Упаў на Зямлю савецкі касмічны апарат, які перад тым 53 гады кружляў вакол яе
Расійская дзяржкарпарацыя «Раскосмас» і астраномы з касмічнай праграмы ЕС SST (Space Surveillance and Tracking) 10 мая пацвердзілі падзенне на зямлю савецкага апарата «Космас-482». Перад тым ён 53 гады лётаў вакол Зямлі.
Касмічны апарат «Космас-482». Экспанат у музеі АТ «НВА Лавачкіна». Фота: Wikimedia Commons
У 1972 годзе апарат адправілі даследаваць атмасферу Венеры, але місія правалілася.
З-за няспраўнасці разгоннага блока апарат не перайшоў на міжпланетную траекторыю і застаўся на высокай эліптычнай арбіце Зямлі. Пасля назіральнікі з Зямлі выявілі аддзяленне ад станцыі фрагмента, які, верагодна, і быў апаратам для спуску. Цяпер менавіта гэты элемент зваліўся ў акіян, а асноўная частка «Космасу-482» сышла з арбіты яшчэ ў 1981 годзе.
За сыходжаннем касмічнага апарата з Зямлі цяпер пільна назіралі навукоўцы, у тым ліку з дапамогай сродкаў аўтаматызаваных сістэм папярэджання аб небяспечных сітуацыях у калязямной касмічнай прасторы.
Апоўдні «Раскосмас» даў справаздачу, што ў адпаведнасці з разлікамі спецыялістаў Цэнтральнага навукова-даследчага інстытута машынабудавання, які ўваходзіць у склад «Раскосмаса», апарат увайшоў у шчыльныя слаі атмасферы ў 9:24 (па маскоўскім часе) у 560 км на захад ад вострава Сярэдні Андаман і ўпаў у Індыйскі акіян на захад ад сталіцы Інданезіі Джакарты.
Пазней гэтую інфармацыю пацвердзілі еўрапейскія спецыялісты з SST, якія апублікавалі траекторыю падзення касмічнага апарата.
Нягледзячы на тое, што разлікі навукоўцаў першапачаткова паказвалі нізкую статыстычную верагоднасць сутыкнення з Зямлёй у населеных раёнах, у гэтым пытанні да апошняга заставалася некаторая нявызначанасць з-за «некантраляванай прыроды» касмічнага аб'екта.
Чытайце таксама:
Памёр аўтар першага твора мастацтва, размешчанага на Месяцы
Amazon пачала выводзіць на арбіту інтэрнэт-спадарожнікі — канкурэнты Starlink
Гламурны космас. Джэф Безас адпраўляе сёння ў космас сваю нявесту і яшчэ пяць жанчын
Дублёрка Васілеўскай марыць правесці першую хірургічную аперацыю ў космасе