Спорт

Самы хуткі марафонец у свеце загінуў у аўтакатастрофе

24-гадовы перспектыўны кеніец Кельвін Кіптум разбіўся ў аўтамабілі ў сябе на радзіме, піша Бі-бі-сі.

AP Photo

Ён загінуў разам са сваім трэнерам, руандыйцам Жэрвезам Хакізіманам, на дарозе на захадзе Кеніі ў нядзелю.

Кіптум здзейсніў прарыў у 2023 годзе, стаўшы галоўным супернікам суайчынніка Эліуда Кіпчоге — аднаго з найвялікшых марафонцаў у свеце. А ў кастрычніку мінулага года ў Чыкага ён пабіў дасягненне Кіпчоге, пераадолеўшы дыстанцыю 42 км за дзве гадзіны і 35 секунд.

Абодва спартсмены былі ўключаныя ў папярэдні склад зборнай Кеніі па марафоне для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў канцы гэтага года.

Аддаючы даніну памяці Кіптуму, міністр спорту Кеніі Абабу Намвамба напісаў у X: «Жахліва балюча!!! Кенія страціла асаблівую жамчужыну. У мяне няма слоў».

Лідар кенійскай апазіцыі і былы прэм'ер-міністр Раіла Адынга заявіў, што краіна страціла «сапраўднага героя» і смуткуе па «выбітнай асобе… і іконе кенійскай лёгкай атлетыкі».

Себасцьян Коу, прэзідэнт Сусветнай асацыяцыі лёгкай атлетыкі, сказаў, што Кіптум быў «неверагодным спартсменам, які пакінуў неверагодную спадчыну».

Аварыя адбылася ў нядзелю каля 23:00 па мясцовым часе.

Кіптум быў за рулём, калі аўтамабіль страціў кіраванне і перакуліўся, у выніку чаго абодва загінулі на месцы.

Прадстаўнік паліцыі дадаў, што трэці пасажыр — жанчына — атрымала траўмы і была экстрана дастаўлена ў бальніцу.

У Кіптума засталіся двое дзяцей.

На мінулым тыдні каманда Кіптума абвясціла, што на марафоне ў Ратэрдаме ён паспрабуе прабегчы марафонскую дыстанцыю менш чым за дзве гадзіны — такога выніку яшчэ нікому не ўдавалася дасягнуць у адкрытым спаборніцтве.

Слава прыйшла да яго імкліва — свой першы поўны марафон ён прабег толькі ў 2022 годзе.

Ён адразу ж заявіў пра сябе на дыстанцыі, выйграўшы марафон у Валенсіі (2:01:53), стаўшы на той момант чацвёртым па хуткасці ў гісторыі, а затым устанавіў рэкорд трасы (2:01:25) на Лонданскім марафоне ў красавіку 2023 года.

Праз шэсць месяцаў, усяго толькі ў сваім трэцім забегу, Кіптум разам зняў 34 секунды з сусветнага рэкорду ў Чыкага. Гэта спаборніцтва стала для яго апошнім.

Фота: Alberto Pezzali / AP

Ён ужо адтачыў свой тактычны падыход, згодна з якім ён бег з групай на працягу 30 км, а затым павялічваў тэмп і выходзіў на дыстанцыю самастойна на апошняй частцы маршруту.

Кіптум удзельнічаў у сваім першым буйным спаборніцтве ў 2018 годзе, бегаючы ў пазычаных красоўках, бо не мог дазволіць сабе ўласную пару.

Ён стаў адным з новых кенійскіх спартсменаў, якія пачыналі кар'еру на дарогах, адарваўшыся ад ранейшай традыцыі, калі спартсмены пачыналі на бегавой дарожцы, а затым пераходзілі на больш доўгія дыстанцыі.

У мінулым годзе Кіптум распавёў, што яго незвычайны выбар быў абумоўлены проста недахопам сродкаў.

«У мяне не было грошай, каб ездзіць на бегавыя трэніроўкі», — патлумачыў ён.

Яго трэнер, 36-гадовы Хакізімана, быў у мінулым руандыйскім бягуном. Летась ён некалькі месяцаў дапамагаў Кіптуму ўсталяваць сусветны рэкорд.

Іх адносіны як трэнера і спартсмена пачаліся ў 2018 годзе, але ўпершыню яны сустрэліся, калі сусветны рэкардсмен быў нашмат маладзейшы.

«Я ведаў яго, калі ён быў маленькім хлопчыкам, які басанож пасвіў жывёлу» — успамінаў Хакізімана ў мінулым годзе. — Гэта было ў 2009 годзе, я трэніраваўся побач з фермай ягонага бацькі, ён наступаў мне на пяткі, а я яго адганяў. Цяпер я ўдзячны яму за яго дасягненні».

Каментары

Цяпер чытаюць

На волі Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Марына Золатава, Алесь Бяляцкі, Максім Знак! Агулам вызвалены 123 палітвязні

Усе навіны →
Усе навіны

На свабодзе Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі8

Лукашэнка памілаваў 123 зняволеных9

Марыя Калеснікава выйшла на свабоду5

У Крычаве пасля аварыі пачалі аднаўляць ацяпленне

Бізнэсовец Сяргей Ботвіч, якога асудзілі за «агентурную дзейнасць» і «шпіянаж» у Беларусі, абвясціў галадоўку4

У Італіі злачынца спрабаваў схавацца, выдаючы сябе за пастуха ў дэкарацыях каляднай батлейкі

Грэйпфрут, хурма і іншае на Камароўцы. Як правільна выбіраць мандарынкі?

Коўл: Лукашэнка мае вялікую гісторыю адносін з Пуціным, мае магчымасць даваць яму парады18

Коўл пра перамовы з Лукашэнкам: Гаварылі пра будучыню і пра тое, як нармалізаваць адносіны18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На волі Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Марына Золатава, Алесь Бяляцкі, Максім Знак! Агулам вызвалены 123 палітвязні73

На волі Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Марына Золатава, Алесь Бяляцкі, Максім Знак! Агулам вызвалены 123 палітвязні

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць