Ментусава расказала, што адчувала пасля таго, як яе фэйкавыя здымкі загрузілі на порнасайт
«Гэта такі акт прыніжэння, таму што жаночае цела належыць дзяржаве».
Некалькі тыдняў таму пралукашэнкаўскія тэлеграм-каналы апублікавалі згенераваныя штучным інтэлектам аголеныя фатаграфіі Марыны Ментусавай. Таксама гэтыя фэйкавыя здымкі з'явіліся на порнасайце. Марына пабачыла навіну пра гэта якраз падчас эфіру ранішняга ютуб-шоу «Обычное утро»
У новым выпуску ТОКу вядучая прыгадала падрабязнасці:
«Мне прыйшло ў тэлеграм паведамленне ад нейкага ананімнага карыстальніка аб тым, што як жа так, Марына, у вас жа дзіця, як вам не сорамна? Ваша фатаграфія на PornHub. Са спасылкай на «Жоўтыя злівы», зразумела».
Марына Ментусава. Фота: яе фэйсбук
На думку Марыны, час для адпраўкі паведамлення быў падабраны адмыслова.
«Паколькі гэта было зроблена проста падчас жывога эфіру, і яны ведалі, што я нікуды не магу падзецца з эфіру, што я павінна буду выседзець яшчэ як мінімум гадзіну там без магчымасці выйсці, я думаю, што гэта было спецыяльна для таго, каб мяне надламаць, паздзекавацца, публічна прынізіць.
Яны ведалі, што гэтае паведамленне прыйдзе проста ў момант, калі мы зачытваем навіны, гэта значыць, я буду бачыць тэлеграм. Таму я думаю, што гэта такое жаданне прысароміць неяк, каб даставіць мне нейкую нязручнасць».
Па словах Ментусавай, з'яўленне такога фэйкавага здымка можа нашкодзіць не толькі ёй, але і блізкім:
«Напрыклад, бабуля наўрад ці зразумее, што такое дыпфэйк. Ёй пакажуць фатаграфію, яна думае: ну ўсё, прастытутка. І нічога ты з гэтым не зробіш. І Бога падвяла, і царкву, і бацьку, і цара».
Марына адзначае, што, нягледзячы на тое, што яна адрэагавала з гумарам, адчуванне ў целе было кепскае.
«Жарты жартамі, але гэта на самой справе лічбавы гвалт. Мы падлеткам расказваем, што гэта і ёсць лічбавы гвалт. Калі выкарыстоўваюць твае фотаздымкі для таго, каб зрабіць дыпфэйк».
Адразу пасля эфіру Марына напісала пра гэты выпадак PornHub, каб яе здымкі прыбралі.
Яна дадае, што выпадак з дыпфэйкам сведчыць пра асаблівыя адносіны да жанчын у публічным полі і палітыцы.
«Ні пра Косцю, майго сувядучага, ні пра іншых палітычных дзеячаў такіх фатаграфій не было зроблена. А пра жанчын… Не я першая, не я апошняя, на жаль. Гэта такі акт прыніжэння. Мяркуючы па рыторыцы дзяржавы, яна думае, што жаночае цела належыць ёй, а не табе. То-бок яна вырашае, дазволіць ці не аборт, вырашае, калі табе нарадзіць ці не нарадзіць».
Ментусава акцэнтуе ўвагу на важнасці аднаўлення жанчынамі кантролю над сваім целам, сваёй годнасцю, жыццём і фотаздымкамі. Гэтаму яна навучае і падлеткаў, таму што шмат дзяўчат сутыкаюцца з падобнымі сітуацыямі.
«Адна справа, я, дарослая цётка, сяджу ў жывым эфіры, магу нешта з гэтым зрабіць, магу даць рады. Я ведаю тэхнікі медытацыі, я магу сабе вярнуць кантроль над сваім целам. Але калі ты падлетак, у цябе ўсё жыццё наперадзе, і табе падаецца, што любая інфармацыя ў інтэрнэце цябе знішчыць. Вось гэта катастрофа. Так могуць проста знішчыць чалавека».
Чытайце таксама:
Марына Ментусава расказала, каго лічыць сэкс-сімвалам Беларусі
Прапагандысты згенеравалі голыя здымкі Ментусавай і загрузілі на порнасайт