БЕЛ Ł РУС

Трамп правёў скандальную сустрэчу з прэзідэнтам ПАР. Яна нагадвала прыём у Белым доме Зяленскага

21.05.2025 / 21:15

Nashaniva.com

21 мая прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прыняў у Белым доме прэзідэнта Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Сірыла Рамафосу. Многім каментатарам танальнасць, з якой сустрэчу праводзіў Трамп, нагадала тую, з якой ён гаварыў з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім падчас ягонага няўдалага візіту ў Белы дом 28 лютага, піша Бі-бі-сі.

Сірыл Рамафоса і Дональд Трамп у Белым доме. Фота: AP Photo/Evan Vucci

Спачатку сустрэча праходзіла ў прыязнай атмасферы — два прэзідэнты абмяркоўвалі гольф, а Рамафоса нават падарыў Трампу вялікую кнігу пра палі для гольфу ў ПАР. Таксама ён падзякаваў ЗША за дапамогу падчас пандэміі каранавірусу.

Аднак хутка тон сустрэчы змяніўся. Да размовы далучыўся Ілан Маск, дарадца Трампа і ўраджэнец ПАР. Галоўнай яе тэмай пасля таго стаў нібыта пераслед белага насельніцтва ў Паўднёвай Афрыцы. Трамп паказаў відэа і фота, якія, паводле яго слоў, сведчаць пра гвалт і забойствы белых фермераў. Ён назваў убачанае «жахлівым» і выказаў занепакоенасць сітуацыяй.

Сустрэча адбылася на фоне напружаных адносін паміж ЗША і ПАР. Амерыканскі бок нядаўна даў статус уцекачоў 59 белым грамадзянам ПАР, што выклікала крытыку з боку гэтай краіны.

Улады ПАР катэгарычна адмаўляюць усе абвінавачанні ў генацыдзе. Ніводзін суд ці палітычная сіла ў ПАР не пацвердзілі падобныя сцвярджэнні. Сам Рамафоса заявіў, што ў краіне няма ні генацыду, ні палітыкі нянавісці ці помсты.

Рамафоса прыехаў у Вашынгтон з мэтай аднавіць добрыя адносіны і заключыць выгадныя гандлёвыя пагадненні. Аднак яму давялося сутыкнуцца з жорсткай і нечаканай пазіцыяй амерыканскага лідара, што стала сапраўдным выпрабаваннем для паўднёваафрыканскага прэзідэнта.

Трамп таксама выказаў незадавальненне з нагоды закона аб экспрапрыяцыі, прынятага ў ПАР, які дазваляе ўладам забіраць нявыкарыстаную зямлю без кампенсацыі, калі ёсць грамадская неабходнасць. Рамафоса тлумачыў, што закон накіраваны на справядлівае пераразмеркаванне зямлі, і ніхто не страчвае яе без прычыны.

Згадалі падчас гэтай размовы і ўкраінскае пытанне, паміж Трампам і Рамафосам адбыўся такі дыялог:

Рамафоса: Мы хацелі б бачыць канец гэтай вайны, вядома. Мы цалкам падтрымліваем вас.

Трамп: Я патэлефанаваў Зяленскаму, а мне сказалі: «Ён у Паўднёвай Афрыцы». Я спытаў: «Што ён, чорт бяры, робіць у Паўднёвай Афрыцы?»

Рамафоса: Ён размаўляў са мной.

Трамп (смяецца): Што ён, чорт бяры, робіць у Паўднёвай Афрыцы?

Рамафоса (смяецца): Прыйшоў час для міру.

Прэзідэнт ПАР таксама расказаў Трампу, што нібыта ўгаворваў прэзідэнта Украіны пайсці на перамовы з расіянамі без якіх-небудзь папярэдніх умоў.

Падчас гэтай сустрэчы Трамп таксама жорстка абышоўся з рэпарцёрам тэлеканала NBC, які задаў яму пытанне пра раскошны самалёт, нядаўна падораны прэзідэнту ЗША уладамі Катара.

Трамп заявіў, што самалёт перададзены на баланс амерыканскіх Узброеных сіл. Ён абвінаваціў тэлеканал у распаўсюдзе фэйкаў, назваў журналіста «недастаткова разумным жахлівым рэпарцёрам» і прапанаваў яму «правальваць».

Чытайце таксама:

Алі Хаменеі папярэдзіў ЗША і заявіў, што Іран не адмовіцца ад узбагачэння ўрану

«Застой Байдэна душыў Украіну». Што ЗША робяць інакш пры Трампе і чаму ў Кіеве з'явілася надзея

Трамп абвясціў пра стварэнне новай супрацьракетнай абароны ЗША «Залаты купал», якая павінна стаць найлепшай у свеце

Рубіа: Трамп не пайшоў ні на якія саступкі Пуціну

Еўрапейскія лідары былі агаломшаныя вынікамі размовы Пуціна і Трампа — Axios

Каментары да артыкула