БЕЛ Ł РУС

«Было зразумела, што і сюды дабяруцца». Ці будуць беларускія бізнэсмены выдаляць свае профілі з «Баймапкі»?

30.05.2025 / 19:51

Nashaniva.com

Следчы камітэт (СК) Беларусі заявіў, што ўстанавіў асобы больш за 1000 карыстальнікаў платформы «Новая Беларусь», і выставіў фігурантам абвінавачванні. Высветлілася, што гаворка пра праекты, якія былі зарэгістраваныя на «Баймапцы» — карце беларускага бізнэсу за мяжой. Прадпрымальнікі рэгістраваліся там як у каталогу, каб заявіць пра сябе і прыцягнуць патэнцыйных кліентаў-суайчыннікаў. Выданне Most пагутарыла з беларусамі, якія размяшчалі інфармацыю пра свае бізнэсы на платформе, і даведалася, што яны плануюць цяпер рабіць.

Так выглядае карта беларускага бізнэсу за мяжой на сэрвісе «Баймапка»

Фармальна «Баймапка» з'яўляецца іншай платформай. «Любы бізнэс, да якога прыйшлі, можа смела пацвердзіць, што нічога не парушае і не мае нічога агульнага з дадаткам «Новая Беларусь»/SVAE», — напісаў кіраўнік «Новай Беларусі» Павел Лібер.

Тым не менш тым, хто перажывае за сваю бяспеку, ён прапанаваў выдаліць свой бізнэс — на сайце «Баймапкі» ёсць для гэтага асабісты кабінет. Але прадстаўнікі бізнэсаў, з якімі звязаўся Most, паставіліся да такой ідэі стрымана.

«Эмацыйнай рэакцыі на падобныя злівы ўжо нуль»

Ганна (імя зменена) вядзе невялікі бізнэс па вырабе аксесуараў у Беластоку. Яна лічыць, што па польскім нумары тэлефона або працоўным профілі ў інстаграме беларускія сілавікі не змогуць яе ідэнтыфікаваць.

«Я ў Беларусь вяртацца не збіраюся, таму ніякую інфармацыю выдаляць з карты не буду. Гэтая навіна мяне ніяк не тычыцца. І яна кагосьці здзіўляе? Было зразумела, што рана ці позна яны і сюды дабяруцца.

Эмацыйнай рэакцыі на падобныя злівы ўжо нуль. Шчыра кажучы, я не бачыла эфектыўнасці сэрвісу. Таму не думаю, што там ёсць нейкая звышстатыстыка, здольная ў негатыўным ключы паўплываць на бізнэсменаў, якія размяшчалі там інфармацыю.

Беларусы, якія заказваюць у мяне вырабы, не ездзяць на радзіму. Мы з імі ў адной лодцы. Таму папярэджваць іх, што мой бізнэс, верагодна, дзесьці мог засвяціцца, няма сэнсу».

«Наш страх будзе толькі граць ім на руку»

Ян і Арцём развівалі ў Грузіі праект Liberty Drive — аўташколу, якая кансультавала па атрыманні правоў кіроўцы ў гэтай краіне і рыхтавала да здачы экзамену. Цяпер маладыя людзі ў Польшчы, а праект працуе толькі анлайн.

Ян кажа, што спачатку не было разумення, як рэкламаваць бізнэс, і партнёры зарэгістравалі яго на «Баймапцы». А цяпер ужо больш увагі патэнцыйных кліентаў прыцягваюць сацсеткі праекта.

Тым не менш, у выдаленні ўліковага запісу ён сэнсу не бачыць.

«Усё, што яны хацелі, яны ўжо скапіявалі сабе. А гэта будзе толькі патураць іх хацелкам. Наш страх будзе толькі граць ім на руку. Будуць сядзець і радавацца, што гэта запалохванне працуе».

Уладальнікі бізнесу разважаюць толькі пра тое, ці варта папярэджваць кліентаў, што яны рэгістравалі кампанію на «Баймапцы».

«Няхай кадэбэшнікі заходзяць да нас»

Аляксей развівае турыстычны бізнэс у Гданьску. Інфармацыя пра яго кампанію таксама ёсць на «Баймапцы». Але нядаўняя навіна беларуса не ўразіла.

«Ніякай пагрозы няма. Асабіста я не маю ніякіх стасункаў з Беларуссю, так што няхай яны робяць што захочуць. Не зусім разумею, што яны маюць на ўвазе, калі кажуць, што ўстанавілі карыстальнікаў, — там жа на мапцы і так ёсць уся інфармацыя, нават узломваць яе не трэба.

Лічу, што асноўная мэта навіны ад СК — запужаць і дэматываваць беларусаў, якія жывуць за мяжой. Гэта частка гульні беларускай дзяржавы, калі яна вядзе кампанію і з пашпартамі, і з правамі кіроўцы, каб зрабіць горш тым, хто выступіў супраць Лукашэнкі.

Я рэгістраваўся на «Баймапцы» нават не з-за кліентаў, а каб паказаць, што беларусы могуць самі існаваць за мяжой і рабіць цікавыя рэчы. Гэта як факт таго, што людзі могуць жыць без дапамогі дзяржавы — і ўсё ў іх добра атрымліваецца. Такі пасыл для тых, хто хацеў вярнуць беларусаў дадому, каб пасля пасадзіць іх у турму. Таму мой профіль застанецца там і надалей. Няхай кадэбэшнікі заходзяць да нас».

«Як быццам прымаеш у сябе вечны паток лайна»

У Варшаве Уладзімір развівае бізнэс, звязаны з нерухомасцю. Пра заяву СК ён раней не чуў — навіну даведаўся ад журналісткі Most.

«Я такім не цікаўлюся. Я жыву ў Польшчы і звяртаць увагу на Беларусь наогул не хачу. У Беларусі ўвесь час нешта ды здараецца. Сочыш за такімі навінамі — і як быццам прымаеш у сябе вечны паток лайна. А мне тры гады як расхацелася гэта рабіць.

Мне складана пракаментаваць тое, што здарылася. Шчыра кажучы, я наогул нічога не думаю з гэтай нагоды».

Чытайце таксама:

Што ўяўляе сабой база даных, якую сілавікі называюць «узломам «Новай Беларусі»

Павел Лібер пракаментаваў заяву пра ідэнтыфікацыю сілавікамі 1000 карыстальнікаў дадатку «Новая Беларусь»

СК пахваліўся, што ідэнтыфікаваў больш за 1000 карыстальнікаў праграмы «Новая Беларусь»

Каментары да артыкула