У пачатку 2000‑х трое настаўнікаў гісторыі збеглі ва Украіну ад «генацыду беларускага народа», які чыніў рэжым Лукашэнкі. Як склаўся іх лёс?
Летам 2002 года трое маладых беларусаў папрасілі ў Кіева палітычнага прытулку. Гэта былі не вядомыя апазіцыянеры, а простыя настаўнікі гісторыі з Гомеля, якія сцвярджалі, што на радзіме іх пераследуюць за крытыку Аляксандра Лукашэнкі і нават труцяць псіхатропнымі рэчывамі. Кім яны былі? І што яны робяць цяпер у Беларусі?

Уцёкі «дысідэнтаў»
Шлях настаўнікаў пачаўся ў ліпені 2002 года. 15 ліпеня яны нелегальна перайшлі беларуска-ўкраінскую мяжу ў раёне сяла Грэбінка Чарнігаўскай вобласці (адшукаць такое сяло нам не ўдалося), абышоўшы пункты пропуску. Ужо 22 ліпеня тройца дабралася да Кіева. І тут пачалася іх актыўная медыйная дзейнасць.
У сталіцы Украіны яны паводзілі сябе не столькі як уцекачы, колькі як палітычныя актывісты. Замест таго, каб адразу звярнуцца ў міграцыйную службу і афіцыйна папрасіць статус бежанца цягам 3‑5 дзён, як таго патрабаваў украінскі закон, яны пайшлі па амбасадах і рэдакцыях СМІ.
Яны наведалі дыпламатычныя прадстаўніцтвы ЗША, Вялікабрытаніі, Нідэрландаў, дайшлі нават да Адміністрацыі прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы і офіса Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў.
Паводле слоў саміх уцекачоў, прычынай таго, што яны не легалізаваліся, быццам стала патрабаванне адмовіцца ад беларускага грамадзянства для атрымання палітычнага прытулку ва Украіне, чаго яны рабіць не хацелі.
У камітэце па справах бежанцаў ім выдалі сімвалічную дапамогу — па 52 грыўні, якія хутка скончыліся.

Без грошай і даху над галавой настаўнікі знайшлі нечаканы прытулак на Труханавым востраве пасярод Дняпра ў Кіеве. Там размяшчаўся палатачны гарадок бастуючых шахцёраў, якія патрабавалі выплаты запазычанасцяў па заробках.
Карціна была сюррэалістычная: украінскія гарнякі дзяліліся сваімі небагатымі прадуктамі і месцам у палатках з беларускімі дысідэнтамі. Самі настаўнікі казалі, што ва Украіне ім вальней дыхаецца і людзі тут дабрэйшыя.

У рэпартажы тэлеканалу «1+1» (ТСН) адзін з настаўнікаў, Уладзімір Буханаў, зрабіў гучную заяву пра «генацыд беларускага народа», звязваючы яго з наступствамі прэзідэнцкіх выбараў 2001 года.
Нагадаем, тыя выбары прайшлі 9 верасня 2001 года і завяршыліся афіцыйнай перамогай Аляксандра Лукашэнкі з вынікам 75,65%, што выклікала пратэсты апазіцыі і непрызнанне вынікаў краінамі Захаду.
Украінскія журналісты падазравалі, што медыйная актыўнасць беларускіх настаўнікаў была для іх страхоўкай. Калі да ад'езду ў іх не было аніякіх доказаў рэальнага пераследу, то пасля публічных абвінавачванняў Лукашэнкі на ўкраінскім ТБ вяртанне дадому сапраўды станавілася небяспечным. А паводле міжнародных норм, краіна не можа дэпартаваць чалавека туды, дзе яму пагражае небяспека. Такім чынам, яны стваралі сабе «палітычную біяграфію» ў СМІ.
Некаторыя дапускалі, што гэтыя ўцекачы насамрэч правакатары, закінутыя ва Украіну беларускімі ўладамі, каб пасварыць сапраўдную беларускую апазіцыю з украінскімі ўладамі і выставіць у благім святле сярод грамадзянскай супольнасці краіну, у якой, маўляў, немагчыма знайсці прытулак беларускім уцекачам.
Цар, праваслаўе і канспіралогія
Чым больш журналісты размаўлялі з уцекачамі, тым больш дзіўных дэталяў усплывала. Высветлілася, што іх апазіцыйнасць мела вельмі спецыфічны характар, далёкі ад класічных дэмакратычных каштоўнасцей.
Яны называлі сябе прадстаўнікамі «апазіцыйнага народнага руху Беларусі», але пры гэтым жорстка крытыкавалі традыцыйную беларускую апазіцыю, называючы яе «каланіяльнай», «пралукашэнкаўскай» і «грантахватальніцкай».
Сябе ж яны лічылі адзінымі сапраўднымі змагарамі, бо «не належаць да празаходняй апазіцыі», а заходнія каштоўнасці ім «чужыя».


У кадр рэпартажу трапіў адзін з іх праграмных дакументаў — «Заклік да беларускага народа». Ужо сама тэрміналогія выдавала іх погляды: краіна паслядоўна называлася на савецкі манер «Белоруссией», што было маркерам прарасійскай арыентацыі.
Змест дакумента ўяўляў сабой сумесь праваслаўнага фундаменталізму і манархізму. Аўтары абвяшчалі ўладу Лукашэнкі незаконнай з 20 ліпеня 1999 года (канец першага прэзідэнцкага тэрміна паводле Канстытуцыі 1994 года), але прапаноўвалі вельмі арыгінальны выхад.
Замест прэзідэнцкіх выбараў яны патрабавалі правесці шматступенчатыя выбары, у якіх маглі б удзельнічаць выключна «праваслаўныя прадстаўнікі». Канечнай мэтай гэтага працэсу павінна было стаць абранне «Гасудара і Самадзержца ўсяе Русі», якому перадавалася б уся паўната свецкай і духоўнай улады.
Спіс іх адрасатаў уражваў маштабам і разнастайнасцю. Яны пісалі лісты не толькі Джорджу Бушу, абвінавачваючы Лукашэнку ў датычнасці да тэрактаў 11 верасня 2001 года, але і Патрыярху Алексію II, Папу, а таксама ў КДБ Беларусі і ФСБ Расіі.
У сваіх зваротах да спецслужбаў яны выкрывалі «рэзідэнцкую ролю» беларускага прэзідэнта і дзейнасць «тайных сусветных сіл». Акрамя палітыкі, былі і скаргі містычнага характару: настаўнікі сцвярджалі, што дома падвяргаліся «псіхатропнаму і нервова-паралітычнаму ўздзеянню», ад якога нібыта нават паміралі іх суседзі.
Настаўнікі з рэлігійным ухілам
У Беларусі навіна пра ўцекачоў выклікала шчырае здзіўленне як у афіцыйных колах, так і ў асяроддзі іх былых калег і сваякоў. Журналісты «Беларускай дзелавой газеты» і Беларускай службы «Радыё Свабода» паспрабавалі даведацца пра дысідэнтаў больш.

Аказалася, яны сапраўды былі настаўнікамі гісторыі. Сяргей Корнеў працаваў настаўнікам гісторыі ў СШ №14 Гомеля. Дырэктар школы Тамара Кумасінская характарызавала яго як добрага спецыяліста і адказнага чалавека, якога любілі дзеці, але пры гэтым адзначала, што ў калектыве ён трымаўся адасоблена. Яго захапленне рэлігійнымі вучэннямі кіраўніцтва школы таксама заўважала.

Святаслаў Шапавалаў на момант уцёкаў ужо два гады не працаваў у СШ №20 Гомеля. Калегі ўспаміналі яго як кампетэнтнага гісторыка і разумнага чалавека, каньком якога таксама былі рэлігійныя пытанні. Звольніўся ён нібыта для паступлення ў ВНУ ў Маскве, хоць украінскім журналістам расказваў, што гэта быў яго пратэст супраць сістэмы адукацыі.
Уладзімір Буханаў меў самы кароткі педагагічны досвед: у Беларуска-славянскай гімназіі Гомеля ён прапрацаваў усяго два месяцы ў 2000 годзе, пасля чаго быў звольніўся, што былыя калегі патлумачылі проста — «не сышліся характарамі».
Апазіцыйныя партыі, моладзевыя рухі і праваабарончыя арганізацыі пра такіх праціўнікаў рэжыму ніколі не чулі.
Родныя ўцекачоў, з якімі звязаліся журналісты, былі ў шоку. Бацька Сяргея Корнева расказаў, што сын паехаў ва Украіну «ў адпачынак з сябрамі, як і кожны год», і ні пра якія пераследы ім не паведамляў. А маці, калі ёй зачыталі фрагменты заявы пра псіхатропнае ўздзеянне і смяротныя выпадкі сярод суседзяў, проста рассмяялася ў слухаўку, назваўшы гэта дурасцю.
У сваю чаргу, дзяржаўная прэса, у прыватнасці газета «СБ. Беларусь сегодня», адрэагавала рэзка. У артыкуле пад загалоўкам «Вязні сумлення» ці падзвіжнікі «каўбаснай» эміграцыі» настаўнікаў назвалі «банальнымі авантурыстамі», якія спрабуюць касіць пад вязняў сумлення дзеля выезду на Захад, і ахрысцілі гэты выпадак «росквітам палітычнага бізнэсу». МЗС у асобе прэс-сакратара Паўла Латушкі заявіла, што ўважліва сочыць за сітуацыяй.
Праваахоўныя органы Гомеля пацвердзілі, што адзін з настаўнікаў, Сяргей Корнеў, сапраўды выклікаўся ў пракуратуру для гутаркі наконт сваіх брашур, але складу злачынства ў яго дзеяннях не знайшлі, і ніякіх крымінальных спраў супраць настаўнікаў не заводзілі.
Украінскія міграцыйныя службы адмовілі беларусам у статусе бежанцаў, спаслаўшыся на парушэнне працэдуры і нелегальнае перасячэнне мяжы. Ім пагражала дэпартацыя ў Беларусь, дзе пасля таго, што яны нагаварылі ва Украіне, ім пагражаў пераслед. Невядома калі і пры якіх умовах гэтыя ўцекачы вярнуліся ў Беларусь, але паводле некаторых СМІ, ад турмы іх тады нібыта ўратавалі прадстаўнікі ААН.
Дзе яны цяпер?
Апошнія згадкі гісторыі трох настаўнікаў-уцекачоў датуюцца 2005 годам, пасля чаго адны з іх амаль знікаюць з медыйнага поля, а іншыя выбіраюць супрацьлеглыя шляхі барацьбы з рэжымам Лукашэнкі.
Найменш вядома пра Уладзіміра Буханава, які ў 2002 годзе выглядаў ідэйным завадатарам настаўнікаў-уцекачоў. Ён літаральна знік з публічнай прасторы. Адзінае, што можна адзначыць, што акаўнт з такім імем і расійскім імперскім сцягам на вокладцы актыўна каментаваў у фэйсбуку навіны незалежных медыя пасля 2020 года.



Пад пастамі пра беларускія пратэсты ён пакідаў агрэсіўныя каментарыі, якія па сваёй рыторыцы цалкам супадалі з дзяржаўнай прапагандай:
- Пра пратэстоўцаў: «Дык беларусы могуць кончыць гэтак жа, як жабрацкая Украіна! Свабоды захацелі, ну тады без штаноў застаняцеся, і пацягнуцца эмігранты ў Польшчу і ў Рашку, калі пусцяць, сумна! А ім весела, тады паскачыце, можа, адпусціць!»
- Пра БЧБ-сімволіку: «Даціскайце Трампа ў сябе! А да беларусаў не суйцеся!»
- Пра жорсткасць сілавікоў: «А што, у вашых краінах няма АМАПа? А ў Францыі ці Германіі яшчэ горш, не так! Хопіць кашмарыць электарат!»
- Пра нацыянальную сімволіку: «Ва Украіне таксама пачыналі з вышыванкі, і чым гэта скончылася!»
З прарасійскіх рэлігійнікаў у прабеларускія
Па-іншаму склаўся лёс Святаслава Шапавалава — ён адзіны з тройкі, хто пасля вяртання ў Беларусь уключыўся ў дзейнасць рэальнай, а не выдуманай апазіцыі.

Калі ў 2002 годзе ён разам з паплечнікамі марыў пра «Гасудара ўсяе Русі», то ўжо ў канцы 2000‑х яго імя рэгулярна з'яўляецца на старонках медыя як актывіста Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД).
Яго біяграфія ў гэты час класічная для апазіянера. У 2008 годзе ён атрымаў 10 сутак арышту за ўдзел у экскурсіі, прысвечанай 90‑м угодкам Беларускай Народнай Рэспублікі. Тады група гомельскіх актывістаў прайшла па горадзе з бел-чырвона-белымі шарыкамі.

У 2010 годзе Шапавалаў паспрабаваў сябе ў палітыцы, балатаваўшыся ў дэпутаты Гомельскага абласнога савета. Як і іншыя апазіцыйныя кандыдаты, ён сутыкнуўся з ціскам: дзяржаўная друкарня адмовілася друкаваць яго агітацыйныя налепкі, а прыватныя паліграфіі паведамілі пра загад зверху не супрацоўнічаць з апазіцыяй.
Акрамя палітыкі, Шапавалаў працягваў займацца гісторыяй, але ўжо ў кантэксце беларускай культуры. Ён выступаў на розных мерапрыемствах, каментаваў для СМІ праекты, звязаныя з гістарычнай спадчынай Гомеля, напрыклад, стварэнне графіці ў гонар архітэктара Станіслава Шабунеўскага, рэпрэсаванага савецкай уладай.


Апошнія згадкі пра актыўнасць Шапавалава датуюцца пачаткам 2010‑х гадоў. Пазней яго імя знікае з публічнай прасторы. Вядома, што ў апошнія гады ён прыслужвае ў праваслаўным саборы Раства Прасвятой Багародзіцы Юравіцкага манастыра, які аднаўляецца з руін пад Мазыром.
Выхавальнік патрыятызму, які чакае, калі Расія скавырне Лукашэнку

Напэўна, самай яскравай фігурай у гэтай тройцы з'яўляецца Сяргей Корнеў. У 2019 годзе яго імя зноў усплывае — у пераліку работнікаў школы №11 Гомеля спачатку як настаўніка гісторыі, а з 2021 года яшчэ і як кіраўніка ваенна-патрыятычнага выхавання.
Сёння Корнеў — часты герой публікацый мясцовых і нават рэспубліканскіх дзяржаўных СМІ. Ён выступае ў ролі эксперта і дасведчанага педагога, які вучыць дзяцей «любові да Радзімы» і «захаванню гістарычнай памяці».



Звонку ў яго вобраз ідэальнага дзяржаўнага патрыёта: ён вучыць дзяцей любіць Радзіму, праводзіць урокі памяці і шануе ветэранаў.
Аднак калі зазірнуць на старонку 62‑гадовага настаўніка ва «УКантакце», адкрываецца бездань, у якой змяшаліся агрэсіўны расійскі імперыялізм, нянавісць да беларускай дзяржаўнасці і канспіралогія пра чыпізацыю.


У сваіх допісах настаўнік не саромеўся ў выразах і адносна Лукашэнкі — Корнеў наракаў, што той «забалбатаў ідэю адзінства двух братэрскіх народаў» і заклікаў Расію да актыўных дзеянняў супраць беларускіх уладаў: «Пара б ужо Расіі пачынаць аперацыю па прымусе Жэстачайшага да інтэграцыі!»
Корнеў марыў пра рэферэндум аб аб'яднанні Расіі і Беларусі ў адну дзяржаву і вітаў любы ціск Масквы на Мінск.
Іншая любімая тэма Корнева датычыць чыпізацыі і лічбавага канцлагера. Ён верыць у змову сусветных элітаў, якія праз УГД, прышчэпкі і біяметрычныя пашпарты ставяць людзям «пячатку звера». І нават дасылаў Лукашэнку ліст з патрабаваннем выдаць яму пашпарт без ідэнтыфікацыйнага нумара.
Геапалітычныя погляды гомельскага педагога ўяўляюць сабой сумесь агрэсіўнага мілітарызму і эзатэрыкі. Ён актыўна падтрымліваў анексію Крыма, вайну на Данбасе і ўварванне Расіі ва Украіну. У 2022 годзе ён захапляўся тактыкай маршала Конева па стварэнні «катлоў» і праецыраваў яе на дзеянні расійскай арміі супраць «бандэраўскіх вырадкаў».
Захад для яго — гэта «ЕўраСадом» і «амерыканскі Рэйх», які трэба знішчыць. «Трэцяя сусветная вайна ўжо даўно ідзе», — сцвярджаў ён, прапаноўваючы Расіі абвясціць паўнавартасную вайну Турцыі з падзелам яе тэрыторыі і перадачай Канстанцінопаля праваслаўным.
Яго карціна свету ўключае ў сябе «Чорную арыстакратыю», «жыдамасонаў», «рэптылоідаў» і «Вялікіх Настаўнікаў чалавецтва», з якімі ён, мяркуючы па ўсім, знаходзіцца ў ментальным кантакце праз чытанне чэнелінгаў.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ-
Вальфовіч пракаментаваў заявы СВР і папрасіў Еўропу не дыктаваць Беларусі, як жыць
-
Дзясяткі гадоў экспедыцый у адным ютуб-канале. У Беларусі прэзентавалі відэархіў Міколы Козенкі з народнымі танцамі і абрадамі
-
Някляеў апублікаваў злабадзённы верш. У ім згадваецца і Калеснікава з Бабарыкам, і Ціханоўская, і Пракоп'еў з Пазняком
Каментары