Зяленскі прапануе Расіі падоўжыць забарону на дальнабойныя ўдары на 30 дзён
Хоць спынення баявых дзеянняў на Вялікдзень не назіралася, не было паветраных трывог.
Фота: Pier Marco Tacca / Getty Images
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прапануе Расіі падоўжыць забарону на дальнабойныя ўдары на 30 дзён.
«На гэтую гадзіну з пачатку сутак расійскае войска больш чым 2 тысячы разоў парушала пуцінскае спыненне агню.
Было ўжо 67 расійскіх штурмаў супраць нашых пазіцый на розных кірунках, і больш за ўсё — на Пакроўскім. 1355 расійскіх абстрэлаў, з іх 713 — цяжкае ўзбраенне, 673 прымяненні расейцамі FPV.
Фактычна на ўсіх асноўных кірунках фронту Расія не стрымала свайго ж абяцанні цішыні. Не хапіла Расіі і амаль усяго дня, каб адказаць на нашу ўкраінскую прапанову поўнай цішыні, пачынаючы зараз, з Вялікадня, і на 30 дзён», — паведаміў Зяленскі па выніках дакладу галоўнакамандуючага УСУ Аляксандра Сырскага.
Але разам з тым не было паветраных трывог. Той фармат цішыні, які дасягнуты, Зяленскі прапануе прадоўжыць.
«Украіна прапануе адмовіцца ад любых удараў дальнабойнымі дронамі і ракетамі па цывільнай інфраструктуры на тэрмін не менш за 30 сутак з магчымасцю падаўжэння.
Калі Расія не пагодзіцца на такі крок, гэта будзе доказам, што яна хоча рабіць і ў далейшым толькі тое, што знішчае жыцці людзей і працягвае вайну», — напісаў Зяленскі.
Дзяржаўны дэпартамент ЗША заявіў, што вітаў бы працяг абвешчанага Расіяй «велікоднага перамір'я».
У суботу прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін абвясціў «велікоднае перамір'е» — яно прадугледжвала спыненне ўсіх баявых дзеянняў ва Украіне з вечара 19 красавіка да паўночы 21 красавіка. Аднак, як паказвае аналіз украінскага маніторынгавага праекта DeepState, баявыя дзеянні не спыніліся.
Чытайце таксама:
Пуцін аб'явіў велікоднае перамір'е
Зяленскі заявіў пра расійскія дроны ва ўкраінскім небе пасля аб'яўлення пуцінскага перамір'я
Зяленскі: Калі поўная цішыня сапраўды запануе, Украіна прапануе прадоўжыць яе