Меркаванні33

Беларуская глыбіня. Падлік радзімак

Піша Павел Севярынец.

    …вярніся ў зямлю тваю,
    на радзіму тваю,
    і Я буду дабрачыніць табе!
    Быццё 32:9

У маленстве нам казалі: колькі радзімак — столькі і дзяцей будзе. Чэсна­чэсна. Мы рупліва і падазрона вышуквалі ды лічылі тыя радзімкі — у каго больш? — шэптам прызнаваліся: «А ў мяне яшчэ адна ёсць, толькі я табе не пакажу», — і паблажліва азіраліся на бацькоў.

Згадваю, калі разглядаю россып радзімак — сваіх малых радзімаў — на мапе. Пункты ў гісторыі. Плямкі памяці. Мясціны тых, чыім дзіцём я ёсць.

І колькі такіх радзімак, малых і вялікіх, маю на адной толькі Берасцейшчыне!

Адсюль, з палескай глыбіні, мая матуля Таццяна. З Лунінца, дзе настаўнічаў Якуб Колас, адбываў вайсковую службу Аляксандр Блок, у ваколіцах якога растуць два найвышэйшыя ў Беларусі дубы, 41 і 45 метраў адпаведна,
названыя імёнамі Міцкевіча і Суворава, з таго самага Лунінца, што насамрэч стаіць на скале: пад ім амаль да зямной паверхні падыходзіць гранітны крышталёвы фундамент… Гэта там, у грандыёзным кар’еры найвялікшага ў Еўропе радовішча будаўнічага каменя, зараз стаяць за свае правы дзясяткі рабочых. Цвёрда, як усякі беларус, якога, капні толькі глыбей, усё-такі дастала!

Матуля выхавала трох дзяцей (малымі прымушала нас бегаць па раніцах на стадыён і падрыхтавала-такі ўсіх залатымі медалістамі), шасцярых унукаў.
Дагэтуль са сваім настаўніцкім стажам у 36 гадоў энергічная, усмешлівая, стылёва апранутая вандроўніца — кіруе найбуйнейшай Віцебскай рэгіянальнай арганізацыяй БХД з 18 раённымі суполкамі і больш як 500 сябрамі. Аказваецца, здольная тутэйшая дрыгва нарадзіць жанчыну, што першай уздыме бел­чырвона­белы сцяг на акцыі, павядзе за сабой грамаду людзей; маючы падтрымку выбарцаў, здымецца з «выбараў» на знак пратэсту супраць датэрміновых фальсіфікацыяў — і зладзіць ля галоўнага віцебскага сабора штопятнічную малітву за Беларусь…

Матуля збірала мяне з усёй краіны па кавалачках.
Бабуля, палеская бібліятэкарка, адбыла 7 гадоў у сталінскай ссылцы. Дзед, патомны лунінецкі чыгуначнік, паляваў ды рыбачыў на Прыпяці. А глыбей — тыпова берасцейскі суплёт тутэйшых вяскоўцаў, пінскай шляхты з татарскім прыбабахам, местачковых жыдоў, расейскіх службоўцаў — Будзькі, Сагановічы, Дамашэвічы, Лабачэўскія…

Мой прадзед, Міхаіл Будзько, калісьці меліяратар, пасля вайны стаўся ігуменам Яблачынскага манастыра, пастырам для беларусаў Польшчы — і быў пахаваны на могілках царквы на Волі ў Варшаве. Магілу прадзеда адшукалі сённяшнія нашы эмігранты, што з’ехалі на Захад па тую самую Волю.

Воля… Кранаю радзімку, кропку на мапе — быццам націскаю кнопку.

Яшчэ адзін ген, перададзены мне праз матуліну пупавіну, — ген Яўгена Будзько. Брат прадзеда, у 1918 падтрымаў БНР у міжваенны час, пад Польшчай, змагаўся і з санацыяй, і з камуністамі КПЗБ, і ўрэшце, падчас гітлераўскай акупацыі, згінуў у нацысцкім канцлагеры.

Ці не ягоны, Яўгена, попел грукае зараз у сэрца?

Яшчэ адна радзімка — Кажан-Гарадок на Прыпяці, дзе спадкаемца хрышчанага ў праваслаўе жыда Янкеля, далёкая-далёкая сваячка Іцхака Шаміра і Голды Меір, шляхцянка Наста Дамашэвіч захавала для мяне каштоўную кропельку крыві біблейскіх патрыярхаў.

