БЕЛ Ł РУС

Людзі ў шоку ад таго, колькі каштуе восем дзён плыць па рэках Палесся на цеплаходзе «Белая Русь»

20.05.2025 / 9:0

Nashaniva.com

Нягледзячы на шалёную цану на тур, у канцы мая засталася свабоднай усяго адна каюта.

Фота тут і далей: infoflot.com

У тыктоку абмяркоўваюць, што ў Мазыры ўжо бачылі цеплаход «Белая Русь». Летась цэны на водныя туры на ім пачыналіся ад 580 даляраў за восем дзён адпачынку для аднаго чалавека. Шмат хто абураўся ў каментарыях: маўляў, дзе б мець такія заробкі за восем дзён.

@olga_mozyr Круизный теплоход «Белая Русь» #мозырь #теплоход #круиз #белаярусь ♬ На теплоходе музыка играет - Алёна Апина

«Белая Русь» — першы і адзіны круізны цеплаход у Беларусі. Ён быў пабудаваны ў 2016 годзе на суднабудаўнічым заводзе ў Пінску. Прызначаны для круізаў па рэках Палесся, уключаючы Дняпроўска-Бугскі канал, Мухавец, Піну і Прыпяць.

Даўжыня судна 50 метраў, шырыня 7 метраў. Тут ёсць 16 кают розных катэгорый — ад эканом да люкс. Дарэчы, люксы названы ў гонар Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Каюта люкс

Ёсць некалькі варыянтаў маршруту па рэках Палесся. Напрыклад, 24 мая цеплаход плыве па маршруце Брэст — Дубае — Пінск — Стахава — Качановічы — Пінск — Кобрын — Брэст.

І вось на гэты тур засталася свабоднай усяго аднаго каюта — люкс. Яна абыдзецца прыкладна ў 4160 даляраў. Гэта цана для двух турыстаў — калі ты хочаш вандраваць самастойна, усё роўна прыйдзецца заплаціць столькі ж за аднамеснае размяшчэнне.

Скрыншот сайта kruiz.online

У кошт уваходзіць чатырохразовае харчаванне па сістэме «ўсё ўключана» (сняданак, абед, піццё гарбаты днём і вячэра) і алкагольныя напоі (не толькі айчынныя, але і замежныя). Таксама не трэба даплачваць за экскурсіі на маршруце. Вай-фай тэарэтычна ёсць, але шчыра папярэджваюць, што працуе ён як дзе.

На турыстычных сайтах абяцаюць: «Вечары — гэта літаратурныя сустрэчы, дзе вы ўлюбіцеся ў фальклор розных краін свету».

Самыя танныя месцы на беларускі круіз пакуль засталіся на сярэдзіну кастрычніка. Там яшчэ можна забраніраваць эканом-каюту за 1490 даляраў на дваіх.

Каюта эканом

Імаверна, разлічаны тур у першую чаргу на расіян. Бо круізы на «Белай Русі» актыўна прадаюць расійскія сайты — грамадзянам Беларусі там прапаноўваюць зніжкі 5% (у гэтым тэксце ўсе цэны пазначаны ўжо з улікам яе). Патэнцыйных турыстаў з суседняй краіны нават супакойваюць: «Увесь персанал рускамоўны».

У журналіста «Нашай Нівы» ўсё ж атрымалася знайсці круіз на канец мая на цеплаходзе «Белая Русь» у адной з беларускіх турфірм. Там пацвердзілі: засталася адна люксавая каюта, якая каштуе 13 730 рублёў на дваіх. Не мае значэння, адпачываеце вы адзін або з кімсьці — заплаціць давядзецца ўсю суму цалкам.

Чытайце таксама:

Здаецца, дзяўчына знайшла самае інстаграмнае месца для адпачынку ў Беларусі. Але кошт глэмпінгу не для слабанервовых

Пяць люксавых гатэляў Беларусі, якія знаходзяцца ў невялікіх гарадах. Вы дакладна пра іх не ведалі

Блогеры пажылі ва ўсіх палацах і замках Беларусі і склалі свой рэйтынг з цэнамі

У сялянскай хаце або ў замку. Дзе ў Беларусі можна пажыць у гістарычным будынку і колькі гэта каштуе?

Каментары да артыкула