«У Егіпет з дзецьмі даражэй з’ездзіць». Брэсцкая блогерка вырашыла павялічыць грудзі, пакуль чакае мужа з калоніі
Блогерка з Брэста распавяла, колькі каштуе аперацыя па павелічэнні грудзей у яе горадзе.
Вольга Краўчук. Фота з яе сацсетак
Вольга Краўчук кажа, што зарабляе на сваіх блогах у інстаграме і тыктоку. У інстаграме на яе падпісана больш за 51 тысячу чалавек, у тыктоку — каля 28 тысяч. Жанчына спрабавала паўдзельнічаць у праўладным шоў «Фабрыка блогераў», але не прайшла кастынг.
Значная частка кантэнту Вольгі прысвечана мужу, якога яна чакае з калоніі. Таму прысудзілі тры з паловай гады зняволення. Дэталі крымінальнай справы блогерка не хоча агучваць падпісчыкам. Найхутчэй, ён сядзіць за атрыманне хабару.
Чакаючы мужа, Вольга вырашыла зрабіць аперацыю, каб павялічыць грудзі. Яна распявала, што марыла пра гэта шмат гадоў, але была ўпэўнена, што аперацыя каштуе касмічных грошай. Але цяпер кажа: калі б ведала рэальныя цэны ў Беларусі, даўно б ужо зрабіла.
Вольга самастойна набывала эрганамічныя імпланты — яны абышліся прыкладна ў 4550 рублёў (дарэчы, гарантыя на іх дзесяць гадоў). Таксама спатрэбіўся спецыяльны топ, які неабходна насіць пасля аперацыі. Ён каштаваў каля 325 рублёў.
Сама аперацыя ў прыватным медыцынскім цэнтры ў Брэсце каштавала 4388 рублёў. Але Вольга папярэджвае, што гэта таму, што запісвалася яна яшчэ летась. Сёлета кошт ужо падрос да 6300 рублёў.
Па падліках блогеркі, у выніку новыя грудзі абышліся ёй у 9616 рублёў — ці 3163 даляры. Яна жартуе, што на адпачынак з дзвюма дочкамі ў Егіпце патраціла больш.
— Я думала, што грудзі — гэта вельмі дорага, кшталту 10 тысяч даляраў. Але калі даведалася, якія ў Беларусі цэны, ашалела, як даступна. Таму, хто з другіх краін, прыязджайце да нас рабіць.
Каб усё падрабязна распавесці падпісчыкам, Вольга старанна здымала відэа — нават калі ёй ужо пачалі даваць наркоз.
Пасля аперацыі блогерцы трэба было правесці пад наглядам дактароў ноч. Вольга распавядае, што першы час было адчуванне, быццам грудзі поўныя камянёў. А на другі дзень было настолькі балюча, што блогерка шкадавала, што вырашыла легчы пад нож хірурга.
Спаць выключна на спіне аказалася складана. Плюс высветлілася, што няпроста рабіць нават самыя элементарныя рэчы — такія, як націснуць кнопку змыву на ўнітазе ці адчыніць дзверы ў пад'езд.
Але на пяты дзень Вольга пачала адчуваць сябе нашмат лепш і ўжо цалкам усім задаволена.
Чытайце таксама:
Беларуска стварыла інстаграм-рэаліці. Паспяхова ідзе ўжо пяты сезон
Маладая маці з Магілёва паказала, як бясплатна выносіць дарагую касметыку з крам
Мінскай блогерцы не хапае на першы ўзнос за машыну. Яна прадае любімыя стрынгі за тысячу еўра
Беларускай блогерцы адмовіліся прадаваць рэмень «Луі Вітон». Яна абураная