БЕЛ Ł РУС

У Лоеве закрылі паромную пераправу: 130 кіламетраў у аб'езд

17.04.2025 / 16:42

Nashaniva.com

Пра закрыццё паромнай пераправы «Лоеў — Абакумы» праз Дняпро стала вядома 16 красавіка. Гэтая паромная пераправа мае вялікае значэнне для жыхароў «зарэчнай зоны» — на іншым беразе ў адносінах да райцэнтра знаходзяцца такія буйныя вёскі як Абакумы ці Карпаўка, піша «Флагшток»

Фота: tourister.ru

Калі паром не працуе, жыхарам гэтых вёсак даводзіцца рабіць велізарнае кола, каб трапіць у райцэнтр — напрыклад, у бальніцу, дзяржустановы.

З крайняга пункта — Абакумаў — адлегласць да Лоева ў аб'езд складае амаль 130 кіламетраў.

Скрыншот Google Maps

Прычынай цяперашняга закрыцця пераправы стала паломка катара, які абяцаюць хутка паправіць. Але ўвогуле рабіць велізарны круг жыхарам «зарэчнай зоны» даводзіцца кожны год на працягу больш за тры месяцы, калі пераправу закрываюць на зімовы перыяд.

Сёлета пераправа аднавіла функцыянаванне 19 сакавіка, але не прапрацавала і месяца.

Зарэчную тэрыторыю Лоеўшчыны даўно прапануюць перадаць Гомельскаму раёну. Іншы варыянт — пабудаваць каля Лоева мост праз Дняпро, аднак праблема застаецца нявырашанай дзясяткі гадоў.

Паромная пераправа знаходзіцца на балансе прадпрыемства «Гомельаблдарбуд» і была адкрытая ў 2014 годзе.

Чытайце таксама:

Вайскоўцы заўчора навялі пантонны мост у Бешанковічах, а ўчора з яго ўпаў і патануў чалавек

Адкрыццё самага доўгага падвеснога моста Беларусі зноў перанеслі — па незвычайнай прычыне

Пад Гроднам адрамантавалі мост, летась пашкоджаны моцнай залевай

Каментары да артыкула