Музыка

Азербайджанская опера на беларускай сцэне

Пра пастаноўку оперы «Аршын мал алан» піша Юлія Андрэева.

Адным з кутніх камянёў савецкай ідэалогіі была так званая «дружба народаў». Але сяброўства гэтае было на ўзроўні пустых дэкларацый і лубочных цётак у нацыянальных касцюмах.

Мяркуючы па рэпертуары беларускіх тэатраў тых гадоў, цікавасць да культуры «братэрскіх» народаў СССР была вельмі абмежаваная. Можна ўспомніць хіба што пастаноўку балета азербайджанскага кампазітара Кара Караева «Сцежкаю грому» (1960), «Прыручэнне сокала» грузінскага драматурга Л. Табукашвілі ў Рускім тэатры імя Горкага (1986) і «Ветрык, вей!» Яна Райніса ў Нацыянальным тэатры імя Я. Коласа ў Віцебску (1965). Ды яшчэ дзве музычныя камедыі азербайджанскага кампазітара Рауфа Гаджыева — «Каўказская пляменніца» (1971) і «Чацверты пазванок» (1973), — якія з аглушальным поспехам ішлі калісьці ў Мінскім тэатры аперэты (цяпер Беларускі акадэмічны музычны тэатр). «Каўказская пляменніца» прайшла тады звыш 700 разоў!

Усяго 5 «нацыянальных» назваў на сотні рускіх класічных і савецкіх п’ес. Дзіўная атрымлівалася дружба народаў! А з канца 1980-х гадоў гэты рэпертуар зусім знік з беларускіх афіш, бо афіцыёзнае савецкае «сяброўства» стала ўжо неактуальнае, а рэальнае сяброўства яшчэ не нарадзілася.

Прайшло 20 гадоў, і ў былых нацыянальных рэспубліках зразумелі, што іх аб’ядноўваюць агульныя праблемы і агульныя інтарэсы. І, як заўсёды ў такіх выпадках, на гэта абачліва адгукнулася культура.

21 лістапада ў Музычным тэатры адбылася беларуская прэм’ера камічнай оперы азербайджанскага класіка Узэіра Гаджыбейлі (па-расійску Гаджибекова) «Аршын мал алан» у пастаноўцы заслужанага дзеяча мастацтваў Азербайджанскай рэспублікі Хафіза Гуліеў. Шчыра кажучы, я сумнявалася, што гэта падзея выкліча ў беларускай публікі нейкую цікавасць, але ўжо на генеральным прагоне зала была набітая бітком. Прычым гэта былі не музыкі, не акторы, а звычайныя гледачы. Тыя, хто памятае стары савецкі фільм, дзе гучыць найсалодкі тэнар Рашыда Бейбутава, — і тыя, хто пра фільм нават не чуў. Былі сярод публікі і беларускія мусульмане, якіх у краіне некалькі дзясяткаў тысяч, але іх культурныя патрэбы чамусьці ніяк не ўлічваюцца.

Знаўцы оперы крыху хваляваліся наконт таго, ці справіцца тэатр са складанай партытурай Узэіра Гаджыбейлі.
Кампазітар пісаў сваю оперу ў 1912 годзе, калі па пратэкцыі і на грошы свайго сябра Мусліма Магамаева (дзеда спевака) вучыўся ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі. Да гэтага часу ён ужо прайшоў грунтоўную школу традыцыйнага азербайджанскага мугамнага спеву і спрабаваў злучыць нацыянальную традыцыю з вынаходствамі еўрапейскага аркестравага ліста. Атрымалася вельмі прыгожая, пераборліва арнаментаваная музыка, не зусім звыклая для еўрапейскага вуха.

На здзіўленне, аркестр выдатна справіўся з вышуканымі каўказскімі мелодыямі і рытмамі. Крыху не хапіла «вострых прыправаў» — азербайджанскіх ударных інструментаў кшталту нагары, якіх у Мінску проста няма. Сола на тары і сазе (азербайджанскія шчыпковыя інструменты, у чымсьці роднасныя індыйскім сітарам) гучалі ў запісе, але атрымалася вельмі прыгожа.

Затое спевы былі цалкам натуральныя. Галоўную ролю на генеральным прагоне і прэм’еры даверылі азербайджанскаму тэнару Фарыду Аліеву, які, на мой густ, гучыць не горш за Бейбутава. Усе астатнія ролі выконвалі беларускія артысты.

З усіх, каго я бачыла і чула, лепш за ўсіх справілася са сваёй задачай Леся Лют. Ёй удалося ідэальна перадаць азербайджанскі класічны стыль і ў музыцы, і ў спевах, і ў танцы. Вельмі добрая была Наталля Гайда ў ролі сапраўднай азербайджанскай цётачкі. Пышна справілася з роляй гераіні Маргарыта Александровіч, але стыль яе спеваў здаўся мне крыху «савецкім». Вельмі спадабаліся і Аляксандр Асіпец, і Антон Заянчкоўскі, і Ігар Бычкоў, і маладая таленавітая Вікторыя Жбанкова-Стрыганкова. Немагчыма паверыць, што тэатр літаральна за 20 дзён вывучыў гэты найскладанейшы матэрыял, асвоіў стыль і прынёс публіцы велізарную радасць.

Дарэчы, з Азербайджанам звязаная яшчэ адна прыемная для нас падзея. 1 лістапада ў Маскве ў Крокус Сіці-холе завяршыўся Першы міжнародны конкурс вакалістаў імя славутага азербайджанскага спевака Мусліма Магамаева. Першую прэмію на ім атрымаў беларускі барытон Ілля Сільчукоў, а трэцюю — наша мецца-сапрана Аксана Волкава. У журы былі Тамара Сіняўская, Алена Абразцова, Юрый Башмет, Мішэль Легран…

Каментары

Цяпер чытаюць

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі65

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі

Усе навіны →
Усе навіны

Оперная спявачка, якая стала адвакаткай. Вялікая размова з Ганнай Маціеўскай6

Качанава: Мінск — адзін з самых камфортных гарадоў у свеце, тут усё гарманічна16

Крысціна Ціманоўская зноў нявеста — з пярсцёнкам ад Tiffany18

Мінчанін хацеў прадаць парагенератары, але 15‑гадовы пакупнік бясплатна забраў тавар і ўцёк

Пад Талачыном перакуліўся аўтобус Масква — Брэст, загінула пасажырка

Ад звычайных пенсіянераў да багацеяў: хто і як гуляе ў мінскіх казіно

Загінуў камандзір Рускага добраахвотніцкага корпуса Дзяніс Капусцін28

«Сітуацыя як на акупаваных тэрыторыях Украіны». Павел Баркоўскі — пра стан беларускай культуры20

У Расіі затрымалі 70 чалавек, якія маліліся за здароўе Зяленскага3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі65

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць