Прэзідэнт Латвіі склікае нараду па бяспецы. Будзе дадзена ацэнка сітуацыі на ўсходняй мяжы
«Тыя, хто дапамагае, арганізуе нелегальную міграцыю і дапамагае рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, дапамагаюць ворагам», — сказаў Эдгар Рынкевіч.
Эдгар Рынкевіч аглядае мяжу. Foto: Valsts prezidenta kanceleja. Ilmārs Znotiņš
Прэзідэнт Латвіі Эдгар Рынкевіч склікае ў чацвер а 15:00 пасяджэнне Рады нацыянальнай бяспекі, на якім плануецца даць ацэнку палітыцы пакаранняў ва ўмовах гібрыднай вайны, паведамляе Delfi.lv.
Пасля наведвання ўсходняй мяжы Латвіі і структурных падраздзяленняў Дзяржаўнай памежнай аховы ў Латгаліі (рэгіён памежны з Беларуссю) прэзідэнт заявіў, што цяперашняя палітыка пакарання занадта мяккая для асоб, якія арганізуюць нелегальную міграцыю.
«Тыя, хто дапамагае, арганізуе нелегальную міграцыю і дапамагае рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, дапамагаюць ворагам. За гэта можна атрымаць 30 сутак, па заканчэнні якіх чалавек добра адпачыў і працягвае займацца тым, чым рабіў раней. Які сэнс патрабаваць ад памежнікаў, Зэмесардзе і нацыянальных узброеных сіл актыўна ахоўваць мяжу, калі ў такіх сітуацыях суды і пракуратура глядзяць на рэчы па-іншаму», — сказаў прэзідэнт Латвіі, дадаўшы, што арыенціры відавочна павінны быць пазначаныя больш жорстка.
Эдгар Рынкевіч падкрэсліў, што ў сувязі з усходняй мяжой неабходна абмеркаваць некалькі пытанняў.
Ён заявіў, што ўсходнюю мяжу можна падзяліць на тры часткі: гэта неўладкаваны ўчастак мяжы, дзе ёсць зараснікі; мяжа з Расіяй, якая пабудавана да 2019 года і адпавядае патрабаванням таго часу, а Расія з'яўляецца вялікім фактарам рызыкі; мяжа з Беларуссю, якая абсталявана так, каб выконваць функцыю — спыніць мігранта, аднак сам па сабе плот не абароніць ад вялікіх правакацый.
Паводле слоў Рынкевіча, аснашчэнне ўсходняй мяжы Латвіі датчыкамі, сістэмамі відэаназірання, а таксама будаўніцтва агароджы з'яўляецца абсалютным прыярытэтам.
Чытайце таксама:
У Латвіі тэрмінова мабілізуюць сілы для аховы мяжы з Беларуссю
У Латвіі выявілі заклікі далучацца да ПВК «Вагнер»
Краіны Балтыі і Польшча абмяркуюць пытанне закрыцця мяжы з Беларуссю ўжо ў гэтым месяцы