беларускі рэжысёр расказаў, як у маладосці пазнаёміўся ў ЗША з адным з самых уплывовых украінцаў7

Мультыкомплекс каля Камароўскага рынку ў Мінску плануюць дабудаваць у 2026 годзе2

Пажар на станцыі і спыненне цягнікоў — у Расіі кажуць пра масіраваную атаку БПЛА1

Магчыма, менавіта тут была вязніца Кейстута. Археолаг прыадкрывае сакрэты Крэўскага замка15

Як мінімум 68 мігрантаў загінулі ля берагоў Емена ў выніку крушэння лодкі, дзясяткі зніклі без вестак3

Расія моцна пашкодзіла важны мост у Херсоне. Ці кажа гэта пра падрыхтоўку да дэсанту на правы бераг?2

Лукашысты вераць, што змогуць зняць санкцыі ні за што. Гэта рэальна?25

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзмітрый Лукашэнка хоча паставіць пад кантроль усе мабільныя тэлефоны16

Дзмітрый Лукашэнка хоча паставіць пад кантроль усе мабільныя тэлефоны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць