БЕЛ Ł РУС

Ціханоўская: Кожны год, 21 мая, сэрца сціскаецца ад болю

21.05.2025 / 8:19

Nashaniva.com

Дэмакратычная лідарка Беларусі звярнулася да беларусаў з нагоды Дня салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Роўна чатыры гады таму стала вядома пра смерць у шклоўскай калоніі Вітольда Ашурка.

Фота: SOPA Images LightRocket via Getty Images

«Кожны год, 21 мая, сэрца сціскаецца ад болю. Гэта Дзень салідарнасці з палітвязнямі. Палітвязні былі ў Беларусі заўсёды. Але тое, што адбываецца цяпер, — гэта маштабная трагедыя. Сёння за кратамі больш за тысячу чалавек — журналісты і настаўнікі, медыкі і інжынеры, студэнты і пенсіянеры. Аб'ядноўвае іх толькі адно — яны не згодныя жыць у хлусні і гвалце», — кажа Святлана Ціханоўская.

Яна зазначае, што важна памятаць, што нават ва ўмовах татальнага кантролю і ціску мы не бездапаможныя.

Ціханоўская заклікае:

Пішыце лісты палітвязням. Нават некалькі цёплых словаў ад незнаёмага чалавека могуць сагрэць душу і падарыць надзею. 

Падтрымайце знаёмых, чые сваякі за кратамі. Прынясіце прадукты сталым бацькам зняволеных. Пагаварыце з сябрамі, якія сумуюць па сваіх партнёрах. Дайце адчуць, што яны не адны.

Калі вы знаходзіцеся за мяжой — выкарыстайце магчымасць, каб нагадаць людзям пра сітуацыю ў Беларусі. Рабіце гэта асцярожна, каб не прыцягваць увагу рэжыму да канкрэтных асобаў за кратамі. Удзельнічайце ў акцыях салідарнасці, рабіце пасты анлайн і падтрымлівайце ініцыятывы.

«Кожны крок — важны, кожнае пісьмо можа стаць чыёйсьці надзеяй. Няхай нашая салідарнасць працягвае расці і пашырацца. Няхай ніводзін палітвязень не застанецца самотным. Свабоду палітвязням!» — рэзюмуе дэмакратычная лідарка.

Чытайце таксама:

У Вільні і Варшаве прайшлі акцыі да Дня салідарнасці з палітвязнямі

Памёр палітвязень Валянцін Штэрмер. «Ледзь хадзіў пасля інсульту — а яго кінулі ў ШІЗА»

Каментары да артыкула