Але аднае Берасцейшчыны не хапіла. Мамінай матулі, бабулі Галі, давялося нараджацца ў Вільні, якраз насупраць Вострай Брамы, а затым усё жыццё назапашваць кнігі ў Лунінецкай раённай бібліятэцы — каб аднойчы ўнук, адпраўлены на «хімію» за бэнээраўскі ген Яўгена, здолеў разабраць у спецкамендатуры ўсе кніжныя завалы 1950—1960-х ды пісаць сваю ўласную кнігу.

І, як матчына Прыпяць уліваецца ў Дняпро, шырокай плынню паплыў мой лёс у бацькава Падняпроўе, вёсачку Унорыца, з хатай на самым крутым правым беразе, са спадчыннымі бондарамі, прадзедам — бальшавіцкім камісарам, дзедам — аднаногім франтавіком, татам — барадатым паэтам — і ў матуліну энергію, кемлівасць ды волю ўплялася творчая жылка.

Вір, пачаты ў глыбіні, круціць усё шырэй. Радзімка, радзімка, яшчэ радзімка…

І, нарэшце, з вёсачкі Пагост пад Оршай, дзе настаўнічалі выпускнікі мінскага філфака, матулю электравозам тэр­мінова завезлі ў чыгуначны раддом, каб паставіць у пасведчанні аб нараджэнні сына штамп: родны горад Караткевіча і месца перамогі над Масквой.

Кожны, народжаны ў Беларусі, сатканы з безлічы малых радзімак і выцягнуты з вялікай глыбіні невыпадкова.
Тысячы гадоў продкі ўраблялі гэтую зямлю, малілі Бога і працягвалі жыццё дзеля таго, каб зараз, калі Беларусі так не стае волі, веры і любові — ты вызваліўся, паверыў і палюбіў.

У нейкі момант жыцця ты абавязкова спынішся разгледзець гэтыя радзімкі, сузор’і Боскіх знакаў, адзначаныя найдакладнейшым чынам у генах, месцах і ўчынках.

Шчаслівы той, каму багата дадзена і з каго багата будзе спытана, калі ён пралічыць, расшыфруе і разгадае ў радзімках, знаках і мясцінах — дзеля чаго тут і цяпер, у ззяючае сёння выведаў яго на белы свет у такой светлай­ светлай краіне Бог.

Глядзі яшчэ:

Беларуская глыбіня. Чалавек сцяга

Беларуская глыбіня. Зарок

Беларуская глыбіня. Эрнст Сабіла

Беларуская глыбіня. Ружанец разбуранай велічы

Беларуская глыбіня. У гасцях у Сэрца

Каментары3

Цяпер чытаюць

Трамп заявіў, што ідуць перамовы пра вызваленне яшчэ 50 беларускіх палітвязняў, і назваў іх «закладнікамі»4

Трамп заявіў, што ідуць перамовы пра вызваленне яшчэ 50 беларускіх палітвязняў, і назваў іх «закладнікамі»

Усе навіны →
Усе навіны

Адна з беларусак, пацярпелых падчас ДТЗ у Тайландзе, у цяжкім стане

На Беларускай чыгунцы аднаго з супрацоўнікаў затрымалі за нібыта спрыянне кантрабандзе цыгарэт3

Прэм'ер Літвы прыехала на беларускую мяжу15

Як выглядае старажытны беларускі човен

Фейхоа за 50 рублёў і мандарыны «са смакам дзяцінства»: што прапануе Камароўка ў гэтыя выхадныя1

У ДТЗ у Тайландзе пацярпелі пяць беларусаў

Археолагі знайшлі доказы таго, што найстаражытнейшыя продкі чалавека — якія жылі 2,5 млн гадоў таму — ужо ўмелі навучаць і перадаваць веды3

Ганна Бонд у захапленні ад канцэрта Лепса. Але пакрыўдзілася на абурэнне сваіх падпісчыкаў38

Навукоўцы паказалі частку тысячагадовай сцяны старажытнага Менска6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп заявіў, што ідуць перамовы пра вызваленне яшчэ 50 беларускіх палітвязняў, і назваў іх «закладнікамі»4

Трамп заявіў, што ідуць перамовы пра вызваленне яшчэ 50 беларускіх палітвязняў, і назваў іх «закладнікамі»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць