Грамадства33

Як Фядыніч адкрыў аўтобус Статкевічу на мяжы і як Вінярскі таксама выйшаў, каб застацца ў Беларусі. Новыя падрабязнасці

Новыя падрабязнасці таго, што адбывалася на мяжы пры дэпартацыі палітвязняў у Літву 11 верасня расказвае «Новая газета. Европа».

Мікола Статкевіч на беларускай мяжы, 11 верасня 2025 года

Даўжэй за ўсіх з Мікалаем Статкевічам знаходзіўся Максім Вінярскі, расказвае выданне. Максім быў затрыманы ў студзені 2021 года і прысуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі за «масавыя беспарадкі». А ў мінулым годзе затрымалі яго родную сястру Алену Церашкову — маці чацвярых дзяцей, сківічнага хірурга і двухразовую чэмпіёнку Беларусі па таэквандо. Алену асудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі».

Да канца тэрміну Максіму Вінярскаму заставаўся месяц, калі яго з калоніі № 3 даставілі ў СІЗА КДБ. Ён разумеў, што іх будуць вывозіць пад канвоем, і варыянтаў пазбегнуць выдварэння з роднай краіны няма. Але ўсю ноч ён пра гэта думаў і вырашыў дзейнічаць па абставінах. Як і Мікалай Статкевіч.

— Калі нас вывезлі з Беларусі, — кажа Максім, — на нейтральнай паласе канваіры ў масках хутка выскачылі з аўтобуса і зніклі. Аўтобус паехаў у бок Літвы, дзверы былі зачыненыя. Мікалай пачаў біць па дзвярах аўтобуса.

Кіроўца-гэбіст закрычаў штосьці наконт паломкі і шкоды, але Мікалай быў упарты. Утрымаць яго ў аўтобусе і перавезці на літоўскі бок наўрад ці было магчыма.

І тут падышоў Генадзь Фядыніч, які кіраваў прафсаюзам радыёэлектроннай прамысловасці, і проста павярнуў аварыйную ручку над дзвярыма. Сціснутае паветра пачало выходзіць, і заставалася толькі адчыніць дзверы простым фізічным намаганнем.

Статкевіч адчыніў дзверы, і Максім Вінярскі выйшаў з аўтобуса ўслед за ім. Яны пайшлі да беларускай мяжы. Насустрач ім выбегла маладая памежніца з крыкам «Вам сюды нельга! Ідзіце ў Літву!»

Статкевіч пачаў тлумачыць, што ён грамадзянін Беларусі, і яго ніхто не можа не ўпусціць у краіну грамадзянства. Памежніца адказала: «А як вы можаце даказаць, што вы грамадзянін Беларусі? У вас няма дакументаў, а без дакументаў вас ніхто не ўпусціць у Беларусь».

— Потым, — працягвае Максім Вінярскі, — з боку Беларусі прыйшоў нейкі мардаварот у цывільным. Ён загадаў памежніцы вяртацца на пост, а нас пачаў пераконваць у тым, што ў нас няма іншага выйсця, і мы абавязаныя ісці ў Літву, паколькі ў Беларусь нас усё роўна не пусцяць. А ў Літве нас ужо чакаюць, там свабода і сябры. У Беларусі ж, калі будзем упірацца, нічога добрага не будзе. Статкевіч яго і слухаць не хацеў.

Мы стаялі каля той бетоннай дугі, якая трапіла ва ўсе сусветныя медыя. Мікалай хацеў сесці. Спытаў мардатага: «Я магу тут прысесці?» Той адказаў: «Не, нельга, гэта ўжо беларуская тэрыторыя». І тады Мікалай схапіўся за сэрца і сказаў: «Ой, кепска мне, не магу стаяць…» І спакойна сеў.

Тады мардаварот у цывільным паклікаў амерыканца. З боку памежнага паста прыйшоў, верагодна, супрацоўнік пасольства — мы пра яго ведаем толькі тое, што яго завуць Кевін. Больш ніякай інфармацыі пра сябе ён не паведаміў. Кевін таксама пачаў пераконваць нас ісці ў Літву і нават прапанаваў свой мабільны тэлефон, каб мы пазванілі родным.

Я пазваніў маме. Мама сказала, што ўжо другі год жыве ў якасці маці двух палітзняволеных і што калі са мной зноў нешта адбудзецца, яна не перажыве гэтага. І ў сястры Алены, якая адбывае тэрмін на «хатняй хіміі», могуць узнікнуць новыя праблемы. Я не мог на іх напляваць. Я прыняў рашэнне ісці ў Літву.

Маці Максіма — 79 гадоў. І апошнія пяць гадоў яна правяла ў зборы перадач і пасылак, паездках у СІЗА і калоніі, клопаце пра ўнукаў, калі пасадзілі яшчэ і дачку. 

Статкевіч жа, разумеючы, што будзе далей, папрасіў Максіма Вінярскага перадаць вельмі важныя і асабістыя словы жонцы Мікалая Марыне Адамовіч. Максім перадаў.

Каментары3

  • Малаток
    23.10.2025
    Мікола Статкевіч -- сапраўдны герой Беларусі!
  • Панк
    23.10.2025
    Статкевіч, калі клікаў на Плошчу-2010, казаў, што "прыходзьце, у нас ёсць план." Які ж аказаўся па выніку "план": народ павялі не да рэзідэнцыі недапрэзідэнта, хоць і былі тады так званыя "выбары прэзідэнта", а павялі да дому так званага ўрада, які ў Беларусі нічога не вырашае. Там з натоўпа выскачылі правакатары і пачалі біць шкло ў доме "урада", на што ўлада адрэагавала збіццём народа і пасадкамі. Вось і ўвесь "план" Статкевіча. А цяпер ён будзе казаць, што гэта народ туды нібыта сам пайшоў, нібыта народ зусім дурны. Потым я пачаў выясьняць біяграфію гэтага правакатара Статкевіча, і аказалася, што Зянон Пазьняк піша, што Статкевіч тое ж вычвараў і напрыканцы 90-х- пачатку 2000-х.
    Вось, што піша сведка падзей Зянон Пазьняк:
    https://pazniak.info/page_da_pyitannya_pra_rejyimnuyu_quotapazyitsyiyuquot
  • Алесь
    23.10.2025
    Панк, правакатары былi таксама ў 2020 (калі ўвечары 9 жніўня на скрыжаванні каля стэлы амапавец перадаў выбуховы пакет правакатару ў цывільным і тый кінуў яго ў натоўп), і што з таго? Няшмат хто памятае, але пад час Плошчы-2010 быў зроблены слушны крок - была здзейсненая першая спроба стварэння альтэрнатыўнага ўраду. Менавіта тое, чаго не хапіла ў 2020.

Цяпер чытаюць

Пуцін: Еўрапейскія падсвінкі спадзяваліся пажывіцца на развале Расіі76

Пуцін: Еўрапейскія падсвінкі спадзяваліся пажывіцца на развале Расіі

Усе навіны →
Усе навіны

Тэлефонныя махляры пачынаюць званіць ад імя паліклінік, палохаючы эпідэміяй грыпу3

Ціханоўская: Беларусы не здаліся6

Вырашыўся лёс хлопчыка, які трапіў у прытулак з-за таго, што маці не адправіла яго ў школу2

Спікер Сейма Літвы дапусціў змяненне адносін з Беларуссю: адны толькі санкцыі даюць вынік, але не канчатковы7

Сыну рэжысёра Роба Райнера выставілі абвінавачванні ў забойстве бацькоў

Гродзенскага праграміста з 23‑гадовым стажам адправілі за краты за палітыку

Канчаткова дэмантуюць таксафоны5

Ва Украіне знайшлі шары з беларускімі цыгарэтамі, якія ляцелі ў Польшчу

Лукашэнка сцвярджае, што да перамоўнага працэсу па Украіне далучылі Беларусь10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пуцін: Еўрапейскія падсвінкі спадзяваліся пажывіцца на развале Расіі76

Пуцін: Еўрапейскія падсвінкі спадзяваліся пажывіцца на развале Расіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць