Чэргаў на мяжы цяпер не будзе? Чаго чакаць ад адкрыцця «Брузгоў» і «Бераставіцы»
Польшча з 17 лістапада плануе адкрыць два памежныя пераходы з Беларуссю: «Баброўнікі — Бераставіца» і «Кузніца — Брузгі». Паглядзелі, як гэта можа паўплываць на сітуацыю з чэргамі на мяжы.

«Бераставіца — Баброўнікі»
Пункт пропуску «Бераставіца — Баброўнікі» павінен цалкам аднавіць працу для ўсіх катэгорый транспарту, то бок праз яго паедуць у тым ліку аўтобусы і грузавікі.
Гэты пункт пропуску не функцыянаваў без малога тры гады, бо Польшча закрыла яго з 10 лютага 2023 года ў адказ на прысуд Анджэю Пачобуту.
За гэты час на беларускім баку адбылася рэканструкцыя «Бераставіцы». Пункт урачыста адкрылі 14 лютага 2025 года. Тады ж агучылі новыя лічбы прапускной здольнасці гэтага пераходу.

За суткі ў адзін бок беларускі бок можа афармляць да 1400 легкавых аўто, 425 грузавікоў і 125 аўтобусаў. Наколькі гэтыя лічбы рэалістычныя і ці будзе гатовы польскі бок прымаць столькі транспарту — пакуль невядома.
Што змянілася пасля рэканструкцыі
Пры гэтым даволі вузкі мост праз раку Свіслач, які ўплывае на прапускную здольнасць гэтага пераходу, не змяніўся. Па спадарожнікавых здымках бачна, што на польскім баку ў «Баброўніках» таксама нічога не змянілася.

На беларускім баку ўзвялі новы будынак для афармлення пасажыраў з дзвюма заламі ўмяшчальнасцю па 60 чалавек, паставілі крытыя навесы для працы памежнікаў і два новыя вагагабарытныя комплексы з дынамічнымі вагамі і падвышаным модулем.
Як было да закрыцця?
Ці паўплывае гэта неяк на колькасць транспарту, які будзе перасякаць мяжу — невядома, таму мы можам абапірацца толькі на аб’ёмы, якія былі да закрыцця мяжы. І гэтыя лічбы радуюць.
Да закрыцця праз «Бераставіцу» праязджала каля 500 адзінак пасажырскага транспарту ў адзін бок.
Так, напрыклад, у апошнія суткі працы з Беларусі ў Польшчу выехаў 491 легкавік.
Бывалі і больш «прадуктыўныя» дні: 12.01.2023 года (фактычна за месяц да закрыцця) было аформлена 555 легкавікоў у адзін бок, а 1 лютага 2023 — 572.

Па пропуску пасажырскага транспарту «Бераставіца» тады саступала толькі «Брэсту».
Што па грузавіках?
Што да грузавога трафіку, то колькасць аформленага транспарту моцна адрознівалася ў залежнасці ад часу. Калі ў пачатку 2022 года з Беларусі ў Польшчу праз «Бераставіцу» выязджала каля 300 грузавікоў за суткі, то ў апошнія месяцы працы — ад 100 да 200 грузавікоў.

Тым не менш, нават калі праз «Бераставіцу» будзе праязджаць каля 150 фур за суткі, то адзін гэты пункт пропуску з лёгкасцю кампенсуе два закрытыя да 1 снежня пункты пропуску на мяжы з Літвой. Праз «Беняконі» і «Каменны Лог» разам узятыя за суткі з Беларусі ў Літву ў верасні выязджала ў сярэднім каля 135 фур.
І гэта з улікам калінінградскага транзіту, бо, як бачна па статыстыцы, каля 40‑50 фур з Беларусі ў Літву праз «Каменны Лог» праязджае і цяпер.
«Брузгі — Кузніца»
У адрозненне ад «Бераставіцы», «Брузгі» запрацуюць толькі для легкавых аўто. Грузавы транспарт і аўтобусы праз гэты пункт пропуску, прынамсі на першым этапе ездзіць, не будуць. Гэта перш за ўсё звязана з тым, што на польскім баку яшчэ не завершана глабальная рэканструкцыя трасы і іншай інфраструктуры.
«Брузгі» — адзін з самых буйных пунктаў пропуску.
На сайце Дзяржпагранкамітэта пазначана, што
за суткі ў адзін бок праз «Брузгі» можа праязджаць 1600 легкавікоў, што супастаўляльна з пераходам «Брэст», дзе за суткі можа праехаць да 1700 легкавікоў. Але «Брэст» прызначаны толькі для пасажырскага транспарту, а «Брузгі» — мультыфункцыянальны пераход.
Такім чынам, па агульнай лічбе транспарту, які можа праехаць за суткі, «Брузгі» з'яўляюцца самым буйным пунктам пропуску.

Якой стане прапускная здольнасць дэ-факта, пакуль невядома. Але перспектывы вялікія, праз той жа «Брэст» цяпер з Беларусі ў Польшчу праязджае ў сярэднім каля 700—750 адзінак пасажырскага транспарту.
Такім чынам, аднаўленне працы «Брузгоў» і «Бераставіцы» павінна значна зменшыць чэргі на межах і зробіць паездкі ў Еўрасаюз больш даступнымі ва ўсіх сэнсах.
Некалькі важных нюансаў
Чым яшчэ важна адкрыццё дадатковых пераходаў на мяжы з Польшчай?
Па-першае, Польшча ў адрозненне ад Латвіі і Літвы не забараняла праезд турыстычных аўтобусаў па сваёй тэрыторыі.
Па-другое, у Польшчу можна ехаць на аўто з беларускімі нумарамі без асаблівых абмежаванняў.

Галоўнае, каб мяжу на аўто перасякаў уласнік транспартнага сродку і, адпаведна, машына не належала юрыдычнай асобе.
У Літву на аўто з беларускімі нумарамі можна ехаць толькі грамадзянам ЕС, а таксама беларусам з літоўскай візай або ДНЖ Літвы.
У Латвіі дзейнічае поўная забарона на перасоўванне на аўто з беларускай рэгістрацыяй.
Нагадаем, што нават пасля запланаванага адкрыцця «Брузгоў» і «Бераставіцы» ў Беларусі застануцца закрытымі яшчэ два пункты пропуску ў Брэсцкай вобласці. «Пясчатка» і «Дамачава» былі закрытыя яшчэ з часоў дзеяння кавідных абмежаванняў.
Каментары