БЕЛ Ł РУС

«Белпол»: Пашпарты прыкрыцця маюць тысячы асобаў. Не ўсе гэтыя агенты распрацоўваюць апазіцыю, у іх могуць быць і іншыя задачы

28.05.2025 / 12:56

Nashaniva.com

Прадстаўнік аб’яднання «Белпол» Уладзімір Жыгар у каментары «Белсату» патлумачыў, для чаго могуць выдавацца пашпарты прыкрыцця. І ў колькіх людзей такі дакумент можа быць.

Апошнім часам звесткі пра наяўнасць у той ці іншай асобы пашпарту прыкрыцця неаднаразова з’яўляліся ў медыях. Гэта, і супрацоўнік КДБ Аляксей Лабееў, які меў пашпарт прыкрыцця на імя Аляксей Гардзееў, які ўдзельнічаў у правакацыі з удзелам прапагандыста Грыгорыя Азаронка і датычны да знікнення спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай.

Гэта і муж журналісткі незалежных медыяў Вольгі Сямашкі Фёдар Гарбачоў з пашпартам на імя Віктара Макавеева. І варшаўскі фатограф Іван Мішчук з дакументам Івана Мішына, які здымаў акцыі дэмакратычных сілаў, палітыкаў і журналістаў.

Як адзначыў прадстаўнік аб’яднання «Белпол» Уладзімір Жыгар, пашпарт прыкрыцця — гэта легендзіраваны дакумент, які выдаецца або робіцца ў рамках закону аб аператыўна-вышуковай дзейнасці органамі, надзеленымі права весці такую дзейнасць.

«Ён выдаецца як простым людзям [не кадравым супрацоўнікам сілавых структур — НН], так і супрацоўнікам пад выкананне пэўных аператыўных задач», — адзначыў Жыгар.

Фармальна такі пашпарт нельга выкарыстоўваць за мяжой. Дый асобы, у дачыненні якіх ён зроблены, не маюць яго на сталай аснове або могуць нават у вочы не бачыць. Ён робіцца пад пэўную задачу і потым захоўваецца органам, які яго выдаў.

«Іншая справа, калі гэта штатны супрацоўнік ГРУ, і тады ён можа выехаць па ім за мяжу і вярнуцца назад. Такія прыклады ёсць», — адзначыў прадстаўнік «Белпол».

Паводле яго, не ўсе, каму выдавалі пашпарт прыкрыцця, распрацоўваюць дэмакратычную апазіцыю, але і такое бывае.

Жыгар падкрэсліў, што ў «Белпол» ёсць база ўсіх пашпартоў прыкрыцця — «гэта тысячы людзей, якія жылі, жывуць у Беларусі». Але, дадаў ён, для публікацыі гэтых звестак патрэбныя рэсурсы і час.

Тым жа журналістам, актывістам і палітыкам, якія не ўпэўненыя ў асобах, з якімі кантактуюць, суразмоўца параіў звяртацца ў «Белпол» для іх правярання.

Чытайце таксама:

Фатограф-агент з двума пашпартамі здымае беларусаў і іх мерапрыемствы ў Варшаве

Муж Сямашкі быў не адзіным, хто атрымаў пашпарт прыкрыцця 13 лютага 2018 года

Журналіст пацвердзіў, што пашпарт прыкрыцця мужа Сямашкі дагэтуль сапраўдны. І ўзяў яго пад кантроль на сайце МУС

«Кіберпартызаны»: У мужа журналісткі Вольгі Сямашкі сапраўды два пашпарты на розныя імёны

Каментары да артыкула