Архіў

Альбарутэніка ў бібліятэцы прафэсара Баная

Першым зь беларусаў у Японіі быў Іосіф Гашкевіч, потым — Пётар Краўчанка і Адам Мальдзіс, а потым — я. Пачэснае чацьвёртае месца. Іосіф Гашкевіч пасьля вяртаньня напісаў слоўнік і граматыку японскай мовы, Пётар Краўчанка па вяртаньні расказаў мне, што ён ня злоўжываў пячаткай беларускага пасольства ў Токіё, бо ёй распараджаецца сакратар пасольства. Адам Мальдзіс напісаў дзёньнік падарожжа зь цікавымі разважаньнямі пра японскіх прафэсараў і пра сад камянёў, які пабудавалі манахі-будысты сэкты дзэн. Я ад пачатку падарожжа падкупіўся пісаць хайку.

Канон патрабуе, каб у першым радку было пяць складоў, у другім — сем, у трэцім — ізноў пяць. Мая японская настаўніца Тамока паблажліва казала, што, калі выходзіць у сярэднім радку ня сем, а восем складоў, гэта дапушчальна.

Ляцім у Токіё

Праз пагрозу тэрактаў усіх 300 пасажыраў грунтоўна трасуць спэцслужбы маскоўскага аэрапорту. Рэйс затрымліваецца. Сярод пасажыраў эўрапейцаў і азіятаў пароўну. Здалёк відаць купка экскурсантаў, купка спартоўцаў, біснэсмэнаў з кейсамі, кіношнікаў з рыштункам. Стаяць тры маладыя агрэсіўна прыгожыя дзяўчыны, па чарзе бегаюць пакурыць. Адна зь іх асабліва высокая і ладная, на шыі вісіць вялізны, як у сьвятара, крыж з каляровых шкельцаў. Вочы ў дзеўкі шырока расплюшчаны — напэўна, едзе першы раз. Але за шырока расплюшчанымі вачыма прыхаваны ляніва-ўважлівы ацэньваючы позірк, што пільнуе самотных японцаў. Падыходзіць да аднаго маленькага і тоўстага, добра апранутага, які стаіць за мной, — пачынае загаворваць. Што бачыў у Маскве, што спадабалася… Зьбіваюцца на палітыку — гавораць пра злога Лукашэнку. Я міжволі падслухоўваю. Японец з кепскай расейскай мовай. Пытаецца, адкуль яна так добра разьбіраецца ў палітыцы. Аказваецца, родам з Полацку. Значыць, я не чацьвёрты…

Жыцьцё ў Кудайры

Жыву ў старой кватэры прафэсара Такуакі Баная ў Кукубунджы. Тут захоўваецца большая частка ягонай бібліятэкі. Сам прафэсар і яго жонка Тамока ўжо купілі новую кватэру, у Кудайры (зялёны раён вялікага Токіё). Гэта вельмі блізка ад месца працы — унівэрсытэту Хітасубашы.

Трэці ў Японіі паводле рэйтынгу ўнівэрсытэт славіцца эканамістамі — менавіта выпускнікі Хітасубашы распрацавалі ідэі ўздыму разбуранай вайной краіны. Адзін зь іх цяпер — прэзыдэнт кампаніі «Таёта», другі — міністар эканомікі.

У бібліятэцы ўнівэрсытэту паказваюць старыя партрэты: наш вядомы паэт і эканаміст… знакаміты эканаміст і філёзаф… славуты літаратар і эканаміст… — шмат пра каго з выпускнікоў так гавораць. Пецярбурскаму госьцю паказваюць адзін з двух тамоў расейска-францускага слоўніка, які належаў капітану Васілю Галаўніну. Капітан на тры гады быў затрыманы ў японскім палоне — з 1811 да 1813. Ад няма чаго рабіць ён дапісаў на канцы адсутныя ў слоўніку словы.

Такуакі Банай нарадзіўся 19 студзеня 1949 году ў Токіё, яго жонка Тамока — 15 студзеня 1948. Абое былі адзінымі дзецьмі ў сем’ях і памятаюць паваенныя нястачу і голад. Такуакі ўспамінае, як пакрыўдзіў бацьку, калі ўзяў у сябра трохі ежы, якую раздавалі галодным такійскім школьнікам амэрыканскія салдаты.

Тамока закончыла ўнівэрсытэт Сьвятой Сафіі ў Токіё, пераклала на японскую мову кнігу Дзьмітрыя Ліхачова «Паэзія садоў» і некалькі літаратурных твораў. Такуакі абараніў доктарскую на тэму «Перагляд гістарыяграфіі расейскай фальклярыстыкі» і выдаў па-японску кнігу пра мастацтва лубку ў Расеі. Ён кнігалюб і бібліяфіл, цікавіцца паходжаньнем славян, назвы «Белая Русь», гісторыяй этнаграфіі дарэвалюцыйнай Расеі, у тым ліку постацьцю Сержпутоўскага. Я спадзяюся зацікавіць яго ідэяй падружыць японскіх і беларускіх мастакоў кнігі і каліграфаў. Тут мы можам сябраваць на роўных.

Увечары сустрэча ў хаце прафэсара Баная. Тамока падае традыцыйныя японскія закускі і салодкае. Ролю алькагольных напіткаў выконвае піва «Сапара». У Такуакі Баная праз два дні павінен вызначыцца службовы лёс — яго выберуць ці ня выберуць прарэктарам па навучальнай рабоце.

Я ўспамінаю гісторыю прарэктара па навучальнай рабоце Акадэміі сувязі імя Будзённага, нашага піцерскага беларуса генэрала Кананюка, — як падчас навучальнага працэсу зьнік адзін са слухачоў — сын маршала Савецкага Саюзу Радзівона Маліноўскага…

Тамока ня горш за мужа валодае мовай — яна перакладае мае (Кананюковы) байкі сыну-архітэктару і дачцэ-студэнтцы. На дварэ пачынаецца навальніца. Мяне завозяць на кватэру ў Кукубунджы, і Банай паказвае сваю бібліятэку — два пакойчыкі з мэталічнымі бібліятэчнымі стэлажамі. Прапануе не саромецца і ў вольны час карыстацца кнігамі. «Знойдзеце тут і маю альбарутэніку», — гаворыць прафэсар.

Пакуль сьвежыя ўражаньні, складаю хайку:

Дождж у Кудайры.

Маці пераклала сыну

Расказы госьця.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Каментары

Цяпер чытаюць

Хто той рэдактар беларускай Вікіпедыі, якога пасадзілі на два гады за «дыскрэдытацыю Беларусі»

Хто той рэдактар беларускай Вікіпедыі, якога пасадзілі на два гады за «дыскрэдытацыю Беларусі»

Усе навіны →
Усе навіны

«Дзед будзе глядзець асабіста. Калі яму спадабаецца…» Зянковіч расказаў, як з ім запісвалі першае інтэрв'ю ў СІЗА КДБ18

Трагедыя на Гомельшчыне: два 18‑гадовыя хлопцы загінулі ў ДТЗ, аўтамабіль разарвала на часткі4

Фермер-хіпстар вырашыў прадаваць касцюмы з гербамі Беларусі і Расіі. Цэны касмічныя16

У кожнага пакалення свой колер: у міленіялаў — ружовы, у зумераў — жоўты. А каму належыць «нахабны зялёны»?10

У мінскім «Еўраопце» ў аддзеле выпечкі паклалі пакеты для смецця9

Маладую дзяўчыну з Баранавіч, якая вучылася на педагога ў Гродне, арыштавалі па «справе Гаюна»7

Футбольная зборная Беларусі здзейсніла сенсацыю дня ў Еўропе — 2:2 з Даніяй8

У Славакіі школьнікам не спадабалася прарасійская лекцыя прэм'ера Фіца. Ён параіў ім ісці ваяваць на фронт12

Беларуска пакінула сына ў Tesla — і трапіла ў міграцыйную турму ў ЗША. Праз паўгода яе нарэшце вызвалілі28

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто той рэдактар беларускай Вікіпедыі, якога пасадзілі на два гады за «дыскрэдытацыю Беларусі»

Хто той рэдактар беларускай Вікіпедыі, якога пасадзілі на два гады за «дыскрэдытацыю Беларусі»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць