Фатограф-агент з двума пашпартамі здымае беларусаў і іх мерапрыемствы ў Варшаве
Іван Мішчук актыўна здымае падзеі экспатаў, бізнэс-форумы, палітычныя сходы. Ахвотна робіць фотасесіі «экстрэмістам», і сам уехаў у Польшчу па гуманітарнай візе. Вось толькі ёсць нюанс: гэты сын адстаўніка з Кобрына ў лютым 2021-га атрымаў беларускі пашпарт прыкрыцця на імя Івана Мішына.

Калі мы асвятлялі правакацыю з удзелам «стартапера» з Баранавіч Аляксея Бурбіцкага, нашу ўвагу звярнуў таксама фатограф.
Галоўнай мэтай Бурбіцкага, нагадаем, было знаёмства з ананімнымі распрацоўшчыкамі і маркетолагамі платформы Svae, распрацаванай камандай Паўла Лібера.
Бурбіцкі запрасіў іх на прэзентацыю свайго неіснуючага стартапа ў Варшаве. Ніхто з цікавых яму людзей на сустрэчу не прыйшоў, у пустой зале былі толькі сам Бурбіцкі і нейкі фатограф.
Чытайце таксама: Што за 17-гадовы стартапер, які выліў цэбар хлусні на Лібера на радасць беларускім спецслужбам
«Наша Ніва» пачала пошук гэтага фатографа, каб даведацца, хто ж павінен быў адздымаць «экстрэмістаў».
Мы пакуль не ідэнтыфікавалі менавіта яго, але ў працэсе пошуку мы выйшлі на іншага, не менш цікавага персанажа ў Варшаве, які спецыялізуецца на здымках «экстрэмістаў», бізнэс-форумаў і іншых масавых мерапрыемстваў, на якія ходзяць пераважна ўцекачы з Беларусі і Украіны.
Гэтая знаходка важная: яна пралівае святло на тое, якімі метадамі лукашэнкаўскія спецслужбы збіраюць інфармацыю за мяжой, як легалізуюць сваіх агентаў і чым цікавяцца.
Разведчык з ПТВ
На 42-гадовага Івана Мішчука мы выйшлі пры кансультатыўнай дапамозе «Байпола» і з выкарыстаннем баз «Белпола».
Мішчук нарадзіўся 1982.08.09 у расійскім Уладзівастоку [па тэхнічнай памылцы ў першапачатковым варыянце было ўказана, што Мішчуку 38 год. Не, ён нарадзіўся 9 жніўня 1982-га. Рэд]. Дзяцінства правёў у вайсковым гарадку Кобрына, дзе яго бацька, авіятар Валерый Мішчук, атрымаў кватэру.
Мішчук-старэйшы — ураджэнец Прыморскага краю Расіі. Яшчэ пры Савецкім Саюзе ён па службе трапіў у Кобрын і застаўся жыць у Беларусі. У далейшым атрымаў беларускі пашпарт.
У 2007 годзе ягоны сын Іван скончыў кобрынскае ПТВ і пайшоў працаваць па рабочай спецыяльнасці на фабрыку цацак «Палессе». У 2010-м змяніў працадаўцу і яшчэ чатыры гады адпрацаваў у кампаніі па вырабе стужак «Флексапак-Пол», у тым жа 2010-м адкрыў ІП з відам дзейнасці «Іншая дзейнасць, звязаная з вылічальнай тэхнікай», якое адпрацавала пяць гадоў.
Чым Іван займаўся далей — незразумела, працоўных запісаў у даступных нам базах няма. Але прыкладна з 2014 года ў яго з'явілася хобі — фатаграфія.
Іван Мішчук не вельмі часта, але здымаў вяселлі. За 10 гадоў у ягоным партфоліа УКантакце можна налічыць з тузін адзнятых аматарскіх фотасесій і любоўных відэагісторый.
Прыкладна ў 2015-м Іван пачаў прэзентаваць сябе як фатографа.
Новая старонка ягонага жыцця пачалася 5 лютага 2021 года, калі, у дадатак да асноўнага пашпарта на імя Івана Валер'евіча Мішчука, вясельны фатограф атрымаў ад спецслужбаў дакумент аператыўнага прыкрыцця на імя Івана Валер'евіча Мішына.

Пашпарт аператыўнага прыкрыцця можа выдаць адна з беларускіх спецслужбаў для выканання канкрэтнай аператыўнай задачы. Такі пашпарт аператыўнага прыкрыцця меў, напрыклад, разведчык Аляксей Лабееў (ён жа — Аляксей Гардзееў) — каханак Анжалікі Мельнікавай, а таксама муж журналісткі Вольгі Сямашкі — супрацоўнік «Варгеймінга» і адначасова афіцэр беларускай выведкі Фёдар Гарбачоў (ён жа — Віктар Макавееў).
Чытайце таксама:
Каханак Анжалікі Мельнікавай — агент беларускіх спецслужбаў з пашпартам прыкрыцця
Фёдар Віктаравіч і «Віктар Фёдаравіч». Супрацоўнік «Варгеймінга» мае пашпарт прыкрыцця. Яго жонка Вольга Сямашка — вядомая журналістка
Муж Сямашкі быў не адзіным, хто атрымаў пашпарт прыкрыцця 13 лютага 2018 года
Неіснуючае альтэр-эга Мішчука, дарэчы, прапісана ў Кобрыне па адным адрасе з яшчэ адной неіснуючай асобай — Сяргеем Ільічом Чыжом (сапраўднае прозвішча гэтай птушкі — Сяргей Ільіч Сыч).

Радыёаматар Сяргей Сыч атрымаў дакумент прыкрыцця ў адзін дзень з фатографам Іванам Мішчуком. Іх залегендаваныя асобы «пражываюць» у Кобрыне ў інтэрнаце па вуліцы Настасіча, 16.
Першы заезд у Польшчу
Пра задачы гэтага фатографа можна зрабіць некаторыя высновы, аналізуючы ягоную актыўнасць. Мішчук пакінуў шмат слядоў у інтэрнэце, і ягоную траекторыю можна адсачыць падрабязна.
Так, хутка пасля атрымання дакументаў прыкрыцця Мішчук дэсантаваўся ў Польшчу і з чыстай старонкі пачаў весці свае сацыяльныя сеткі.

Пачынаючы з кастрычніка 2021, Мішчук са свайго тэлеграм-акаўнта @IvanPhoto пачынае актыўнічаць у публічных чатах беларускай дыяспары.
Першае паведамленне, якое ён піша 15 кастрычніка 2021: «Добры вечар))) Я фатограф са шматгадовым досведам, шукаю працу. Сам прыехаў з Брэста. Буду рады знаёмству з вамі!!! На гэты момант я тут вучуся і мне вельмі патрэбна праца па фатаграфіі».
Другое паведамленне, якое ён напісаў 22 кастрычніка 2021, адразу цэліць, куды трэба. Мішчук прапанаваў Яўгену Бураму, кіраўніку Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой, свае паслугі рэпартажнага фатографа на бізнэс-форуме ABBA ў Варшаве.

У выніку на форум Мішчук трапіў як фатограф. Ганарару за здымку ён не прасіў.

«Я не паглыбляўся ў падрабязнасці дыялогаў на сцэне, мне была цікавая сама здымка. Пляцоўкі было тры, і таму ў зале я не заўсёды знаходзіўся. Але, па высновах некаторых людзей, што былі там, ім была карысная тая інфармацыя)», — апісаў свае ўражанні Мішчук.
Удзел у форуме стаў для Мішчука пунктам уваходу ў колы дэмакратычных актывістаў, дзеячоў і палітыкаў. Ён з многімі пазнаёміўся, прапаноўваючы свае паслугі як рэпартажнага і індывідуальнага фатографа.
Фотасесію аўтарства Мішчука восенню 2022-га публікавала ў сваім інстаграме Аліна Коўшык — тады член Аб'яднанага пераходнага кабінета, а цяпер кіраўніца «Белсата». Ёй фотасесію фатограф-сексот зрабіў бясплатна.
Пра тое, што ў 2022-м яе здымаў агент, Аліна Коўшык даведалася ад «Нашай Нівы».

З прадстаўніцы «Кіберпартызан» Юліяны Шаметавец за аналагічныя паслугі Мішчук узяў грошы.
«Адзін раз яго наняла для прафесійных фотаздымкаў асабістых, пасля рэкамендацыі на адным мерапрыемстве дэмсілаў, дзе ён здымаў. Параіў яго Яраслаў Кот», — сказала «Нашай Ніве» Шаметавец.
Яраслаў Кот — гэта былы выкладчык юрфака БДУ і былы дарадца Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (ABBA), са здымак падзей якой і пачаўся працоўны шлях Мішчука-Мішына.
У наступным Мішчук неаднаразова здымаў мерапрыемствы, арганізаваныя ABBA.
Таксама сексот актыўна здымаў — і працягвае здымаць — рускамоўныя квізы ў Польшчы і мерапрыемствы украінскай і беларускай дыяспары. У ягоны аб'ектыў неаднаразова траплялі дэмакратычныя актывісты, якія наведваюць такія падзеі, а таксама іх сябры, якія ездзяць у Беларусь.
Мішчук-Мішын — асноўны фатограф варшаўскіх квізаў для экспатаў з Беларусі і Украіны. У гэтым жа жанры працуе і ягоная жонка Юлія Мішчук, якая выступае як фатограф і мадэль
Сексот становіцца палітычным уцекачом
Адкрытая работа з апазіцыяй, публічныя паведамленні і фотаздымкі не перашкаджалі Мішчуку ездзіць у Беларусь. Новы, 2022 год ён сустракаў у Кобрыне, выехаўшы з Варшавы 20 снежня і вярнуўшыся 9 студзеня.
На якой падставе Мішчук-Мішын атрымаў сваю першую візу, мы не ведаем. Але другую візу спрабаваў атрымаць, паступіўшы ў адну з гэтак званых паліцэяльных школ у Варшаве (па-нашаму — у хабзу).
Восенню 2022-га Іван удакладняў у карыстальнікаў профільных міграцыйных чатаў пра спосабы змахлярыць, каб пралезці ў Польшчу па скончанай візе і не маючы фармальных падстаў для знаходжання: ні вучобы, ні працы.

У Польшчу ён усё ж трапіў.
У снежні 2022-га Мішчук пісаў у мігранцкіх чатах, што «тыдзень таму пераехаў у Варшаву».

Пасля другога заезду ён павялічыў сваю актыўнасць у чатах дыяспары.
Як герой фільма Гайдая, Мішчук-Мішын быў гатовы і на пясочны кар'ер, і на цэментны завод. Прагулка сем'ямі — Я! Трэба перанесці рэчы? — Я! Праблема з тэхнікай? — Я! Трэба дадатковы гулец у каманду беларусаў на «Мазгабойні»? — Я!

Другі раз Мішчук прыехаў у Польшчу ўжо па гуманітарнай візе.
«Падкажыце, пры падачы ўнёску і дакументаў на ВНЖ ці трэба пазначаць страхоўку? Падаёмся на падставе гуманітарнай візы. Рэч у тым, што мая жонка не працуе цяпер нідзе! Ці неабходна самім рабіць страхоўку?» — кансультаваўся ён у чатах у верасні 2023-га. Гуманітарная віза выдавалася на год, значыць, за некалькі месяцаў да яе заканчэння Мішчук-Мішын меў думаць аб працягу легалізацыі. Тады дата атрымання візы якраз супадае з другім прыездам Мішчука ў Варшаву.
Што стала падставай для выдачы гуманітарнай візы, мы не ведаем. Польскія дзяржаўныя органы не разгалошваюць такой інфармацыі.
Але Мішчук ніколі не меў «палітычных» адміністратывак ці крыміналак. Няма ніякіх сведчанняў, што ён хоць як удзельнічаў у падзеях 2020-га.
Абмежаванне доступу без абмежавання магчымасцяў
Як высветліла «Наша Ніва», як і ў выпадку з мужам Вольгі Сямашкі, сексот Іван Мішчук прыцягнуў увагу «контрразведчыкаў» «Байпола» яшчэ прынамсі ў другой палове 2023-га. Вось толькі, як і выпадку Фёдара Гарбачова-Макавеева, даведалася пра гэта вельмі вузкае кола людзей.
Тады «Байпол» у асобе Аляксандра Азарава, які таксама трапіў на здымкі Мішчука, папярэдзіў аб наяўнасці дакументаў прыкрыцця ў Мішчука-Мішына «Кіберпартызанаў», Яўгена Бурага, а таксама Офіс Ціханоўскай.
«АВВА пачала праводзіць больш дасканалую верыфікацыю [партнёраў] пасля пачатку вайны ва Украіне. Калі ў нас з’явілася магчымасць праз нашых партнёраў правяраць людзей, у тым ліку па фота, гэты чалавек быў правераны. Было выяўлена і пацверджана партнёрамі, што ён мае два пашпарты. Гэтая інфармацыя адразу была афіцыйна перададзеная намі ў адпаведныя структуры Польшчы. Таксама нам вядома, што гэтая інфармацыя была перададзеная Аляксандрам Азаравым у выглядзе дакладной запіскі ў Офіс Святланы Ціханоўскай. Пасля таго, як нам стала вядома пра два пашпарты, мы не звярталіся да паслуг гэтага чалавека і больш з ім не супрацоўнічалі», — патлумачыў «Нашай Ніве» Яўген Буры.
Буры патлумачыў таксама, што ўсе ўдзельнікі адкрытых мерапрыемстваў АВВА папярэджваліся, што на івэнтах будзе адбывацца фатаграфаванне, і давалі згоду на гэта. На непублічных мерапрыемствах ABBA, кажа Буры, Мішчука не было.
«Я з ім працавала адзін раз і пару гадзін. Асабліва нічога не пытаўся, пра сябе таксама не расказваў. Здымаў бясплатна», — расказала «Нашай Ніве» Аліна Коўшык.
«Адзін раз наняла яго для асабістых прафесійных фотаздымкаў, пасля рэкамендацыі на адным мерапрыемствы дэмсілаў, дзе ён здымаў. Пасля здымак мне сказалі, што ён, магчыма, мае нейкія сувязі з рэжымам, таму мы з калегам прааналізавалі гэтую сітуацыю: што казаў, куды хадзілі здымацца, якую спасылку на фота скінуў — нічога «такога» не знайшлі. Больш расказваў пра сябе і як яго любяць кліенты», — сказала «Нашай Ніве» прадстаўніца «Кіберпартызан» Юліяна Шаметавец.
Такое «абмежаванае выкрыццё» агента — але без апублічвання таго, што ў яго існуе другі пашпарт, — хоць і закрыла фатографу дарогу ў некаторыя колы, не мела рэальных практычных наступстваў. Іван Мішчук-Мішын дагэтуль знаходзіцца ў Польшчы і здымае экспатаў на пару са сваёй жонкай Юліяй, актыўна знаёміцца з мігрантамі ў чатах. Магчыма, яшчэ і жыве ў статусе абароненага палітычнага ўцекача.
Так, Мішчук фатаграфаваў Дзень Волі — 2023 у Варшаве.
«Ён насамрэч шмат наздымаў, а потым разаслаў лінк на загрузку фота многім актывістам, якіх ведаў асабіста, каб яны сярод масіва фота шукалі сябе», — сказаў «Нашай Ніве» адзін з атрымальнікаў такога ліста.

Рэдакцыя «Нашай Нівы» ў працэсе падрыхтоўкі матэрыялу пацікавілася ў Івана Мішчука, што ён здымае.
«Часта здымаю на мерапрыемствах рознага роду: івэнты забаўляльнага ці бізнэс-характару. Працую па Варшаве і на выезд па Польшчы. У асноўным працую з рускамоўнымі», — адказаў нам Мішчук.
Пасля гэтага мы адправілі яму пытанні аб абставінах з'яўлення ягонага альтэр-эга: для выканання якога задання ён атрымліваў пашпарт прыкрыцця, ці паведамляў польскім спецслужбам аб факце сваёй вярбоўкі, якую інфармацыю паведамляў у Беларусь, чым матываваў патрэбу ў гуманітарнай польскай візе.
Вытрымаўшы паўзу, Мішчук адказаў фразай «У вас памылковая інфармацыя», пасля чаго перастаў адказваць на паведамленні.
Пашпарт прыкрыцця, выдадзены на імя Івана Мішына, пры праверцы на сайце беларускага МУС 24 мая 2025 адлюстроўваўся як «актыўны». Адпаведна — аператыўнае заданне Мішчука працягваецца.
Калі вам важна тое, што робіць «Наша Ніва», падтрымайце нас праз Патрэон, праз Пэйпол, або перадаўшы Рэдакцыі іх любым іншым зручным для вас спосабам, праз тых рэдактараў і журналістаў «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце асабіста. А яшчэ — падказвайце нам, на што звярнуць увагу, і перадавайце інфармацыю знутры Беларусі праз тэлеграм @nn_editor або на мэйл [email protected]. Або тым з рэдактараў і журналістаў «НН», якіх ведаеце асабіста.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Карацей, пытанняў да ўладальнікаў інфы аб прысутнасці саксота болей, чым да самога саксота. З ім і так ясна, што гэтаму альтруісту за бясплатныя фотасесіі плаціла гэбня.
P.s. Арганізатары, хто яго наймаў - таксама папярэджвайце сваіх наведнікаў, што за апаратам быў пацук. Мо каго з бэкграўндам 2020, 2022 выратуеце ад паездкі ў Беларусь у лапы рэжыму.
P.р.s. Тэма сур'ёзная, але не магу не запытацца: фінскага пашпарта на імя Віле Хаапасала ў гэтага малароса Мішчука з Зялёнага Кліна выпадкова не знайшлі?) Вельмі падобны.