Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў
Хлопцу з Гомеля было 24 гады. Адразу пасля вызвалення ён прапаў. Спачатку казалі, што паехаў у манастыр, але ўрэшце Вітухноўскі знайшоўся на фронце — на баку акупантаў. Цяпер сябры Аляксандра паведамілі «Нашай Ніве» пра яго смерць.
Аляксандр Вітухноўскі. Фота з ягонай старонкі Укантакце
Аляксандру Вітухноўскаму было 24 гады. Ён з Гомеля, вучыўся там жа — у Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту.
У сацыяльных сетках Вітухноўскі зусім нічога не пісаў пра палітыку. Ён публікаваў там выразкі з анімэ, фільмаў і гульняў, цытаты і мемы.
А вось члены яго сям'і актыўна дэманстравалі сваю палітычную пазіцыю. На старонцы ў маці — праваслаўныя іконы і згенераваныя ролікі, на якіх кагосьці віншуе Пуцін. У бацькі — відэа кшталту «Сербія падтрымала Расію». У брата — вялікі чырвона-зялёны сцяг і розныя прарасійскія падпіскі.
Аднак нават пры такіх сямейных уводных Вітухноўскі ў Беларусі трапіў у палітвязні.
Хлопца арыштавалі ў пачатку 2023 года. У кастрычніку 2023 яго асудзілі па двух артыкулах — «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК) і «ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК). Прысуд невядомы, але, па інфармацыі праваабаронцаў, ён усё ж трапіў у калонію — як мінімум на некалькі месяцаў.
Аляксандр Вітухноўскі ва ўніверсітэце. Фота: bsut.by
Вітухноўскі выйшаў на свабоду ўвесну 2024 года. Праз месяц яго абвесцілі ў міліцэйскі вышук. Пра яго напісалі і пошукавыя атрады, паведаміўшы пра праблемы са здароўем у хлопца. У каментарах людзі паведамлялі, што бацькі ведаюць, дзе Аляксандр і што ён «паехаў у манастыр».
Каментар пад допісам пра пошук Аляксандра Вітухноўскага
Манастыр аказаўся спецыфічны. Старонкі Вітухноўскага ў сацсетках не абнаўляліся да 24 лістапада 2024. Тады ён выклаў размытае фота расійскага вайскоўца. Тое, што вайсковец менавіта расійскі, відаць па форме.
Фота, якое выклаў Аляксандр Вітухноўскі
Нядаўна ўкраінскі праект «Хачу жыць» выклаў спіс з больш за 700 беларусаў, якія ваююць супраць Украіны. У пераліку імёнаў ёсць і Аляксандр Вітухноўскі — паведамляецца, што ён падпісаў кантракт з расійскай арміяй 14 чэрвеня 2024 года.
Апошні раз гамяльчук быў анлайн 26 лістапада 2024 года.
У базе смерцяў грамадзян Беларусі, даступнай «Кіберпартызанам», Вітухноўскі яшчэ пазначаны жывым. Аднак там указваюцца звесткі па стане на канец 2024 года.
Як стала вядома «Нашай Ніве», Аляксандр Вітухноўскі загінуў у пачатку 2025 года. Гэтай інфармацыяй падзяліліся сябры былога палітвязня.
{DONATE_PAYPAL}
Чытайце таксама:
Памёр палітвязень Валянцін Штэрмер. «Ледзь хадзіў пасля інсульту — а яго кінулі ў ШІЗА»
Памерла 45-гадовая экс-палітзняволеная Тамара Каравай. Летась яе вызвалілі па памілаванні