Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»99

Крэатыву — як ад казла малака

І пасля гэтага будуць яшчэ бажыцца, што ўказ № 60 прадыктаваны выключна жаданнем змагацца з выявамі голых цётак у Сеціве? Піша ў сваім блогу на НН Аляксандр Класкоўскі.

Пад выбары высокае начальства стала падварушваць ідэолагаў. Наталля Пяткевіч на чарговым семінары папракае: бракуе крэатыву! Інструктуе: не варта замоўчваць праблемы. «Няхай лепш першакрыніцай будуць ідэалагічныя службы, чым пра іх паведамяць апазіцыйныя сайты».

Во даліся ў знакі тыя сайты! І пасля гэтага будуць яшчэ клясціся, што ўказ № 60 прадыктаваны выключна жаданнем змагацца з выявамі голых цётак у Сеціве?

Калі ўжо на тое, дык Лукашэнка мусіць быць удзячны зубастым сайтам, што хоць падхлістваюць ягоных ідэалагічных «охранителей»!

У пасажы высокай начальніцы звяртае на сябе увагу канструкцыя «няхай лепш… чым». Падтэкст міжволі такі: калі справы дрэнь, лепей ўжо хай колюцца самі чыноўнікі, бо ўсё адно «нячэсныя» пісакі пранюхаюць ды раззвоняць. Пра тое, што ўлада апрыёры мусіць быць празрыстай, падкантрольнай і падсправаздачнай грамадству, і гаворкі няма.

Зрэшты, і гэтыя змушаныя ўстаноўкі — як мерцвяку прыпарка.

Да крэатыўнасці ідэолагаў заклікаюць банальнымі, зашмальцаванымі тэзамі кшталту «ісці ад жыцця».

Праблема ж у тым, што жыццё — вельмі шматстайнае. Праз танаваную шыбу службовага мерседэса яно бачыцца зусім іначай, чым з акна хрушчоўкі ці, напрыклад, з-за кратаў на Акрэсціна. Ад якога жыцця будуць ісці казённыя ідэолагі — здагадайцеся з трох разоў.

Калі разабрацца, ідэя адна — абараняць кармушку. Увесь «крэатыў» вертыкалі скіраваны адно на гэта.

Ідэалогія — адзін з самых затратных і пустых праектаў Лукашэнкі. Бальшавікі былі фанатыкамі ідэі, хай сабе і фальшывай, за імі сапраўды ішлі на барыкады. Нават Хрушчоў яшчэ мог звысоку паплёўваць на імперыялістаў: мы першыя запусцілі чалавека ў космас і ўсё такое!

Цяперашні рэжым пасля бяздарных спробаў ідэалагічнага рымейку саўка ненадоўга, падчас сытага застою сярэдзіны 2000-х, меў апафеозам хіба што прыземленую трыяду «чарка, скварка, патрыманая іншамарка».

Зараз жа

самы красамоўны казённы ідэолаг не ўлезе з колам у горла электарату, абуранаму грабежніцкім мытам на заходнія легкавікі. Хоць са скуры вылузніся, не давядзеш, што пятля мытнага звязу, энергазалежнасці ад Расіі — гэта крута і класна. Палітыка жыцця на дурніцу пацярпела фіяска.

Армада ж ідэолагаў за 15 гадоў не згенеравала нічога ўцямнага. Нуль па фазе. Голы васэр.

Сваёй няўклюднасцю, бездапаможнасцю цяперашняя ідэалагічная абслуга нагадвае апаратчыкаў эпохі перабудовы. Яны раз-пораз чулі, што час выходзіць з акопаў і даваць рашучы бой дэструктыўным элементам. Але так і не вылезлі. Шэрыя людзі з партфелямі былі пустым месцам на тле плеяды харызматыкаў, сімвалам якіх стаў пасіянарны Зянон.

Іншая рэч, што зараз

у народу няма таго рамантычнага драйву, веры ў прыгожыя лозунгі дэмакратаў, як тады. Эпоха Лукашэнкі спарадзіла масавую апатыю, татальнае бязвер’е.

І цяжка сказаць, хто возьме стырно на тле апатычнага грамадства, калі гнілая сістэма з нулявой ідэалогіяй папаўзе па швах.

Аляксандр Класкоўскі.

Каментары9

Цяпер чытаюць

Што вядома пра новага шпіёна беларускага ГРУ?4

Што вядома пра новага шпіёна беларускага ГРУ?

Усе навіны →
Усе навіны

Гасцей кавярні просяць выходзіць, калі яны бяруць каву з сабой. А так можна?1

Туалет тыпу дзірка ў падлозе і шалёны холад у зале: беларусы абмяркоўваюць, чаму з дрэс-кодам у тэатры будзе складана10

Наўседа: Калі ў бліжэйшыя некалькі тыдняў не будзе шароў, не будзе нелегальных мігрантаў, магчыма, пачнем дыялог з Беларуссю20

У Расіі аштрафавалі расіяніна за пагрозы беларускаму сілавіку праз СМС1

Ціханоўская: 2 красавіка рэжым адзначае самае цынічнае свята11

Беларуска Аляксандра Борціч, якая здымаецца ў Расіі, змяніла акцёрскую прафесію5

Беларускамоўнага інжынера родам з Хойнікаў асудзілі — хутчэй за ўсё, па справе Гаюна3

Як беларусам адкрыць «шэнген»: ці можна паспець да лета-20265

У рэстаране «Мак.бай» на загад Лукашэнкі перайменавалі амерыкана. Як назвалі?40

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што вядома пра новага шпіёна беларускага ГРУ?4

Што вядома пра новага шпіёна беларускага ГРУ?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць