Грамадства

Смерць, траўма і хрумсткая капуста. Пра што гаварыла Святлана Курс на сустрэчы з беларусамі ў Вільні

Вечарам у пятніцу, 27 лютага, у Беларускім праваслаўным прыходзе Канстанцінопальскага патрыярхату ў Вільні адбылася сустрэча з пісьменніцай Святланай Курс — у літаратурным свеце яна больш вядомая як Ева Вежнавец. У Літву аўтарка прыехала з Польшчы на кніжны кірмаш, і ў апошні вечар перад ад’ездам прыйшла «да сваіх»: пагаварыць без сцэны, у камернай зале пры храме.

Святлана Курс на сустрэчы з беларусамі ў Вільні. Тут і далей фота «Нашай Нівы»

Гаспадар прыхода, айцец Георгій Рой, сустрэў яе каля ўваходу.

«Як вы прыгожа выглядаеце — у зялёным, так па-вясенняму», — цёпла павітаўся ён.

Унутры людзі збіраліся хутка. Праз некалькі хвілін не засталося вольных крэслаў: хтосьці стаяў у праходзе, хтосьці падпіраў сцяну. У руках — кнігі «Па што ідзеш, воўча?» з пазнавальнай зялёнай вокладкай.

Айцец Георгій адразу задаў тон:

«Наша размова будзе нефармальная. Хто хоча кавы ці чаю — частуйцеся. І мы пачынаем».

Пра малітвы і «моцных ахоўнікаў»

Святлана пачала не з літаратуры, а з таго, што было для яе галоўным у апошні час — з удзячнасці:

«Я хачу перш за ўсё падзякаваць вам усім за малітвы. Адна медсястра сказала, што ніколі не бачыла, каб хворы з карцыномай у чацвёртай ступені так лёгка стаяў і часта ўсміхаўся. І яна патлумачыла: «Відаць, за вас моцна моляцца і вы маеце вельмі моцных ахоўнікаў».

У Святланы — выразная, жывая міміка, яна лёгка трымае залу.

«Як чалавек, у якога спынялася сэрца, я магу сказаць вам: ніякай смерці на самой справе не існуе», — дадала яна.

У гэты момант на твары яшчэ была ўсмешка, але ўжо праз хвіліну яна знікла.

«Для мяне гэта падзеі аднаго парадку»

Святлана прызналася, што прыйшла на сустрэчу з цяжкім настроем: навіны дня кладуцца на сэрца аднолькава — і пра вайну ва Украіне, і пра беларускія прысуды.

«Я, шчыра кажучы, сёння вельмі моцна падаўленая духам. Даведалася, што на Канстанцінаўку ва Украіне падаюць запальныя снарады. І таксама даведалася, што двух маіх знаёмых пасадзілі на 12 і 14 гадоў (Былога рэдактара незалежнай баранавіцкай газеты «Інтэкс-Прэс» Уладзіміра Янукевіча прысудзілі да 14 гадоў калоніі, яго намесніка Андрэя Пакаленку — да 12 гадоў — НН). Для мяне гэтыя падзеі аднаго парадку», — сказала яна.

Яна ўзгадала і нядаўнюю смерць выдаўца Рамана Цымберава — страту, якую беларускі літаратурны свет яшчэ не паспеў прывыкнуць называць фактам.

«Калі я напісала пра смерць Рамана, мне з Беларусі сігналізавалі: «Маўчы»… Бо яны (карнікі) ідуць на цяпло. Калі адчуваюць, дзе ў нас цэнтр цяпла — прыходзяць туды і ўсё забіраюць.

Пасярод мора гэтых усіх страт я не ведаю, што вам сказаць добрага. Але нягледзячы на гэта, я вельмі аптымістычна гляджу на нашу блізкую гістарычную перспектыву. Я веру, што засталося цярпець нядоўга. Але гэты прамежак часу будзе вельмі цяжкім і цёмным».

Святлана гаварыла і церабіла рукі. Позірк блукаў па тварах, нібыта яна шукала, каму перадаць сваю напружанасць.

«Гэта рэчы, якія мяне зараз хвалююць. А цяпер я не ведаю, што з вамі далей рабіць. Танчыць не ўмею, спяваць не ўмею. Я ўмею толькі піць віно і пісаць. Усё».

Зала засмяялася. Айцец Георгій падхапіў:

«Вы думаеце, у нас віна няма? Ёсць!»

Святлана Курс і айцец Георгій Рой. 

Пра кнігу, «бруд» і святло з чарнаты

Адна дзяўчына выйшла да Святланы з кветкамі і сказала простае, але шчырае:

«Вы кажаце, што ў Беларусі шмат болю, але праз вашу творчасць я лекую свае раны».

Святлана ўсміхнулася і нібыта сама здзівілася:

«Дзякуй. Гэта дзіўна. Мая кніжка сама па сабе боль, і дзіўна, што людзі ёю лекуюцца».

Потым яна пачала тлумачыць, як піша. Без вады пра «натхненне» і без пафасу пра «місію».

«Ёсць упарадкаваныя пісьменнікі: яны пішуць паводле плану, і іх кнігі выглядаюць як дасканалае дзіця. Я пішу зусім інакш. Я збіраю фактуру, вобразы, люблю чорныя легенды і жыццёвы бруд, жыццёвую чарнату, бо з яе выходзяць самыя светлыя з’явы».

Часам літаратура пачынаецца не за сталом і лямпай, а з бульбы і званка:

«Аднойчы я палола агарод. У гэты час пазваніў выдавец Андрэй Янушкевіч: «Ствараецца ініцыятыва «Пфляўмбаўм», патрон — Святлана Алексіевіч. Ці няма ў цябе кніжкі?» Я кажу: «Будзе! Месяц — і зраблю», — узгадвае з усмешкай Святлана. 

Яна прызналася, што задумвала іншы тон, але тэкст кнігі пайшоў сваім шляхам.

«Гісторыя пра алкагалічку ў мяне пайшла вельмі добра, бо я разумею, што такое адчуваць сябе слабым чалавекам, які страціў усё… Мне было цікава намаляваць жыццё ва ўсёй складанасці. Не факт, што мы атрымаем узнагароду — пры жыцці ці пасля жыцця. Варта ісці служыць таму, што ты лічыш патрэбным, не чакаючы ўзнагароды», — дадала пісьменніца.

Прадзед-энкавэдыст і магіла, якую «схавала» бяроза

Святлана прыгадала сямейную гісторыю, на прыкладзе якой паразважала пра тое, што кожны з нас у выніку атрымае тое, што заслугоўвае: 

«Мой прадзед Іван Кандраценя быў энкавэдыстам. Ён адпраўляў сем’і на Салаўкі… Ён памёр у 42 гады ад разрыву сэрца. Паміраў тварам да сцяны, і ўся сцяна была мокрая ад слёз. Яго жонка казала: «Ну што, нараскулачваўся? Нараскулачваў маленькіх дзетачак?»

Я разумею, чаму ён так паступіў. Каб прайсці праз ігольнае вушка новай улады, мусіў зрабіцца здраднікам і забіваць чужыя сем’і, каб выратаваць сваю. А расплатай за гэта стаў не суд, а народная памяць.

Пасля смерці ён ляжаў пад тоўстай старой бярозай, і туды дзеці спецыяльна хадзілі пляваць. І так некалькі пакаленняў. Потым бяроза ўпала, і дзе цяпер тая магіла, ніхто не ведае. Так гэты чалавек быў пракляты».

Пры гэтым Святлана выводзіла галоўнае: пра памяць і пра тое, што нават у чорным усё роўна варта шукаць надзею: 

«У самай чорнай гісторыі заўсёды ёсць надзея. Вы ніколі не ведаеце, на чым чалавек зломіцца, пераменіцца і стане лепшым. Ёсць людзі закончаныя, але іх мала. А ёсць людзі незакончаныя».

Яна расказала і пра сваю мару:

«Я страшна мару пра музей у Курапатах. Я хачу, каб у нас быў такі музей. Каб вуліцы ў нас прыгожа называліся, усіх гэтых Мясніковых і Леніных з мапы прыбраць. У нас жа куча работы! І на гэтую працу мы павінны дайсці здаровымі, непаламанымі, жывымі і ўмерана яшчэ і радаснымі».

Пра траўму, якая не паспявае загаіцца

Святлана некалькі разоў вярталася да слова «траўма» як да стану, у якім краіна жыве ўжо не адно стагоддзе.

«У нас траўма працягваецца 250 гадоў з хвосцікам. І яна не сыходзіць, ёй няма калі гаіцца. Бо зверху накладаюцца траўмы ўсё новых пакаленняў. Мы не пакутнікі, а мы ў бясконцым цыкле неперапрацаванага болю», — сказала яна.

Асобна яна спынілася на маўчанні як частцы гэтай траўмы.

«У 40-50‑х людзі ненавідзелі савецкую ўладу, супраціўляліся калгасам. Але мы пра гэта амаль нічога не ведаем. Бо яны былі настолькі запалоханыя, што маўчалі — да смерці і пасля смерці.

Траўма, пра якую не гавораць, не знікае. Яна проста пераходзіць у страх, у звычку «не высоўвацца», у жаданне забыцца, бо без памяці лягчэй дыхаць».

Але, паводле Святланы, у беларусаў і расейцаў гэтае «бяспамяцтва» мае розную прыроду.

«У нас гэта часта страх і спосаб выжыць. А ў іх — яшчэ і выбарачная памяць дзеля «вялікай ідэі», дзеля вялікай айчыны, без якой яны баяцца застацца без тоеснасці», — адзначыла пісьменніца. 

І ўсё ж у гэтай размове пра траўму не было фаталізму.

«Гэта як хрыбет, які зламалі, а ён няправільна зросся. Чалавек адначасова і слабейшы, і мацнейшы», — падкрэсліла Святлана.

І дадала галоўнае — не пра мінулае, а пра будучыню:

«Трэба па магчымасці не перадаваць траўму далей, сваім дзецям і ўнукам. Каб яны ўжо былі шчаслівыя».

«Я панішчыла ўсё»

Калі размова закранула хваробу, Святлана прызналася:

«Калі даведалася пра дыягназ — анкалогія — я панішчыла ўсё! У мяне цяпер нават няма пенсійных дакументаў. На чорта тая мне пенсія! Я нават не збіралася жыць».

Яна распавяла, што знішчыла і ўсе творчыя напрацоўкі, і толькі потым, калі спрабавала хоць нешта аднавіць, зразумела: вярнуць ужо няма чаго. Але разам з гэтым прыйшло нечаканае адчуванне:

«У мяне ўжо нічога не было, і я адчула страшную свабоду».

Але цяпер Святлана плануе новае жыццё:

«Я цяпер уверавала. І хоць гэта карцынома, і яна пагражае вярнуцца, я зноў пачну збіраць пенсійныя дакументы. Я думаю, гэта найвышэйшая ступень аптымізму».

Айцец Георгій тут жа падхапіў:

«Новая кніжка будзе пенсійнай».

«Так!» — лёгка згадзілася Святлана.

«Што нам рабіць тут, у выгнанні?»

З залі гучалі розныя пытанні: пра кнігу, творчасць, а таксама як беларусам жыць у выгнанні?

«Чым мы павінны займацца? Ісці ў бок таго, што нам падабаецца. У бок нашай любові. Кожны павінен добра рабіць сваю справу — творчасць гэта ці штодзённая праца. Мы павінны гуртавацца вакол таго, што мы сапраўды любім, рэалізоўваць сябе.

Фактычна мы павінны жыць сваё найлепшае жыццё, быць шчаслівымі. Беларусь не выкарчаваць з сэрца. Што б не адбывалася — мы беларусамі застанемся», — перакананая Святлана.

Яна гаварыла і пра тое, што нават пры рускамоўнасці і разарванай культурнай пераемнасці беларуская адрознасць трымаецца:

«Ментальнасць не сціраецца за дзесяць пакаленняў. Гэта занадта магутная штука.

Часам атрымліваю кароценькія паведамленні з Беларусі: «мы ёсць», «мы чытаем». А яшчэ люблю, калі мне прывозяць квашаную капусту і сала з такім прыветам: «мы ёсць, мы ўсё ведаем, мы ўсё бачым».

І такой капусты, як беларусы квасяць, тут няма. Тут яна саладкаватая. А наша не, яна — хрумсткая.

Так што не трэба адчайвацца», — рэзюмавала Святлана пры канцы сустрэчы. 

Каментары

Цяпер чытаюць

Загінуў беларускі добраахвотнік Васіль «Дзір» Рапіцкі10

Загінуў беларускі добраахвотнік Васіль «Дзір» Рапіцкі

Усе навіны →
Усе навіны

Затрыманыя ў Будапешце інкасатарскія машыны ўкраінскага Ашчадбанка знаходзяцца на тэрыторыі Антытэрарыстычнага цэнтра Венгрыі4

«Страйк пакупнікоў». Чалы спрагназаваў зніжэнне цэнаў на кватэры6

Будаўніцтва трэцяй чаргі Зялёналужскай лініі метро: што ўжо зроблена і што яшчэ наперадзе1

Іран цалкам гатовы да «зацяжной вайны»7

У Будапешце затрымалі сем супрацоўнікаў украінскага Ашчадбанка з дзясяткамі мільёнаў даляраў33

Ці можна прадказаць рэвалюцыю? Навукоўцы прапануюць некалькі формул

Новыя, сучасныя лекі ці даўнія, ранейшыя прэпараты: у якіх пабочак больш?

Мурманскі губернатар прылятаў у Мінск шыкоўным бізнэс-джэтам, які нібыта аплаціў беларускі бок2

Джон Коўл падзякаваў Лукашэнку за сённяшняе вызваленне палітвязняў18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Загінуў беларускі добраахвотнік Васіль «Дзір» Рапіцкі10

Загінуў беларускі добраахвотнік Васіль «Дзір» Рапіцкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць