Новая рэдакцыя пагаднення Украіны з ЗША аб карысных выкапнях можа быць яшчэ кабальнейшай за папярэднюю
Новы варыянт пагаднення з ЗША аб рэдказямельных карысных выкапнях нашмат больш цяжэйшы для Украіны, чым папярэдняя рэдакцыя. У Вашынгтоне хочуць мець пад сваім кантролем 100% выкапняў. Пра гэта пішуць CNN і ўкраінскае выданне NV, спасылаючыся на ўласныя крыніцы.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Фота: Pool via AP
Адзначаецца, што ЗША хочуць атрымаць ад Украіны «больш, чым яна сама выдаткавала на ўласную абарону». Таму такое пагадненне непрымальнае для прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.
NV піша, што новая версія пагаднення прапануе замацаваць за ЗША 100% уласнасці будучага фонду і размеркаваць унёскі бакоў у фондзе ў суадносінах 2 да 1, дзе ўкраінскі бок уносіць 2/3 будучымі паступленнямі ад здабычы, а амерыканскі бок — траціну, якую ўжо перадала ў выглядзе зброі.
Паводле даных выдання, памер фонду амерыканскі бок прапануе вызначыць на ўзроўні 500 мільярдаў даляраў, а сама здзелка павінна ахопліваць не толькі мінеральныя выкапні, але і газ ды нафту. Пытанне гарантый бяспекі выносіцца за межы такіх дамоўленасцяў.
Паводле крыніцы CNN, украінцы ўсё яшчэ спрабуюць дамагчыся зменаў у пагадненні, паколькі ў цяперашнім выглядзе яно «не прадугледжвае ніякіх абавязацельстваў з боку ЗША, у той час як Украіна павінна аддаць усё».
Напярэдадні выданне Axios, спасылаючыся на ўласныя крыніцы, паведамляла, што Вашынгтон прадставіў «палепшаную» версію пагаднення. Паводле інфармацыі журналістаў, ЗША і Украіна вялі перамовы ўсю ноч на пятніцу 21 лютага.
Чытайце таксама:
Зяленскі пакуль не гатовы падпісаць пагадненне з ЗША аб карысных выкапнях
Дарадца Трампа звязаў яго рэзкія заявы аб Украіне з затрымкай «пагаднення па карысных выкапнях»
Трамп заявіў пра зрыў пагаднення з Украінай па рэдказямельных металах
Умовы прапанаванай эканамічнай дамовы паміж ЗША і Украінай выглядаюць кабальнымі
Як Украіну шантажавалі ў Мюнхене і чаму сарвалася здзелка з ЗША