У Варшаве ў беларуса скралі яркі Hyundai. Машыны ў Польшчы знікаюць рэгулярна, маштабы пужаюць
Аўтамабіль быў з польскімі нумарамі.
У суполцы ў фэйсбуку «Беларусы ў Варшаве» з'явіўся чарговы допіс пра тое, што ў польскай сталіцы скралі аўтамабіль, які належаў беларусу.
Непрыемная гісторыя здарылася з Hyundai Kona — ён знік у невядомым кірунку ў ноч на 25 верасня.

І гэта далёка не адзінкавы выпадак за апошнія гады, пра які становіцца вядома грамадскасці.
Так, у кастрычніку 2023 года партал «АўтаГродна» налічыў восем такіх выпадкаў у ад пачатку года.
Прычым з васьмі машын, скрадзеных у беларусаў, тады ўдалося знайсці толькі адну.
У 2024 годзе адбыўся, мабыць, самы дарагі крадзеж: у беларуса скралі Porsche 718 Spyder, кошт якога перавышаў $100 тысяч. Аўтамабіль быў зарэгістраваны ў Польшчы. На момант крадзяжу ён знаходзіўся на закрытым паркінгу — і нават гэта не дапамагло.
Таксама ўжо ў пачатку 2025 года ў беларуса скралі Lexus UX; машына таксама мела польскую рэгістрацыю.
Насамрэч машыны ў Польшчы крадуць, не азіраючыся на нацыянальнасць або грамадзянства ўласніка. Але тым не менш навіны пра тое, што машыну скралі ў беларуса, з'яўляюцца рэгулярна. Прычына гэтага крыецца ў агульных лічбах крадзяжоў.
Лічбы, якія пужаюць
Так, напрыклад, за 2023 год у Польшчы было зафіксавана 10 021 крадзяжоў аўтамабіляў. Летась — 9820 крадзяжоў. З іх амаль 1900 прыходзілася на Варшаву. Атрымліваецца, што ў польскай сталіцы ў сярэднім крадуць па пяць машын штодня. Таму і не дзіўна, што нярэдка ў іх лік трапляюць аўтамабілі беларусаў.
Агулам на Мазавецкае ваяводства, да якога адносіцца і Варшава, прыпадае да 40% усіх згонаў у Польшчы.
Адметна, што калі браць даныя за апошні час, то красці машыны ў Польшчы сталі радзей. У 2014‑м было амаль 14 тысяч выпадкаў. Найгоршым годам у гісторыі Польшчы ў плане крадзяжоў машын лічыцца 1999-ы, калі ў краіне было скрадзена 71 тысяча аўто.

Якія шанцы, што машыну знойдуць?
Даныя па раскрывальнасці, якімі з польскім выданнем Onet летась падзялілася паліцыя варшаўскага раёна Таргувэк, не абнадзейваюць.
За шэсць месяцаў 2024 года ў раёне было заведзена 66 крымінальных спраў па крадзяжах аўтамабіляў. З іх 62 былі завершаныя, але толькі дзве скончыліся абвінаваўчым заключэннем супраць падазраваных. Яшчэ дзве справы былі спыненыя праз адсутнасць складу злачынства.
Пры гэтым у 58 з 62 выпадкаў справы былі спыненыя, бо злачынцу не ўдалося выявіць.
Такім чынам, раскрывальнасць па крадзяжах аўто ў гэтым раёне — каля 6,5% пры сярэднім паказчыку па Варшаве 7,7% паводле даных за 2023 год.
Паліцыя бяздзейнічае?
Беларусы, якія сутыкнуліся з крадзяжамі аўто ў Польшчы і пасля гутарылі з журналістамі адзначалі нізкую зацікаўленасць у раскрыцці спраў з боку паліцыі.
«Самае цікавае, што паліцэйскі ўчастак знаходзіцца за 100 метраў ад месца стаянкі майго аўтамабіля. Мы адразу ж прыйшлі ў пастарунак, каб заявіць пра крадзеж, дзяжурны запісаў усе звесткі. А далей прыйшлося чакаць чатыры гадзіны, патруль быў заняты іншай справай», — расказваў журналістам беларус, у якога ў 2023‑м скралі трохгадовы Mitsubishi Outlander.
Па словах пацярпелага, на пытанне, ці шмат машын крадуць у Варшаве, паліцэйскі адказаў, што вельмі шмат, і дадаў, што машына ўжо разабраная на запчасткі, таму яе няма сэнсу шукаць.
Беларус, у якога ў пачатку гэта года скралі Lexus, таксама скардзіўся на адсутнасць ініцыятывы з боку паліцыі.
«Яшчэ ў першы вечар афіцэры сталі казаць мне, што аўтамабіль ужо разабраны».
Адзіны скрадзены аўтамабіль, які ўдалося вярнуць беларусу, быў знойдзены дзякуючы відавочцу, які заўважыў машыну і паведаміў паліцыі пра яе месцазнаходжанне.
Якія аўто часцей за ўсё крадуць у Польшчы і што з імі робяць?
Найбольшым попытам у крадзяжы аўтамабіляў карыстаюцца машыны японскіх і карэйскіх вытворцаў — на гэтыя маркі прыпадае каля дзвюх трацін усіх крадзяжоў.
Каля 80% скрадзеных машын сапраўды разбіраюць на запчасткі. Так, у снежні 2023 года польскай паліцыі ўдалося хутка знайсці скрадзены BMW X5, але нягледзячы на тое, што з моманту крадзяжу прайшло ўсяго некалькі гадзін, машыну ўжо паспелі пачаць разабраць.

І гэта не адзінкавы выпадак: паліцыя неаднойчы знаходзіла скрадзеныя аўто ўжо ў стадыі разбору. Так, у лістападзе 2023 года паблізу Варшавы аператыўная група «Кобра» выявіла базу злодзеяў, абсталяваную GPS/GSM-глушыцелямі.
Іх выкарыстоўвалі, каб было немагчыма знайсці машыну з дапамогай GPS-трэкераў.
А што з крадзяжамі ў Беларусі? За 2023 год у краіне было скрадзена 569 аўто, з іх 563 знойдзена. У 2024‑м скрадзена 496 аўто, з іх 495 знайшлі.
Каментары