БЕЛ Ł РУС

Пуцін заявіў пра амаль двухразовы рост колькасці ахвотных адправіцца на вайну ва Украіну

13.05.2025 / 16:57

Nashaniva.com

Уладзімір Пуцін на сустрэчы з членамі арганізацыі «Дзелавая Расія» заявіў, што штомесяц ваяваць ва Украіну адпраўляюцца 50-60 тысяч расіян. Раней штомесячны набор расійскага войска складаў больш за 30 тысяч чалавек, вынікала з заявы Пуціна ў снежні, адзначае «Агентство».

Уладзімір Пуцін. Фота: AP

«Я хачу звярнуць увагу вось на што: калі кіеўскія ўлады займаюцца прымусовай мабілізацыяй, людзей як сабак вылоўліваюць на вуліцы, то ў нас-то хлопцы ідуць добраахвотна, самі ідуць. Там ну 30 тысяч яны цяпер вылоўліваюць. А ў нас па 50-60 тысяч у месяц самі прыходзяць. З вашых працоўных калектываў у тым ліку», — сказаў Пуцін.

Названыя ім лічбы істотна перавышаюць ацэнкі набору навабранцаў, якія расійскія ўлады давалі раней. У снежні 2024 года Пуцін казаў, што штодня кантракты прыходзяць заключаць больш за тысячу чалавек. Такім чынам, паводле яго слоў, кантракты заключалі больш за 30 тысяч чалавек у месяц.

Намеснік старшыні Рады бяспекі Расіі Дзмітрый Мядзведзеў у студзені гэтага года сцвярджаў, што за 2024 год кантракты з Міністэрствам абароны заключылі 450 тысяч чалавек, яшчэ 40 тысяч паехалі на фронт добраахвотнікамі. З гэтых даных вынікае, што кожны месяц заключалі кантракты каля 41 тысячы навабранцаў. Пры гэтым, як і Пуцін, Мядзведзеў дадаў, што штодня кантракты заключалі больш за тысячу чалавек.

Пры гэтым, паводле звестак Мінабароны Вялікабрытаніі, у красавіку 2025 года расійская армія страціла ва Украіне звыш 36 тысяч вайскоўцаў параненымі і забітымі (у сярэднім 1209 чалавек у дзень). У пачатку года, па ацэнцы брытанскага вайсковага ведамства, гэты паказчык быў яшчэ вышэйшы — у студзені Расія страціла больш за 48 тысяч параненымі і забітымі (1556 чалавек у дзень).

Расійскае Мінабароны звесткі пра свае страты ва Украіне не раскрывае.

Чытайце таксама:

Аліментшчык і рабочы з адміністратыўкай за п'янства. Стала вядома яшчэ пра двух беларусаў, якія ваююць за «рускі свет»

За Расію ва Украіне ваююць тысячы наймітаў з як мінімум паўсотні краін свету. Хто яны?

ISW: У Пуціна засталося рэсурсаў на 12-16 месяцаў вайны

Каментары да артыкула