Журналіст Дзмітрый Семчанка расказаў, як яго спрабавалі зламаць у СІЗА
Былы журналіст лукашэнкаўскага пула, што правёў за кратамі тры гады, расказаў у сваім фэйсбуку, як яго ламалі ў Баранавічах.

«Калі сядзеў у Баранавіцкім СІЗА, то мяне пасадзілі на так званы ровар. Гэта калі кожны дзень цябе кідаюць у розныя камеры. Робіцца, каб зламаць псіхалагічна. Табе прыходзіцца штодзень «уваходзіць у хату», — напісаў ён.
Ты не ведаеш, хто там і кожны раз рыхтуешся да бойкі. Я тады ўжо прайшоў у Жодзіне і правакатараў, што мелі па 7 адсідак, і педафілаў, якіх падкідвалі ў камеру, каб потым можна было запалохаць «нізкім статусам» і шантажаваць тым, што сам пойдзеш у так званыя «пеўні». Мне пашчасціла, бо ва ўсіх выпадках атрымалася прымусіць менавіта непажаданых гасцей пакінуць камеру. У пэўных выпадках гэта было праз кроў, бо ты сам не павінен «ламіцца», то-бок грукаць у дзверы і прасіць варту цябе забраць.
Ну дык вось уявіце мой стан у Баранках, калі праз дзень мяне заводзілі ў новую камеру. Ты толькі пазнаёміўся, зрабіў маленькі выдых, а цябе зноў кідаюць у невядомасць.
Але была адна рэч, якая дапамагла мне вытрымаць. Гэта была песня, што кожны дзень гучала па радыё ў калідоры [Que vendra (Што будзе потым французскай выканаўцы ZAZ — НН].
У якую б камеру не закінулі. Сорамна, што да таго моманту я не чуў яе, але таму і ўражанне было больш моцнае. У гэтай песні было столькі сілы і такой простай веры ў будучыню, што я казаў сабе: «Сцісні зубы і прайдзі гэты шлях з узнятай галавой!» А мяне чакалі яшчэ больш за два гады зоны. Я не разумеў усіх словаў, нават не мог зразумець чаму ў французскай песні іспанскі выраз, але мне быў не патрэбны пераклад. Я слухаў сэрцам — Qué vendrá? (Што потым?) Не так важна, што будзе потым.
Галоўнае, каб сэрца працягвала чуць. І ў гэтыя дні я вас зноў чую, мае родныя беларусы і найлепшыя ў свеце беларусачкі!», — напісаў Дзмітрый Семчанка.
Каментары