Студэнт БДУ спрасціў навігацыю мінскага трамвая, новая схема ўжо тэстуецца ў сталіцы. Як вам?
Студэнт чацвёртага курса юрыдычнага факультэта БДУ Сяргей Мілеўскі ўдасканаліў схему сталічных трамвайных маршрутаў. Яна аб’яднала разрозненыя карты ў адну інтуітыўную інфаграфіку, піша «Мінск-Навіны».

Рэалізавалі ініцыятыву ў сумесным моладзевым праекце ВНУ і Мінгарвыканкама «Кіраўнік будучыні». Трыццаць студэнтаў універсітэта азнаёміліся з працай гарадскіх структур і прапанавалі ідэі па развіцці сталіцы ў сферах ЖКГ, архітэктуры, эканомікі і сацыяльнай палітыкі.
— Ідэя нарадзілася з асабістых назіранняў. Я не раз сутыкаўся з тым, як складана разабрацца ў навігацыі, асабліва ў мала знаёмай частцы горада, — падзяліўся студэнт БДУ. — Калі з’явілася магчымасць далучыцца да праекта «Кіраўнік будучыні» і папрацаваць са спецыялістамі сталічнай адміністрацыі, я зразумеў: гэта шанец увасобіць задуму, якая выспявала даўно.

Паводле слоў Сяргея, галоўны недахоп ранейшай схемы — раздробненасць інфармацыі.
Тры розныя карты — асобна маршруты трамваяў, перасадкі і карта метро. Новая навігацыя ўсё аб’яднала.
— Я хацеў, каб чалавек адразу знаходзіў неабходную інфармацыю, — растлумачыў хлопец. — Асабліва ў складаных сітуацыях. Напрыклад, калі разрадзіўся тэлефон, а побач няма прахожых.
— Прадастаўленыя схемы трамвайнага руху праверылі спецыялісты прадпрыемства на адпаведнасць дзеючаму раскладу. У астатнім яны цалкам захоўваюць аўтарскія правы распрацоўшчыкаў, — сказаў генеральны дырэктар «Мінсктранса» Алег Дзюбенка.
Малады чалавек рэалізаваў праект не адзін. Над візуальнай часткай працаваў дызайнер пад творчым псеўданімам Сяргей Кантэнт — блізкі сябар і аднадумца Мілеўскага. Менавіта яму належыць ідэя абнавіць афармленне інфаграфікі трамвайных маршрутаў.

— Мы часта абмяркоўвалі, што ранейшыя схемы састарэлі. Аднойчы выпрабаваў гэта на сабе: позна ўначы апынуўся ў незнаёмым раёне Мінска без сувязі, — падзяліўся Кантэнт.
Адзіным арыенцірам сталі прыпынкі, дзе ёсць перасадка на метро. Як любы жыхар сталіцы, ён добра ўяўляў схему падземкі і разумеў, дзе якая станцыя знаходзіцца.
— Але яны на схеме пазначаны лічбамі, а не назвамі. Няўжо нават пастаянныя карыстальнікі грамадскага транспарту ведаюць, якая станцыя хаваецца, скажам, пад нумарам 222. Давялося параўноўваць лічбы са схемай метро. Я ўсё ж дабраўся дадому, але пачуццё бездапаможнасці перад такімі навігацыйнымі «картамі» запомнілася надоўга, — расказаў дызайнер.
У тандэме абодва Сяргеі стварылі новую транспартную карту. Яны выкарысталі каляровую кадзіроўку маршрутаў, прадумалі, як абазначыць лініі метро так, каб яны не зліваліся з трамвайнымі, але пры гэтым заставаліся бачным. Геаграфічная дакладнасць была важнай умовай: схема не проста прыгожая, яна адлюстроўвае рэальныя адлегласці і ўзаемнае размяшчэнне вуліц і прыпынкаў на карце горада.

— Схема, якая да гэтага часу размешчана ў трамвайных салонах, распрацавана ў пачатку 1990-х і з таго часу амаль не змянялася. Яе дызайн састарэў як з эстэтычнага, так і з функцыянальнага пункту гледжання. Я зразумеў, што магу ўнесці ўклад у яе абнаўленне і паляпшэнне, — падкрэсліў Кантэнт.
— Былі звароты з прапановамі ад жыхароў сталіцы: удакладніць подпісы, дадаць арыенціры. Мы іх улічваем. Тым не менш схема ўжо блізкая да фінальнага варыянту, — падзяліўся Мілеўскі. — Калі праект будзе маштабаваны, прыярытэтнымі пунктамі стануць вузлавыя прыпынкі: побач з метро, каля стадыёна «Дынама», у турыстычных зонах.
Як адзначылі ў «Мінсктрансе», у цяперашні час новая схема трамвайнага руху размешчана на прыпынку «Чырвоная» і функцыянуе ў тэставым рэжыме. Сваё меркаванне пра прапанаваную навігацыю можна пакінуць, патэлефанаваўшы на гарачую лінію прадпрыемства па тэлефоне 8 017 375-99-50 або даслаўшы паведамленне ў афіцыйны Instagram-акаўнт @minsktrans.
Каментары