БЕЛ Ł РУС

Вялікабрытанія і Францыя з Украінай падрыхтуюць план «спынення агню» і пакажуць ЗША

2.03.2025 / 16:37

Nashaniva.com

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер заклікаў «не адыходзіць ад нашай галоўнай мэты».

Кір Стармер. Фота: Carl Court/Pool Photo via AP

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер заявіў, што па выніках размоў напярэдадні ён дамовіўся разам з лідарамі Украіны і Францыі падрыхтаваць план «спынення баявых дзеянняў», які затым прэзентуюць ЗША.

Пра гэта Стармер сказаў у эфіры BBC, паведамляе «Еўрапейская праўда».

Кіраўнік брытанскага ўрада, каментуючы сварку ў Белым доме паміж Уладзімірам Зяленскім і Дональдам Трампам, заявіў, што «такое, відавочна, ніхто не хоча бачыць».

Ён нагадаў, што ўчора сустрэўся з украінскім прэзідэнтам і гаварыў з Трампам і прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам, «і маёй галоўнай мэтай было наладзіць масты, так бы мовіць, і вярнуць нас да галоўнага пытання».

«Мы дамовіліся, што Брытанія разам з Францыяй і, магчыма, адной або дзвюма іншымі краінамі будзе працаваць з Украінай над планам спынення баявых дзеянняў, а затым мы абмяркуем гэты план са Злучанымі Штатамі», — анансаваў Стармер.

Ён заклікаў «не адыходзіць ад нашай галоўнай мэты — устанаўлення працяглага міру ва Украіне».

Украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі датэрмінова пакінуў Белы дом у пятніцу 28 лютага пасля сваркі з Дональдам Трампам і віцэ-прэзідэнтам Джэй Дзі Венсам.

Падчас сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім у суботу Стармер запэўніў, што Брытанія будзе і далей падтрымліваць Украіны «столькі, колькі будзе неабходна», і непахісна і рашуча настроеная на тое, каб дасягнуць устойлівага міру.

Чытайце таксама:

«Трамп і Вэнс хацелі прынізіць Зяленскага. Вось чаму яны зладзілі прамую трансляцыю гэтага відовішча»

Краіны Балтыі незадаволеныя, што іх не запрасілі на саміт па Украіне ў Лондане

Як адрэагавала беларускае грамадства і прапагандысты на сварку Трампа і Зяленскага

Стэнаграма рэзкай размовы Трампа, Вэнса і Зяленскага

Каментары да артыкула