У гродзенскай сінагозе знеслі частку сцен — хочуць вярнуць гістарычны выгляд
У вялікай харальнай сінагозе ў Гродне знеслі ўнутраную перагародку паміж вестыбюлем і малельнай залай. На змены ўнутры папулярнага турыстычнага аб’екта звярнулі ўвагу гродзенцы ў фэйсбук-групе «Гродно», заўважыла Hrodna.life.
У гродзенскай сінагозе знеслі ўнутраную перагародку. Фота: Іна Крайнёва, Facebook-група «Гродно
Аркі заклалі цэглай у два пласты і замазалі тынкоўкай у савецкія гады — так з’явіліся пустыя ўсярэдзіне перагародкі. Уваходная група сінагогі была замураваная амаль 70 гадоў.
Прыбраўшы перагародкі, гэтую частку сінагогі вярнулі да аўтэнтычнага знешняга выгляду — менавіта такім ён быў у арыгінале, пасля апошняй перабудовы будынка ў 1902−1905 гады.
Унутраная перагародка паміж вестыбюлем і малельнай залай. Фота 2019 года. Крыніца: «Яндэкс-карты»
Знесеная вясной 2025 года перагародка. Фота: Іна Крайнёва, фэйсбук-група «Гродно»
У пасляваенны час у будынку сінагогі размяшчаліся склады. Пазней, з 1960-х па 1991 год, тут працавалі мастацкія майстэрні. Увесь гэты час будынак паступова разбураўся. Выратаваць сінагогу ўдалося дзякуючы даху і ацяпленню — яны забяспечвалі сухасць памяшканняў.
У 1991 годзе сінагогу вярнулі яўрэйскай абшчыне. Па ўспамінах кіраўніка гродзенскай іўдзейскай абшчыны Барыса Квяткоўскага, пасля перадачы сінагогі будынак быў у жудасным стане.
«Шэсць грузавікоў аднаго толькі смецця вывезлі. Мазаічную падлогу вялікай залы так і не знайшлі. Цяжка было глядзець на гэта ўсё, але мы справіліся і праз гады ў сінагогу прыемна зайсці», — успамінаў Квяткоўскі.
Сінагога ў 90-х гадах ХХ стагоддзя
Пасля перадачы сінагогі першая дапамога на рэстаўрацыю прыйшла з Аўстраліі. Гарвыканкам выдзеліў вялікую суму на дакументацыю і абследаванне.
Былы вязень гродзенскага гета Фелікс Зандман на рэстаўрацыю пералічыў $10 тысяч. Таксама дапамаглі многія гродзенскія прадпрыемствы: у 2010-х у рэстаўрацыю сінагогі актыўна ўключылася група кампаній «ЗОВ».
Чытайце таксама:
Адну з найвялікшых сінагог Беларусі прадаюць у Кобрыне
Гродзенец стварыў дакладную копію Фарнага касцёла ў мініяцюры і друкуе фігуркі на 3D-прынтары
Запусцілі платформу для віртуальных падарожжаў па страчанай архітэктуры